З настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Наталляй Паўлаўнай Клімчук мы пазнаёміліся на конкурсе ўстаноў адукацыі. Прэзентацыя Зарэчкаўскай школы, якую прадстаўляла Наталля Паўлаўна, уяўляла сабой аўтарскі вершаваны аповед на беларускай мове.Беларуская мова для Наталлі па-сапраўднаму родная. Яна нават думае па-беларуску, бо ў доме сваіх бацькоў, якія родам з Івацэвіцкага раёна, чула пераважна беларускую гутарку. Праўда, для больш дасканалага авалодання тонкасцямі літаратурнай мовы перад паступленнем на філалагічны факультэт будучая студэнтка практыкавала дыялогі па-беларуску са сваімі настаўнікамі.Пасля інстытута — праца ў школе. Спачатку — педагогам-арганізатарам. А гэта работа, якая патрабуе ініцыятывы і творчага падыходу. Кожны тыдзень — мерапрыемствы, абавязковым атрыбутам якіх былі аўтарскія знаходкі: загадкі, вершы, прыпеўкі.Потым — выкладанне беларускай мовы і фальклорны гурток, заняткі ў якім не толькі дапамаглі дзецям наблізіцца да вытокаў беларускай культуры, але яшчэ больш зблізілі, здружылі настаўніцу з дзецьмі. А калі ў адносінах з вучнямі бывалі праблемы (асабліва ў перыяд класнага кіраўніцтва няўрымслівага 11 класа), дапамагалі парады мужа.Сяргей Сцяпанавіч, вадзіцель шырокага профілю, сваю здольнасць адчуваць нават нязначныя агрэхі ў рабоце аўтамабіля пераносіць і ў паўсядзённае жыццё: у тонкасцях міжасабовых адносін разбіраецца не горш, чым у тэх-ніцы. Ён, спакойны і разважлівы, унікае ў праблемы сваёй гаварлівай жонкі і, падумаўшы крыху, дае лаканічную і, як паказваюць далейшыя па-дзеі, мудрую параду. І ўвогуле, што б ні здарылася, кепскае ці добрае, муж заўседы побач: падкажа, раздзеліць радасць, падтрымае. Так было і так будзе. У гэтым Наталля ўпэўнілася яшчэ ў юнацкія гады, у самы рамантычны перыяд іх узаемаадносін.Наталля, як і ўсе эмацыянальныя творчыя людзі, вельмі любіла танцаваць. Аднойчы ў клубе, калі маладая пара танчыла польку, хтосьці з жартаўнікоў падставіў ім падножку. Далейшае Наталля запомніла да доляў секунды. Яны падаюць, нібы на запаволенай кінастужцы – усё ніжэй і ніжэй… І вось, калі спіна дзяўчыны амаль кранулася падлогі, Сяргей, правай рукой моцна трымаючы Наталлю, далонню левай – – з сілай ад-штурхоўваецца ад падлогі. У выніку, яны прыгожым бумерангам вяртаюцца у вертыкальнае становішча і … працягваюць весела кружыцца ў танцы.Пасля гэтага выпадку адчуванне ўпэўненнасці ў сваім выбранніку і яго надзейнасці ніколі не пакідала Наталлю. Менавіта, надзейнасць спадарожніка жыцця, на думку Наталлі Паўлаўны, галоўная рыса, неабходная для пабудовы шчаслівай сям’і. А будаваць сям’ю — гэта не толькі пабудаваць дом, галоўнае – пабудаваць такія ўзаемаадносіны, каб процілеглыя рысы характару мужа і жонкі сталі не “яблыкам раздору”, а гарманічнымі паловамі аднаго цэлага. Каб такая гармонія адносін стала асноўнай духоўнай базай для выхавання двух сыноў. Сыны, старэйшы, Дзмітрый, і малодшы, Аляксандр, нібы скапіравалі характары бацькоў. Аляксандр, жвавы, энергічны – у маму. Дзмітрый, спакойны, разважлівы – у бацьку. Абодвух аб’ядноўвае адно: на іх можна палажыцца: калі трэба, і жывёлу накормяць, і печ вытапяць, і згатуюць што нескладанае.А калі і дома лад, і на рабоце, хіба гэта не шчасце? Калі ведаеш, што цябе чакаюць – вучні, калегі, муж, сыны. Чакаюць новых ідэй, парады, строгага ці ласкавага слова, чулых адносін.“Наша зорачка” – так сказала пра Наталлю Паўлаўну яе калега. Чаму зорачка? Відаць, не толькі таму, што без яе творчага натхнення цяжка ўявіць школьныя мерапрыемствы, але найбольш таму, што свеціць людзям спагадай, дабрынёй, адкрытасцю. “Я — даверлівы чалавек, — гаворыць пра сябе Наталля Паўлаўна. — Ведаю, што ў наш час так нельга, але інакш не магу. І пачуцці скрываць не ўмею, ды і не хачу. Упраўляюся, бывае, па гаспадарцы і напяваю. Печку таплю, раптам кідаю ўсё і бягу за алоўкам, бо ўжо думкі-пачуцці ў радкі складаюцца. Не запішаш адразу – потым забудзеш. Спаць кладуся, а побач на тумбачцы абавязкова аловак ды аркуш паперы”. З апошняга ў Наталлі Паўлаўны — пра матулю. Баліць сэрца, што з-за пастаяннай занятасці не хапае часу наведвацца часцей.
Матулечка, галубка, выбачай!
Вялікай крыўды на мяне не май.
Ты ж разумееш: гаспадарка, дзеці,
Экскурсіі, паходы, навуковы
падыход на педсавеце.
Я б для цябе, здаецца, усё зрабіла.
Ты ведай, што цябе ні дня я не забыла.
Памятаць пра сваіх родных, любіць людзей і давяраць ім, ведаць, што побач з табой па жыцці крочыць самы блізкі і надзейны чалавек, мець здольнасці і жаданне перадаваць свае пачуцці ў вершаваных радках – хіба мала, каб адчуваць сябе шчаслівай? Хаця наконт сваіх паэтычных здольнасцяў Наталля Паўлаўна выказваецца доволі сціпла: “Каб хапала часу на вершы, то можа і лепш атрымалася б. А пакуль – што маю:
У свеце маіх захапленняў…
Божа ж мой, што тут сказаць…
Няма чым мне пахваліцца,
Няма чаго расказаць.
Як і ўсе, я гаспадыня:
Маю хату і сям’ю.
Сваіх дзетак я гадую,
Шыю, мыю і пяю.
…Вышыванак трохі маю.
Так я нервы аднаўляю…
Затаміла вас ужо сваімі захапленнямі…
Усіх са святам я віншую
І з творчымі
натхненнямі!”.
Ала ЯХІМОВІЧ