spot_img

Светлай памяці земляка

Дата:

Дагэтуль не верыцца, што так раптоўна, так неспадзявана пайшоў з жыцця наш таленавіты зямляк, самабытны паэт, здольны журналіст і проста спагадлівы і сардэчны чалавек – Уладзімір Мікалаевіч Сітуха. Не верыцца, магчыма, таму, што ён, працуючы ў паўсядзённым напружаным рытме, ніколі не скардзіўся на сваё здароўе і самаадчуванне, яго голас заўжды быў перапоўнены бадзёрасцю і аптымізмам, а ў сваіх думках ён, загадчык рэгіянальнага прадстаўніцтва ўстановы “Выдавецкі дом “Звязда”, старшыня рэспубліканскага літаратурнага фонду, аўтар некалькіх кніг аб справах і дасягненнях нашых землякоў, выношваў новыя ідэі, намеры, планы на перспектывы. І многія з іх  былі звязаны з нашымі мясцінамі, з тутэйшымі людзьмі, асаблівае стаўленне да якіх Валодзя выказаў у адным са сваіх чатырохрадкоўяў:

“Я табою, мой край, намагнічаны!

Я з надзеяй спяшаю сюды:

І людзей, што адсюль, з-пад Драгічына,

Я найболей шаную заўжды!”

Уладзімір Мікалаевіч Сітуха разам з удзельнікамі нядаўняй літаратурнай сустрэчы ў СШ № 2 г.Драгічына
Уладзімір Мікалаевіч Сітуха разам з удзельнікамі нядаўняй літаратурнай сустрэчы ў СШ № 2 г.Драгічына

І за гэтымі прачулымі вершаванымі словамі былі канкрэтныя справы. Вось і нядаўна, недзе перад Пакровам, Уладзімір Мікалаевіч Сітуха патэлефанаваў мне на “мабільнік”, каб агучыць свае задумы. Ён выступаў ініцыятарам правядзення літаратурнай сустрэчы юных паэтаў з усіх школ раёна, якая мелася адбыцца на базе СШ № 2 г.Драгічына пры падтрымцы яго аднадумцаў – дырэктара гэтай навучальнай установы  Мікіты Сцяпанавіча Шэмета і выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры  Таццяны Аляксандраўны Наумчык. “Прыходзь, паслухаеш, пра што і як пішуць нашы юныя таленты. Бо лепшыя іх творы я мяркую адабраць, падправіць, калі будзе такая неабходнасць,  і выдаць асобным зборнікам. Тое стане добрым стымулам для творчасці маладых…”

Усё складвалася так, як і было запланавана: 16 кастрычніка ў актавай зале СШ №2 прайшло літаратурнае мерапрыемства “Натхнёны водарам Радзімы”, на якое сабраліся юныя аматары беларускага слова і прыгожага пісьменства з усіх куточкаў раёна. Сваім вершам “Шануй мінулае, каб будучыню мець” яго адкрыла дзесяцікласніца гэтай навучальнай установы, двойчы лаўрэат “прэзідэнцкай” прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі Ганна Гражэўская. За ёй выступіла вучаніца гэтай жа школы, прызёр рэспубліканскага творчага конкурсу “Людзі і словы” Вікторыя Абрамовіч, якая прачытала ўласны твор “Перад сівой мінуўшчынай мы – дзеці…” Затым свае вершы на суд слухачоў вынеслі юныя паэты Ірына Рапінчук (Новапапінская СШ), Марыя Рапінчук (Пярковіцкая СШ), Вераніка Максімовіч (Бездзежская СШ), Вераніка Шыдлоўская (Аляксеевіцкая базавая школа-дзіцячы сад), Марына Тарасюк, Валерыя Плешка, Вольга Капуза (СШ № 2 г. Драгічына), Ганна Кавалеўская (Антопальская СШ), Дар’я Панкратава (гімназія г.Драгічына), Яніна Лебядзінская, Ірына Равінец ( СШ № 1 г.Драгічына)

Школьнікі з натхненнем чыталі свае вершы і паэмы. На самыя розныя тэмы – ад апісання прыроды да любоўнай лірыкі, ад прысвячэнняў блізкім і дарагім людзям да філасофскіх разважанняў аб сэнсе жыцця. Калі ўсе жадаючыя агучылі свае творы, на сцэну выйшаў ініцыятар і натхняльнік мерапрыемства Уладзімір Мікалаевіч Сітуха, які павіншаваў школьнікаў з творчым дэбютам і, узбадзёрыўшы, акрыліўшы іх добрым словам, традыцыйна перайшоў да чытання сваіх вершаў. Не ведаю, што прадчуваў тады Валодзя, але ў размове з вучнямі ён прадоўжыў развагі аб хуткаплыннасці часу і спаконвечных каштоўнасцях, і, адказваючы  на пытанні прысутных, на гэты раз часцей усяго звяртаўся да ўрыўкаў са сваёй кнігі “Аб Веры, Вернасці і Вечнасці”, якая ў свой час была надрукавана па блаславенню мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

“Ёсць у веры — асобая проба:

Даць ратунку азяблай душы,

Менш няшчасцяў у свеце было бы,

Каб маліліся людзі ў цішы.

Не вайна б на зямлі грукатала,

Калі б Вернасці болей было.

Здрады, крыўды смяртэльнае жала

У тупік бы Сусвет не вяло…

Хай мігаюць, не гаснучы, знічкі,

Наш у Вечнасць скірованы лёс…

Па мацнеючай у сэрцы прывычцы,

Прысягаю я сіле нябёс…”—

чытаў Уладзімір Сітуха. Яго голас гучаў, як і заўсёды – узрушана, кранаюча, бадзёра, аптымістычна, але ж пры гэтым ён ужо глядзеў у Вечнасць.  Ці мо,  сёння гэта толькі здаецца?

Пасля завяршэння мерапрыемства Валодзя дарыў яго ўдзельнікам свае кнігі з аўтографамі. На памяць аб сустрэчы. Я ж спяшалася па іншых справах, і кнігі мне не дасталося…

Праз дзень ён патэлефанаваў, каб абмяняцца ўражаннямі аб той літаратурнай сустрэчы. Мы пагаварылі, адзначыўшы відавочнае: у ліку ўдзельнікаў мерапрыемства былі сапраўды здольныя беларускамоўныя  творцы, талент якіх трэба падтрымліваць і развіваць. Пагаварылі аб фармаце наступнай сустрэчы. Я нагадала пра абяцаную кнігу…

—Давай я перашлю яе табе па пошце. Як і належыць, з аўтографам, — прапанаваў мой калега, з якім мы калісьці, трыццаць гадоў таму назад, разам працавалі ў раённай газеце суседняй Іванаўшчыны.

— Навошта так заклапочвацца, — здзівілася я такой паспешлівай прапанове. — Перадасі пры наступнай сустрэчы…

А праз колькі дзён прыйшла жалобная навіна, што сэрца нашага таленавітага земляка, паэта, журналіста Валодзі Сітухі раптоўна спынілася. Ён памёр на 65-м годзе жыцця, і мне, як і многім яго калегам, зусім не верыцца, што наступнай сустрэчы ўжо не будзе. І што ніколі не загучыць ў тэлефоннай трубцы яго бадзёры і аптымістычны голас з развітальным пажаданнем: “Шчасця, здароўя, бадзёрасці духу зычыць ад сэрца Валодзя Сітуха”

Чалавека няма, але ж кнігі яго жывуць. І за кожным радком – такі просты і зразумелы наказ, настаўленне, парада:

“Царкоўны чысціць душы звон,

Крыж-накрыж самі мкнуцца рукі.

І ўжо прыкмечана спакон:

Заўжды ў царкве слабеюць мукі.

Нам ратавацца – крыж і храм,

У веры трэба жыць і ладзе:

Заўжды падмога прыйдзе там,

Анёлам светлым побач сядзе…”

Не толькі таленавітым майстрам слова і пранікнёным аратарам, але і такім вось хуткасным анёлам, які часта прыходзіў на дапамогу іншым, падтрымліваў не толькі словам, парадай, суперажываннем, але і  канкрэтным дзеяннем, справай, Уладзімір Сітуха і застанецца ў памяці многіх сваіх землякоў.

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

С 16 декабря стартует республиканская акция «Безопасный Новый год!»

Согласно оперативным данным, за 11 месяцев текущего года в...

В Дрогичине отметили 85-летие Брестской области

В Дрогичинском Доме культуры прошел праздничный концерт, посвященный 85-летию...

В Дрогичине прошел районный фестиваль творчества инвалидов «Дорогою добра»

В городском Доме культуры сегодня 6 декабря, прошел районный...

Книга “Выборы в Беларуси. Коротко о главном” поступила в продажу

Книга "Выборы в Беларуси. Коротко о главном" поступила в...