spot_img

Падлеткі сустрэліся з героямі кніг Уладзіміра Сітухі

Дата:

УРОКІ — НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ

Кажуць, што няма нічога бліжэй за заўтрашні дзень і далей — за мінулы, які ўжо ніколі не вернецца.  І  ў мяне іншым разам бывае настальгія па колішніх часах і тадышніх школьных мерапрыемствах, калі нас выхоўвалі і вучылі не толькі бацькі і настаўнікі, але і людзі-суседзі ды нашы дастойныя землякі, справы якіх былі для нас прыкладам. Пры ўсёй іх занятасці дарослыя не шкадавалі часу,  каб прыйсці на пазашкольнае мерапрыемства, падзяліцца сваім жыццёвым і прафесійным вопытам, даць нам, тагачасным старшакласнікам, разумны наказ ці параду. Можа таму нас і не палохала будучыня, што мы ведалі пра “сто дарог, якія рассцілаліся перад намі”, і былі ўпэўнены, што на адной з іх – калі пастараемся —  абавязкова дасягнем сваёй мэты і знойдзем сваё месца пад сонцам. Надзея на добры заўтрашні дзень надавала ўзнёсласці і ўпэўненасці нашым учынкам!..

Нашы землякі – арганізатары і ўдзельнікі літаратурна-музычнай сустрэчы – у СШ №2 г. Драгічына
Нашы землякі – арганізатары і ўдзельнікі літаратурна-музычнай сустрэчы – у СШ №2 г. Драгічына

Пазней, у сваім сталым узросце, мне вельмі хацелася, каб і ў маіх дзяцей, цяперашніх старшакласнікаў, недзе між клопатамі пра кантрольныя зрэзы і тэставыя заданні, між зносінамі ў інтэрнет-прасторы з віртуальнымі сябрамі,— былі  шчырыя, аптымістычныя, павучальныя сустрэчы з рэальнымі людзьмі,  словы якіх бы краналі, а справы—захаплялі. І гэта збылося.

На зыходзе восені ў актавай зале СШ №2 г.Драгічына прайшло мерапрыемства, якое стала адной з самых запа- мінальных і яркіх падзей сучаснага школьнага жыцця.  На сустрэчу з прадстаўнікамі навучальных устаноў раёна — педагогамі і старшакласнікамі – прыехалі дастойныя прадстаўнікі нашай мясцовасці – героі кніг “Землякі” і “Стваральнікі”, аўтарам якіх з’яўляецца ўра- джэнец вёскі Гутава Уладзімір Сітуха.

ПЕРАДГІСТОРЫЯ

Зрэшты, менавіта адтуль, з Гутава, усё і пачалося. У свой час з гэтай вёскі выйшаў вядомы беларускі паэт Мікола (Мікалай Мікалаевіч) Федзюковіч, пад апякунствам якога выпроствалі крылы для творчага палёту многія тутэйшыя аматары мастацкага слова. У іх ліку быў і  яго малодшы аднавясковец Валодзя Сітуха.

На жаль, Мікола Федзюковіч не дажыў да сённяшняга дня, але памяць аб ім застаецца. Вясной гэтага года яго ўдзячны сябра, старшыня абласнога прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага літаратурнага фонду Уладзімір Мікалаевіч Сітуха разам з настаўнікамі  роднай Гутаўскай школы арганізавалі  літаратурнае мерапрыемства, прысвечанае светлай памяці  земляка-паэта  Міколы Федзюковіча. Там, пад час размоў з педагогамі, і ўзнікла ідэя зрабіць такія сустрэчы больш масавымі. Пазней гэта  ініцыятыва знайшла падтрымку  ў выдавецкім доме “Звязда”, у абласным Саюзе пісьменнікаў і на ўзроўні мясцовай улады. А ўвасобіць задуму ў жыццё і правесці маштабнае свята дапамагла выкладчыца беларускай мовы і літаратуры СШ №2 г.Драгічына , таленавіты і творчы чалавек Таццяна Аляксандраўна Наумчык, яе калегі і вучні. І сустрэча стала сапраўдным гімнам любові да роднага слова і бацькоўскай зямлі, да людзей-землякоў  і абранай прафесіі…

ГЕРОІ НАШАГА ЧАСУ

Пачалося мерапрыемства з вершаваных радкоў Уладзіміра Сітухі, якія добра перадавалі настрой усіх прысутных:

“Да драбніц на Зямлі ўсё разлічана.

Мы дамоў прыбаўляем хады.

Хараство і дзівосы Драгічына

Ў палон узялі назаўжды…

Тут падгоены яркім мурогам

Пазнаю землякоў я здалёк… 

Ад уросшага ў сэрца парога 

Сам сабой прыбаўляецца крок”

На гэтым самым прыстанку, які завецца роднаю старонкаю і да якога заўжды хочацца вяртацца, у той суботні дзень і сабраліся нашы вядомыя землякі, сярод якіх – прадстаўнікі ўлады, гаспадарнікі і вытворцы, літаратары і дзеячы культуры. Для кожнага з іх – і для тых, хто прыехаў, і для тых,у каго па нейкай прычыне не атрымалася наведаць родны куточак, у кнізе Сітухі знаходзіцца добрае слова.

“Час на сэрцы загойвае раны,

Не адзіны рубец ужо знік.

Вельмі рана пайшоў у партызаны

Хлопчык Вася з мястэчка Галік…

— такое прысвячэнне ён адрасаваў самаму старэйшаму ўдзельніку сустрэчы, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны В.А.Літвінчуку. Сам жа Васіль Андрыянавіч расказаў прысутным пра сваё нялёгкае дзяцінства і пра тое, як пазней пісаў сваю дакументальную кнігу “Там, за Днепрабугам”, у якой узгадваецца больш за 2000 імёнаў патрыётаў…

Добрую славу сваімі працоўнымі поспехамі заслужыў сельгаскааператыў “Імянінскі”, які ўзначальвае ўраджэнец вёскі Малінаўка У.А. Сухарэвіч. Але ж у кнізе “Землякі” адзначаны не толькі працоўныя дасягненні, але і  і іншыя заслугі Уладзіміра Аляксандравіча:

“Ходзіць слава такая ў народзе

(чуў ад многіх пра гэта я сам):

Быў рабочым, прарабам Валодзя, 

Калі дружна ўзводзілі храм.”

Пры непасрэднай падтрымцы старшыні сельгаскааператыва на тэрыторыі СВК “Імянінскі” закладзены сквер у гонар 2000-годдзя хрышчэння Русі і пабудаваны дзве новыя царквы: Богаяўленская – на цэнтральнай сядзібе, і Свята-Троіцкая—у вёсцы Зёлава. Ладзяцца ў гэтых намоленых мясцінах і іншыя справы: не вельмі даўно У.А.Сухарэвіч абараніў сваю навуковую работу і атрымаў званне кандыдата сельскагаспадарчых навук, а сёлета сельгаскааператыў  пад яго кіраўніцтвам трапіў у лік пераможцаў рээспубліканскіх “Дажынак”.

Калі ж у Сухарэвіча запыталі пра сакрэт яго поспеху, ён зазначыў, што яшчэ ў школе, пачынаючы класа з сёмага, вырашыў, што стане аграномам. І з цягам часу ён усё больш пераконваецца, што “ёсць адзіны шлях да поспеху – палюбіць сваю прафесію і справу, якой займаешся. Бо да чаго  ляжыць душа – да таго і рукі прыложацца”.

З асоб, якія істотна паўплывалі на яго жыццёвы выбар, Уладзімір Аляксандравіч адзначыў свайго аднавяскоўца Мікалая Анатольевіча Крывецкага. “На той час ён толькі што скончыў дзесяцігодку і ўзначаліў нашу Малінаўскую брыгаду, і мае бацькі, гледзячы на яго сялянскую гаспадарлівасць, спраўнасць і ўвішнасць, неаднойчы мяне настаўлялі: “Бяры з яго прыклад,” – зазначыў У.А. Сухарэвіч.

“Жыта сеяў шчэ са жмені

Ды так хораша спяваў…

Ён пад песні ўсе ступені,

Кажуць людзі, перабраў…”— 

гэты ўрывак з кнігі “Землякі” прысвечаны  М.А Крывецкаму, які працаваў на розных сельскагаспадарчых, а пазней – і дзяржаўных пасадах, быў намеснікам старшыні аблвыканкама, узначальваў свабодную эканамічную зону ў Брэсце. Аднак на сустрэчы са школьнікамі Мікалай Анатольевіч акцэнтаваў увагу на іншым: на тым,  што няма найвышэйшага абавязку, чым памагчы кожнаму, хто мае ў тым патрэбу. Хаця  некаторыя, як заўважыў прамоўца, імкнучыся вы-біцца ў людзі, настолькі выбіваюцца з сілы, што ім ужо не хапае сілы, каб застацца чалавекам. Таму прысутным школьнікам ён даў наказ не забываць пра свой галоўны выбар: на ўсякай жыццёвай дарозе заставацца добрымі, спагад- лівымі людзьмі.

Гісторыю пра тое, як бацька –вясковы селянін – падахвоціў да вучобы, расказаў сваім юным слухачам былы пракурор раёна, аўтар некалькіх самабытных кніг А. І. Дзенісейка. Іх сям’я жыла ў Вульцы Антопальскай, і да пэўнага ўзросту асаблівай ахвоты да вучобы, па ўласнаму прызнанню Анатоля Іванавіча, ён не праяўляў. “ Не хочаш вучыцца – ідзі працаваць”, – сказаў яму бацька, і на лета ўладкаваў сына на бліжэйшы цагельны завод. “А я нашу тую цэглу, напрыканцы дня ледзьве ногі перастаўляючы ад стомы, і зайздрошчу трактарысту, які сядзіць і ўпраўляе тэхнікай. Так вось і прыйшло ўсведамленне, што  трэба больш сур’ёзна брацца за навуку”, – падсумаваў Анатоль Іванавіч.

А вось пра тое, як ён стараўся збегчы ад свайго таленту, школьнікам распавёў тутэйшы мастак П.С.Мыслівец. Нягледзячы на схільнасць да малявання, першапачаткова Пётр пайшоў вучыцца на трактарыста, працаваў на цаліне, потым вярнуўся ў родныя мясціны і ўладкаваўся вадзіцелем у ветлячэбніцы. Але паўсюль, дзе ён ні ездзіў, меў пры сабе блакнот, у якім занатоўваў упадабаныя пейзажы. Урэшце рэшт творчасць узяла верх над яго сумненнямі, і ў сваім далейшым жыцці Пётр Сцяпанавіч паспеў намаляваць больш за 4000 карцін. Апошнім часам, па прызнанню мастака, кожны свой юбілей ён адзначае не шырокім застоллем, а выставай новых работ, адна з якіх і зараз праходзіць ў гарадскім Доме культуры.

На сустрэчы прысутнічалі  і выступілі нашы землякі-літаратары: старшыня абласнога Саюза пісьменнікаў, рэдактар іванаўскай райгазеты “Чырвоная звязда” Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч,   паэт, стваральнік літаратурнага альманаха “Гоман” Мікалай Мікалаевіч Трафімчук, аўтар некалькіх твораў, прысвечаных беларускім касманаўтам, журналіст і пісьменнік Мікалай Васільевіч Панасюк.

Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з заслужаным дзеячам культуры, мастаком-эмальерам , лаўрэатам прэміі Прэзідэнта РБ “За духоўнае адраджэнне”, ураджэнцам Вулькі Антопальскай Мікалаем Пятро- вічам Кузмічом, якому наканавана было аднавіць страчаную святыню – крыж Еўфрасінні Полацкай, паслухаць заслужанага дзеяча мастацтваў, дырэктара Брэсцкага Акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола, дырэктара і арганізатара Міжнароднага фестывалю “Белая вежа” Аляксандра Аляксандравіча Казака, які родам з Цыбак.  А вось Пётр Мікалаевіч Масальскі, які нара- дзіўся і вырас у Хомску, цяпер узначальвае аб’яднанне “Брэстаблсельбуд”, калектыў якога мае дачыненне да будаўніцтва Дома культуры ў райцэнтры,  школы ў Бездзежы і многіх іншых аб’ектаў.

Шчырымі апладысментамі прысутныя віталі і свайго земляка А.С.Стэльмаха, якому ў вершах Сітухі даецца наступная характарыстыка:

“На ўсё Гошава славуты

Быў сваёю дабрынёй, 

І цяпер парой пакуты 

Ён здымаць умее ёй…”

У свой час Антон Сцяпанавіч працаваў на Драгічыншчыне, узначальваў наш раён, цяпер ён — кіраўнік справамі аблвыканкама. І пры гэтым ён застаецца такім жа  добразычлівым, спагадлівым і даступным для землякоў чалавекам…

На рахунку гэтых людзей – нямала добрых спраў. Найвысакароднейшая з іх — адказнасць за будучыню грамадства,  вартасці якога вызначаюцца не толькі колькасцю матэрыяльных набыткаў, але і духоўнасцю грамадзян. Дзеля гэтага нашы паважаныя землякі знайшлі час  прыехаць, пазнаёміцца,  пагаварыць са сваімі юнымі нашчадкамі, настроіць іх на пазітыўныя, душэўныя адносіны да іншых, на стваральныя справы.  І для многіх прысутных старшакласнікаў  гэта вечарына спрыяла не толькі далучэнню да літаратурнай спадчыны, роднай мовы і нацыянальных каштоўнасцей, але і пераасэнсаванню маральных прыярытэтаў і жыццёвых арыенціраў. Сустрэча ў школе дала маладым падставы ганарыцца, што яны родам – з Драгічыншчыны, адкуль выйшла нямала знакамітасцей …

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Арганізатары мерапрыемства ў сваю чаргу паабяцалі , што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі.  “У Лунінецкім раёне ёсць “Лунінская восень”, а ў нас хай будзе “Драгічынская вясна”, —зазначыў У.М.Сітуха.  І гэтая навіна – як цёплы астравок надзеі напярэдадні халоднай зімы…

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Лукашенко в Баку прибыл на Всемирный саммит по борьбе с изменением климата

Президент Беларуси Александр Лукашенко прибыл в Баку на Всемирный...

Соцопрос: абсолютное большинство белорусов доверяют Президенту Республики Беларусь

Абсолютное большинство белорусов доверяют Президенту Республики Беларусь. Такие данные...

Беларусь официально стала партнером БРИКС

Президент Беларуси Александр Лукашенко 5 ноября подписал письмо в...

“Приятно видеть на сцене и земляков, и звезд эстрады”. Чем запомнился концерт “Время выбрало нас” в Пинске

Масштабный концерт "Время выбрало нас" стал ярким и запоминающимся...