У Драгічыне прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды ўшанавання дзяржаўных сімвалаў

На галоўнай плошчы Драгічына сення прайшло ўрачыстае марапрыемства, прысвечанае Дню Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.  Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна на чале са старшыней райвыканкама Аляксандрам Дарашэнка, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, дзяржаўных органаў, працоўных калектываў, устаноў адукацыі, ветэраны, моладзь.

Пад гукі гімна над плошчай узняўся Дзяржаўны сцяг. Права падняць яго было нададзена ганаровай грамадзянцы раёна Ганне Верамейчык, старшыні ААТ “Аляксеевічы-Агра” Сяргею Пачко і вучню СШ№1 г. Драгічына Георгію Семчанка.

Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Карповіч.

Дзяржаўныя сімвалы суверэннай Беларусі адлюстроўваюць асноватворную ідэю роўнасці ўсіх грамадзян незалежна ад сацыяльнай, рэлігійнай або нацыянальнай прыналежнасці, аб’ядноўваюць народ, нагадваюць аб нашым гістарычным шляху і ўвасабляюць каштоўнасці, значныя для кожнага грамадзяніна. Гэта суверэнітэт, магчымасць працаваць пад мірным небам, захаваць традыцыі і памяць аб гераічным мінулым.

У нашых сімвалах беражліва захаваны рысы, якія адлюстроўваюць мірныя стваральныя мэты. Мы ганарымся гераічным мінулым краіны, мужнасцю нашага народа, глыбока шануем яго добрыя традыцыі, імкненне да свабоды і справядлівасці.

Рэспубліка Беларусь развіваецца, расце яе міжнародны аўтарытэт, і нашы сэрцы напаўняюцца гонарам за прыналежнасць да беларускага народа, высокімі пачуццямі любові да Айчыны і адказнасці за яе лёс.

Толькі разам, агульнымі намаганнямі можна захаваць стабільную сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне, забяспечыць згоду і ўзаемаразуменне ў грамадстве.

Паважаць дзяржаўныя сімвалы – абавязак і справа гонару кожнага грамадзяніна. Мы павінны шанаваць і захоўваць багатую спадчыну нашых продкаў, разумець унікальнасць і непаўторнасць нашай роднай краіны, паважаць і любіць сваю Радзіму, плённа працаваць і жыць у згодзе — менавіта так мы пабудуем светлую будучыню.

Ад імя маладога пакалення выступіла лідэр маладзежнага парламенту раёна Аліна Сакалоўская.

У гонар краіны і яе сімвалаў гучалі песні, публіку віталі танцавальныя калектывы.