spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

ТРЫВОЖНАЯ МАЛАДОСЦЬ

Дата:

Лета 1941 года выдалася сухім і гарачым. Жыхары Гнільца, як і іншых суседніх вёсак, рана распачалі касавіцу траў і нарыхтоўку сена. Ніхто і не думаў, што хутка іх напаткае бяда. А яна здарылася 22 чэрвеня, калі фашысцкая Германія раптоўна напала на Савецкі Саюз…
Літаральна праз некалькі дзён гітлераўцы акупіравалі Драгічыншчыну. Чырвонаармейцы пад моцнымі ўдарамі пераўзыходзячых сіл праціўніка з баямі адступалі на ўсход. На месцах бітваў заставалася шмат рознай зброі.
Неяк знаёмы бацькі Васіля Андрушкевіча паведаміў, што зброя па загаду акупантаў сабрана і захоўваецца ў адным пустым доме, які не ахоўваецца. Гэтую размову выпадкова падслухаў 19-гадовы Васіль. У яго закралася думка, што добра было б забраць хоць бы частку той зброі. Хлопец прыкідваў і абдумваў розныя варыянты. А ў адну з начэй, калі ў хаце ўсе моцна спалі, ён запрог у падводу каня і паехаў да хаты за зброяй.
Хлопец так захапіўся рызыкоўнай справай, што нават забыўся пра асцярожнасць. Адразу ж пад’ехаў да самай хаты, прывязаў каня да плоту, а сам падаўся да акна. Праз яго лёгка пралез у адзін пакой, запаліў запалку і чуць не ўскрыкнуў: столькі тут было вінтовак, карабінаў! Праўда, вінтоўкі аказаліся без затвораў і ляжалі асобна. Тут жа былі і патроны ў кулямётных лентах.

Найперш Андрушкевіч вырашыў вынесці патроны. Ленты намотваў на сябе да таго часу, пакуль змог узняцца. Ледзь-ледзь данёс да падводы. Потым яшчэ прынёс раз, другі…
Калі Васіль крыху аддаліўся ад хаты, заўважыў, што хтосьці за ім крадзецца. Моцна сцебануў доўгім дубцом каня, ён рвануў галопам. Незнаёмец адстаў.
На досвітку Андрушкевіч дабраўся дадому. Распрог каня, завёў яго ў хлеў, схаваў зброю. Калі прылёг адпачыць, маці ўзнялася з пасцелі, сабіралася ісці даіць карову. “Як раз паспеў, — заспакоіў сябе Васіль, — а то ж узняла б лямант”.
Ранняй вясной 1942 года хутар Андрушкевічаў часта пачалі наведваць партызаны з атрада імя Калініна. Частку вогнестрэльнай зброі і патронаў Васіль перадаў ім. А потым усё астатняе – народным мсціўцам з атрада імя Макарэвіча. Атрымалася так, што сабе нічога не пакінуў. І калі партызаны далі яму вінтоўку, давялося сваімі рукамі рабіць да яе прыклад. І калі хлопец заняўся гэтай справай, адбылося недарэчнае і смешнае.
Як раз у той момант на іх сядзібу прыехаў мадзьяр. Ён запатрабаваў у маці масла. Тая шмыгнула ў каморку і выйшла з міскай. Мадзьяр схапіў яе і пайшоў да падводы. А Васіль тым часам выйшаў з хлява і пачаў прыцэльвацца – правяраў прыставаны прыклад. Чужынец убачыў гэта і са страху кінуў міску з маслам – і толькі яго бачылі. Маці ўзняла крык на сына, маўляў, прыедуць гітлераўцы, спаляць хату, а іх усіх расстраляюць. Але, дзякуй Богу, усё абышлося добра.
…У Хомску размяшчаўся буйны паліцэйскі ўчастак. У ім служыла каля 40 чалавек. І паліцаі, як кажуць, былі бяльмом на вачах партызан. Таму вырашана было ў зручны момант ліквідаваць пастарунак. Але як? На дапамогу прыйшлі самі паліцэй-скія, якіх немцы сілаю прымусілі служыць. Яны дамовіліся з народнымі мсціўцамі здаць пастарунак без бою.
І вось адной лютаўскай ноччу 1943 года група партызан, у якой быў і В.Андрушкевіч, адправілася на штурм паліцэйскага гарнізона. Як і было дамоўлена, адтуль падалі сігнал кішэнным ліхтарыкам. Значыць, небяспекі няма. Мсціўцы рашуча ўварваліся ў памяшканне, захапілі зброю. Некалькі дзесяткаў паліцэйскіх сталі партызанамі. Каб фашысты не западозрылі, што іх прыслужнікі добраахвотна здаліся, быў інсцэніраваны бой, а затым падпалена і ўзарвана памяшканне.
Позняй восенню таго ж года Васіль Андрушкевіч у складзе 250 партызан і сувязных удзельнічаў у знішчэнні тэлефоннай сувязі каля шашы Брэст-Масква. Больш як на пяцікіламетровай адлегласці тады былі спілаваны слупы, разбіты ізалятары і зняты дрот.
Неяк партызаны брыгады “Савецкая Беларусь” размясціліся на здзітаўскіх хутарах і ў вёсцы Старамлыны. Аддзяленне з атрада імя Калініна, у якім быў і Васіль Андрушкевіч, знаходзілася на дзяжурстве на тых самых хутарах. Раптам народным мсціўцам паведамілі, што каля 30 гітлераўцаў грабяць насельніцтва: забіраюць кароў. Вырашылі ісці на дапамогу людзям.
Немцы, заўважыўшы партызан, сабралі наперадзе сябе падлеткаў і жанчын і пачалі адступаць. Аднак кароў не кінулі. Завязаўся бой. Мсціўцы ўзялі верх і пачалі наступаць. Вось і вёска Здзітава паказалася. Але там варожыя машыны і многа фашыстаў. Абстаноўка пачала накаляцца. Схватка па-ранейшаму працягвался. І раптам партызанам пашанцавала: іх падрыўнікі, якія вярталіся з баявога задання, аказаліся ў тыле ворага і адкрылі па ім шчыльны агонь. Рабаўнікі кінуліся ўцякаць праз балота. А тыя немцы, якія знаходзіліся ў вёсцы, палічылі, што гэта наступаюць партызаны, і адкрылі па сваіх моцную стральбу. Па расказах мясцовых жыхароў, гітлераўцы знішчылі звыш 20 сваіх салдат.
Праўда, у тым баі панеслі страты і партызаны. У выніку 16 лясных салдат і цяпер спяць вечным сном на могілках непадалёку ад аўтобуснага прыпынку Чаромушкі, не даязджаючы вёскі Здзітава.
У жніўні 1944 года, калі адбылося злучэнне партызан з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі, Васіль Андрушкевіч уліўся ў армейскія рады. Быў залічаны ва ўзвод аўтаматчыкаў. А ўжо ў студзені 1945-га на яго грудзях з’явілася ўрадавая ўзнагарода – ордэн Славы III ступені. Атрымаў яе наш зямляк вось пры якіх абставінах. Да Віслы заставалася 6 кіламетраў. Вораг адчайна супраціўляўся. Аднак да вечара нашы воіны былі ля ракі. Захапілі палоннага. Відаць, важную “птушку”, бо Андрушкевіч атрымаў загад даставіць яе ў штаб арміі.
Калі Васіль вяртаўся назад, трапіў на нямецкі склад-зямлянку. Абстраляў гітлераўцаў, якія ішлі сюды. І толькі ранкам дабраўся ў сваю часць.
Ротны паслаў Андрушкевіча разведаць, што робіцца на процілеглым беразе Віслы. Ён без перашкод перайшоў раку. На дамбе ўбачыў пустыя варожыя траншэі. Вярнуўся назад, далажыў абстаноўку. І тады пайшло цэлае аддзяленне. І як толькі на лёдзе апынуліся ўсе астатнія чырвонаармейцы, фашысты адкрылі ўраганны агонь. Тыя, хто раней перайшоў раку, кінуліся ў траншэі. Забіла капітана Папова. Параніла і Андрушкевіча. Асколак міны застаўся на ўсё жыццё ў яго целе…
І вось ён, доўгачаканы Дзень Перамогі! Пасля дэмабілізацыі Васіль Мікалаевіч Андрушкевіч доўгі час працаваў у родным калгасе імя Кірава. Узначальваў першую паляводчую брыгаду. Да баявых узнагарод прыбавілася яшчэ адна мірная – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Аляксей ФЁДАРАЎ.

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичине прошел первый день молодежной ярмарки вакансий

Сегодня в городском Доме культуры было многолюдно: 23-24 апреля...

В регионах Беларуси идет выдвижение кандидатов в состав Президиума ВНС

В регионах Беларуси идет выдвижение кандидатов в состав Президиума...

По-народному зажгла «Славяночка»

Детский ансамбль танца «Славяночка» Дрогичинской детской хореографической школы искусств...

Александр Лукашенко подписал закон по вопросам предпринимательской деятельности

Об этом БЕЛТА сообщили в пресс-службе главы государства. Закон устанавливает обновленную...