У аграгарадку Бездзеж прайшоў абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”

Абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак” у мінулую суботу, 20 мая, сабраў у аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна больш за 500 аматараў і захавальнікаў самабытнай культуры Берасцейшчыны.

Фестываль, арганізатарамі якога з’яўляюцца ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр і Драгічынскі  райвыканкам, традыцыйна праводзіцца адзін раз у два гады ў музейным комплексе “Бездзежскі фартушок”. Сёлета абласны фэст фальклорнага мастацтва ладзіўся ў шосты раз.

Урачысты старт фестывалю далі начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк і старшыня Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў Леанід Карповіч.

– Фестываль “Таночак” – яскравы прыклад захавання і прымнажэння гістарычнай спадчыны, прыцягнення цікавасці да традыцыйнай беларускай культуры, — адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей свята, Леанід Карповіч. – Культурны дыялог, які праходзіць у рамках фестывалю, фарміруе нацыянальную свядомасць, аб’ядноўвае наша грамадства, робіць яго жыццё духоўным і маральна багатым. Упэўнены, сустрэча таленавітых удзельнікаў дасць новы творчы імпульс для далейшай плённай працы, прыцягне ўвагу да фальклорных традыцый і мастацтва.

– Гляджу на юных удзельнікаў фестывалю, на прыгажосць касцюмаў і разумею, што сёння тут сабраліся нашы карані, – так вобразна выказаўся Сяргей Панасюк. – З гэтых каранёў, з нашых дзетак, вырастуць мажныя дрэвы – дарослыя людзі, якія ў будучым будуць кіраваць нашай краінай. “Таночак” – гэта фестываль самабытнасці, дзякуючы такім фестывалям мы ўсведамляем сябе беларусамі.

У рамках фестывальнай праграмы на сялянскім падворку “Каля Плэса” разгарнулася выстава вырабаў майстроў народнай творчасці з розных куточкаў Брэсцкай вобласці і выстава-дэгустацыя страў з таркаванай бульбы, рэцэпты якіх сучасныя гаспадыні перанялі ад сваіх продкаў.

На ўпрыгожанай тканымі, вышыванымі бездзежскімі ручнікамі і фартухамі сцэне сваё творчае майстэрства дэманстравалі ўдзельнікі конкурснай праграмы дзіцячых фальклорных калектываў Брэсцкай вобласці. Гучалі абрадавыя песні, прыпеўкі, легенды, казкі, байкі, ажывалі старажытныя народныя танцы. Удзел у конкурснай праграме прынялі 11 дзіцячых калектываў.

Пакуль журы конкурсу вызначала, хто якую ўзнагароду заслужыў, юныя ўдзельнікі фестывалю з задавальненнем і запалам удзельнічалі ў гульнёвай праграме “Шпаркая гарэза”. Гледачы атрымалі шмат асалоды ад выступлення запрошаных на фестываль гасцей: заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала” Маларыцкага раёна і ўзорнага ансамбля народных інструментаў “Дударыкі” Ганцавіцкага раёна.

Пасля ўзнагароджвання ўдзельнікаў і пераможцаў конкурснай праграмы адбыўся абласны этнаканцэрт “Жывая культура Берасцейшчыны” з цыкла “Рух зямлі”. Сваё майстэрства дэманстравалі захавальнікі фальклорнай спадчыны розных узростаў – ад дзетвары да сталых пенсіянераў.

Ніна ТКАЧУК.
Фота аўтара.