З гэтай жанчынай я пазнаёміўся ўлетку ў Ліпніцкім сельскім Доме культуры на мерапрыемстве, прысвечаным 80‑годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іншых яна вылучалася спакойным, стрыманым характарам, правільнымі рысамі твару і надзвычай выразнымі вачыма. Час ад часу жанчына выцірала краёчкам бялюткай хусцінкі скупую халодную слязінку. Па ўсім было відаць, што бабулька глыбока перажывае і ўспамінае нешта сваё, патаемнае і перажытае.
Напрыканцы сустрэчы ганаровы старшыня Ліпніцкай ветэранскай арганізацыі Марыя Аляксееўна Вакульчык узнагародзіла граматай сваёй арганізацыі і каштоўным падарункам ад адкрытага акцыянернага таварыства “Ліпніцкі” сярод іншых і нашу гераіню.
Гутарка з Ганнай Васільеўнай Абрамовіч у кулуарах сустрэчы была непрацяглай. Расказ яе быў змястоўным і паслядоўным, але жанчына спяшалася дамоў, дзе яе чакалі любімыя ўнукі, якія прыехалі напярэдадні ў госці.
– Я магу вам многа чаго расказаць, але ў іншы раз. Абавязкова прыязджайце – буду рада пагутарыць.
Апошнія словы нашай гераіні непакоілі мяне даўно, і вось, падабраўшы час, дамовіўся з ёю аб чарговай сустрэчы.
За Ліпніцкай школай рэдакцыйны аўтамабіль павярнуў направа, на вуліцу белых буслоў ці, як правільна яе называюць, цэнтральную, дзе на электрычных слупах мірна размясціліся бусліныя хаткі. Восенню яны, зразумела, апусцелі, але пасля халоднай зімы, як і шмат гадоў раней, іх насельнікі абавязкова вернуцца на свае даўно абжытыя месцы, вернуцца, каб жыць, працягваць свой род і радаваць наваколле непаўторным клёкатам і шырокім размахам магутных крылаў.
За скрыпучымі веснічкамі ўбачыў дагледжаны прысядзібны ўчастак і такую ж акуратную сельскую хатку.
– Прабачце, калі ласка, не паспела навесці парадак пасля ад’езду ўнукаў, – прывітаўшыся, пачала размову Ганна Васільеўна.
Нягледзячы на ўзрост, яна даглядае дом, свой агарод і сякую-такую хатнюю жывёлу – пярнатых курачак. Вядома ж, лёс не песціў нашу гераіню, але пражыла яна свае 80 год, як яна потым скажа, з песнямі і слязамі. Чаго было больш у жыцці – цяжка ўзгадаць, але зараз мы жывем нядрэнна, усё ёсць – і хлеб, і да хлеба, чаго не скажаш пра гады мінулай вайны, якая глыбокімі ранамі ўвайшла ў жыццё нашай гераіні.
Нарадзілася яна 13 верасня 1943 года ў сям’і Васіля Паўлавіча і Аляксандры Іванаўны Абрамовічаў на хутары Смольнікі, які размяшчаўся на ўскрайку вёскі Сорацні на самай мяжы Драгічынскага і Іванаўскага раёнаў. З’яўленне немаўляці было для бацькоў і радасным, і трывожным. Радасць ад нараджэння дзяўчынкі – да гэтага ў сям’і былі два сыночка і дачушка. Цяпер дзяцей стала чацвёра. У той жа час у родных мясцінах каторы год гаспадарылі немцы. Праз Сорацні і бліжэйшыя хутары праходзіла дарога з Бездзежа да Опаля, дзе ў ваенныя гады працаваў спіртзавод і фашысты нярэдка ездзілі туды “паласавацца шнапсам”. А побач лес, партызанскі атрад не даваў спакою непрошаным гасцям. Пайшлі размовы, што вёску Сорацні немцы збіраюцца спаліць разам з яе жыхарамі. Каб хоць неяк уратавацца, людзі пачалі будаваць прымітыўныя схованкі для сваіх сем’яў у дварах і на ўскрайку лесу. Пакуль было цёпла, начавалі ў лесе на падводах і ў зямлянках – “акопах”, як іх тады называлі сарацнянцы. Бліжэй да сярэдзіны верасня стала халадаць, і людзі пацягнуліся да свайго звычайнага жытла, нягледзячы аб папярэджанні аб жудасным намеры фашыстаў.
На досвітку 15 верасня з боку вёскі пачуліся стрэлы. Страх ахапіў бацькоў дзяўчынкі, і больш не за сябе, а за тое немаўля, якое зусім яшчэ не разумела, што такое жыццё, для чаго яно чалавеку і ці можа другі чалавек па-свойму распарадзіцца жыццямі іншых людзей!
Беражліва ўхапіўшы нованароджаную дзяўчынку, бацька пабег з ёю ў загадзя падрыхтаваную схованку на двары каля раскідзістай яблыні. Маці ж прыняла сваё рашэннее: перахрысціўшыся перад абразамі, трывожна прамовіла: “Дзе я – там і дачурка мая” і перанесла дарагі сэрцу кулёчак назад у хату. У бацькі ж былі свае намеры. Так і насіліся тры разы туды-сюды. Нарэшце бацька ўступіў матулі і ўсе разам схаваліся ў хаце пад прыпечкам на кухні. Колькі сядзела сям’я пад печчу – невядома, але праз некаторы час на парозе дома з’явіўся нямецкі салдат. Кованым жалезным ботам з усяго размаху адчыніў ён дзверы і пачаў грукатаць жалезнымі абцасамі па падлозе – то далей адыдзе ад печы, то зноў прыблізіцца да яе, крыху пастаіць і зноў пачынае соўгацца па пакойчыку. Кожны яго рух, кожны крок, нібы востры нож, кранаў сэрцы бацькоў, а дзяўчынка тым часам спакойна ляжала на руках матулі, якая, здаецца, пасівела ў адно імгненне. Фашыст, пасвістваючы, выйшаў з хаты, крыху пастаяў і …пайшоў далей.
На вялікае шчасце, “чырвоны певень” не трапіў пад страху дома Абрамовічаў, і ўсе засталіся жывымі, але ж пранізлівы боль яшчэ доўга непакоіў чуллівыя сэрцы бацькоў Ганны і нават тады, калі ўсё скончылася і з лесу вярнуліся старэйшыя дзеці разам з нешматлікімі аднавяскоўцамі, якім было наканавана ЖЫЦЬ!
Людзі сабраліся каля хаты Абрамовічаў і суседніх хутароў, што ўцалелі пасля страшэннай трагедыі. Абдымаліся, плакалі ад радасці, што засталіся жывымі, галасілі па загінуўшых. Душы раздзіралі пранізлівыя галасы жывых, і яны ж сталі сігналам для тых, хто таксама выжыў і яшчэ хаваўся ў розных месцах у ваколіцах загінуўшых Сорацняў.
Пакрыху збіраліся вяскоўцы. Каля абгарэлых комінаў спаленых хат, дзе яшчэ зусім нядаўна цяплілася жыццё, збіралі абгарэлыя фрагменты цел родзічаў, якія загінулі, і пахавалі іх на вясковых могілках. Усю сям’ю ў адной магіле. Пазней на іх месцах з’явіліся сціплыя помнікі, на якіх дата смерці была аднолькавай – 15 верасня 1943 года.
Так загінула цэлая вёска, у якой да вайны было 83 хаты. У агні загінулі 144 чалавека, большасць з якіх – дзеці.
Што датычыцца нашай гераіні, то яна расла, сталела, дапамагала бацькам па гаспадарцы і найлепшымі яе цацкамі ў той пасляваенны час былі бацькавы ваенныя ўзнагароды з чырвонымі ордэнскімі кніжкамі.
– Іх было пяць, – успамінае Ганна Васільеўна. – Я з імі гуляла маленькай: дастану іх з прыскрынка, перагляджу ўсе, і мне так радасна станавілася на душы, перабіраючы іх. Памятаю медаль “За адвагу”, медаль “За перамогу над Германіяй у 1941–1945 гадах” і іншыя. Пагуляўшы з баявымі ўзнагародамі, я абавязкова клала іх на месца, каб праз пэўны час перагледзець іх зноў і зноў. На жаль, да гэтага часу яны не захаваліся.
З вайны бацька прыйшоў інвалідам – у яго былі хворыя ногі. Але ён быў добрым краўцом, і гэта дазваляла яму зарабляць на хлеб. А ўся мужчынская работа лажылася на хрупкія плечы матулі і пазней на мае.
Вучыцца ў школе пасля вайны Ганна доўга не змагла, скончыла пяць класаў і пачала дапамагаць маці. Усё даводзілася рабіць: і араць, і сеяць, і збожжа малаціць, і сена касіць для кароўкі. А касілі не так, як зараз, на роўных палетках, а ў балоце. Скосяць, бывала, траву, вынясуць на палетак, затым сушаць, складаюць у копны, потым вязуць у хлеў.
За працай не заўважыла, як стала дзяўчынай на выданне. Калі споўнілася васямнаццаць, выйшла замуж за лесніка з Вавулічаў і пераехала жыць да яго. Працавала на ферме, гадавала дзетак. Іх было трое: двое сыноў – Аляксандр і Мікалай – і дачушка Алена. З мужам не пашанцавала – і як адразу не разглядзела – спачатку паднімаў руку на свайго бацьку, потым на жонку і дзяцей… Калі трываць стала немагчыма, пераехала з дзецьмі ў Ліпнікі, купілі старэнькую хатку, там і жылі. Зноў жа працавала на ферме даяркай. Чвэрць стагоддзя нялёгкай працы. З іх 12 год ручной дойкі, пазней з’явіліся даільныя апараты. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў быў дружным. Пасля работы нярэдка заставаліся на ферме, гутарылі, успаміналі лепшыя моманты свайго жыцця і, вядома ж, спявалі разам. Гэта надавала сілы, узнімала настрой.
Другі шлюб нашай гераіні таксама быў нешчаслівым – муж аддаваў перавагу не сям’і, а гарэлцы. Нават на свайго сыночка, Валерыя, не звяртаў увагі. Чацвёра дзетак паднімала сама. Працавала на ферме і дома, а яшчэ знаходзіла час для грамадскай працы – была членам праўлення калгаса, прафсаюзнай арганізацыі.
Так непрыкметна і праляцела жыццё – быццам адно імгненне. А тая жудасная ваенная трагедыя не выходзіць з галавы жанчыны. Таму на прапанову з’ездзіць у Сорацні я адразу пагадзіўся.
У цэнтры вёскі стаіць акуратны абеліск землякам, якія загінулі на франтах вайны, у партызанскіх атрадах і мірных ахвярах тых страшных часоў. Вакол яго чыста прыбрана і растуць жывыя кветкі. Успомніліся словы галоўнага захавальніка фондаў музея ім. Дз. К. Удовікава Ларысы Пятроўны Гайчук, якая ў свой час працавала ў Вавуліцкай школе, што мясцовыя дзеткі самі, без напаміну заўсёды прыходзілі да абеліска і наводзілі там парадак.
– А як жа інакш, – казалі яны, – на абеліску прозвішчы нашых родных. Менавіта дзякуючы школьнікам у нашай краіне даведаліся аб сарацнянскай трагедыі, якая разам з 25 вёскамі нашага раёна падзяліла лес Хатыні.
Да 75‑годдзя сарацнянскай трагедыі на мясцовых могілках з’явілася скульптурная кампазіцыя з драўляных фігур, якія сімвалізуюць тры пакаленні жыхароў спаленай вёскі, а побач з імі спіс 144 загінуўшых мірных жыхароў. Да глыбіні душы кранаюць словы пад жалобным спісам: “Мы раслі б, каханымі былі б, бацькамі былі б, дзядамі былі б, мы – жылі б…”.
Зайшоўшы на пагост, Ганна Васільеўна найперш падыйшла да мемарыяла, перахрысцілася, успомніла сваіх аднавяскоўцаў і толькі потым накіравалася да магілак сваіх бацькоў. Цяжка, амаль немагчыма ў такім месцы знайсці патрэбныя словы, ды і навошта. Найлепш даць магчымасць кожнаму на хвілінку-другую застацца са сваімі думкамі і разважаннямі.
Ганна Васільеўна дала жыццё чацвярым дзецям, а тыя ў сваю чаргу – сваім дзецям. Цяпер у бабулі 11 унукаў і 10 праўнукаў. Хіба ж гэта не шчасце?
Аляксандр РЭПІХА.
Фота аўтара.