СУПРУН Сцяпан Аляксеевіч

1 сакавіка на 69-м годзе жыцця перастала біцца сэрца нашага вернага калегі Сцяпана Аляксеевіча Супруна. Пакінуў нас добры і цудоўны чалавек. Ніяк не верыцца, што ён ніколі больш не прыйдзе ў рэдакцыю з цікавым змястоўным матэрыялам, удалым фотаздымкам або проста на кубак чаю, каб пагаварыць з сябрамі, падзяліцца з імі сваімі радасцямі ці засмучэннямі.
С.А.Супрун нара-дзіўся 7 чэрвеня 1941 года ў вёсцы Малінаўка нашага раёна ў беднай сялянскай сям’і. А праз два тыдні пачалася Вялікая Айчынная вайна. Сёння толькі можна здагадвацца, што давялося перажыць яго бацькам, якія жылі ў партызанскай зоне, і як маглі, дапамагалі народным мсціўцам.
Ужо ў 17 гадоў наш калега пачаў сваю працоўную біяграфію. Потым была служба ў радах Савецкай Арміі.
У 1969 годзе С.А.Супрун закончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і быў накіраваны на работу на сваю малую радзіму – у драгічынскую раённую газету “Запаветы Леніна” (так тады называлася наша “раёнка”). Працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, адказным сакратаром, намеснікам рэдактара. Да работы заўсёды адносіўся добрасумленна і з высокай адказнасцю, усе заданні выконваў аператыўна і прафесіянальна. Дасканала валодаў фотасправай. Пастаянна аказваў дапамогу маладым журналістам.
У 2001 годзе Сцяпану Аляксеевічу прызначылі пенсію па ўзросту. Аднак і пасля гэтага ён працягваў працаваць у рэдакцыі. Звольніўся з работы пару месяцаў назад – 14 снежня 2009 года. За час журналісцкай дзейнасці ім пройдзена жыццёвымі сцежкамі нямала, спісана шмат блакнотаў, пабачыла свет не адна сотня публікацый, напісаных яркай, даходлівай мовай. Дарэчы, цікавыя матэрыялы і фотаздымкі нашага калегі пастаянна друкаваліся і ў абласных, і ў рэспубліканскіх газетах.
У 1997 годзе выйшла ў свет навукова-папулярнае выданне “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Драгічынскага раёна” тыражом 5 тысяч экземпляраў. І заслуга ў гэтым найперш Сцяпана Аляксеевіча Супруна, які над кнігай працаваў звыш 5 гадоў. За гэты час ён пабываў у многіх архівах, музеях. Сёння з кнігі “Памяць” мы даведваемся пра багатую матэрыяльную і духоўную спадчыну роднага краю, на яе старонках увекавечаны імёны за-гінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны нашых землякоў і тых, хто стаў ахвярамі палітычных рэпрэсій.
С.А.Супрун карыстаўся аўтарытэтам не толькі ў калектыве рэдакцыі, але і сярод многіх жыхароў раёна, з якімі пастаянна сустракаўся і пра якіх пісаў цёплыя нарысы, замалёўкі, расказваў на старонках газеты пра іх паўсядзённыя справы. Быў Сцяпан Аляксеевіч і добрым сем’янінам, выхаваў двух дастойных сыноў. Дарэчы, адзін з іх, старэйшы, пайшоў па слядах бацькі, працуе журналістам.
Што і казаць, цяжкая наша страта. Але светлая памяць пра С.А.Супруна назаўсёды захаваецца ў сэрцах тых, хто працаваў з ім побач, хто яго ведаў. Бывай, наш верны і шаноўны сябра. Няхай родная зямля бу-дзе табе пухам.

Калектыў рэдакцыі райгазеты “Драгічынскі веснік” і група таварышаў.