У Драгічыне прайшоў сельгаскірмаш. Усяго было ў дастатку

У суботу, калі ў райцэнтры ладзіліся гандлёвыя рады для чаканага восеньскага кірмашу, ішоў дождж, то заціхаючы, то ўзмацняючы, і не было ніякай упэўненасці, што да раніцы ён прыціхне. Але ж кастрычнік расшчодрыўся на яшчэ адзін пагодлівы дзень. І хаця мараслівы дожджык час ад часу пакропліваў наваколле, прымушаючы гандляроў спешна ўкрываць свой тавар, а асенняе сонца больш нагадвала ўдаўцова сэрца, якое свеціць, але не грэе, кірмаш быў шматлюдным і разнастайным. Праўда, сёлета ён прайшоў без традыцыйнага канцэрта тутэйшых калектываў мастацкай самадзейнасці – песні гучалі пад фанаграму. І не было ранейшай раскошы ва ўпрыгожванні гандлёвых радоў. Але і без таго здавалася, што ў нядзелю на адрэзку вуліцы Леніна – ад плошчы да вуліцы Дзяржынскага – былі сабраны ўсе фарбы восені: залацістае збожжа, спелыя наліўныя яблыкі, грушы, вінаград, прывабная гародніна, яркія хрызантэмы самых розных гатункаў і відаў, чырвоныя куры ў клетках на продаж і пацешныя поні напракат…

На самой плошчы размясціліся гандлёвыя павільёны райспажыўтаварыства і яго філіялаў, далей можна было набыць мёд, а яшчэ праз колькі крокаў выстраіліся аўтамабілі сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія прывезлі на кірмаш збожжа, садавіну і гародніну. У параўнанні з паўсядзённымі прапановамі, якія можна сустрэць і ў нашай газеце, кірмашовыя цэны сапраўды радавалі. У праватнасці, племзавод “Заказельскі” ячмень і пшаніцу прадаваў па 40 капеек, трыцікале – па 35. Праўда, калі адна з жанчын запытала, ці можна скарыстаць гэтае зерне для высеву, прадстаўнікі гаспадаркі шчыра патлумачылі, што яно прайшло праз сушылку, будзе добра захоўвацца і з’яўляецца прыгодным для харчавання і корму жывёлы, але не для сяўбы.
Разнастайны і танны зерневы набор прапаноўвалі і прадстаўнікі ААТ “Вулька Радавецкі”: пшаніцу – па 40 капеек, ячмень і авёс – па 35, трыцікале – па 32… Але попыт пакупнікоў, па меркаванню прадстаўніка ААТ “Агра-Дзеткавічы”, які на працягу многіх год вывозіць прадукцыю сельгаспрадпрыемства на восеньскія кірмашы, прадугадаць заўжды цяжка.

– Апошнім часам, калі гандлявалі ў Брэсце, у нас нярэдка нават жыта пыталі, – гаворыць мужчына.
Гэта пацвердзіла і галоўны эканаміст ААТ “Ліпніцкі” Раіса Ціханаўна Гарбарук, якая расказала, што на кірмаш яны вывозілі розныя віды збожжа, але ахвотней усяго, на яе здзіўленне, раскупілі проса, і нават выказвалі нараканні, што мала прывезлі.
Дарэчы, прадстаўнікі гэтай гаспадаркі першымі распрадалі свой асноўны тавар і выехалі з кірмашу, каб па хатах развезці буйныя партыі аплачанага пакупнікамі збожжа. А ў дастаўцы дробных партый прадукцыі пажылым людзям дапамагалі валанцёры раённага аддзялення Чырвонага Крыжа.

Шмат прадукцыі на нядаўнім кірмашы прадставілі фермерскія гаспадаркі Драгічыншчыны і прылягаючых раёнаў. Адным з такіх быў Валянцін Аляксандравіч Крэйдзіч, які гаспадарыць у Хамічыцах. Па словах уласніка, ён прывёз на продаж набор гародніны для супу, баршчу і іншых хадавых блюд: сталовыя буракі, моркву, цыбулю. Але ж найбольшым попытам у яго асартыменце карысталася бульба “Королева Анна”. Гэты гатунак любімага нацыянальнага прадукту падабаецца і самому фермеру В.А.Крэйдзічу. За тое, што ў сёлетні неспрыяльны год “Королева Анна” пацвердзіла сваю ўстойлівасць для вырошчвання ў нашай кліматычнай зоне і нядрэнна ўрадзіла. А прадукцыю ўласнай выворчасці, як патлумачыў Валянцін Аляксандравіч, ён рэалізуе не толькі на кірмашах, але і па месцы яе вырошчвання – у Хамічыцах і Асіпавічах.

На сёлетнім кірмашы можна было набыць кветкі для палісадніка, сувенірную прадукцыю, парадаваць дзяцей салодкай ватай і паездкай на пацешных поні, якіх прывезлі з Кобрына. Тут жа распрадавалася вялікая колькасць саджанцаў з самых розных гадавальнікаў і разнастайны насенны матэрыял для будучага ўраджаю. Прычым, цану на тавар у многім фарміраваў попыт пакупнікоў. Так, ля аднаго з прылаўкаў выстраілася велізарная чарга. Як аказалася, тут можна было набыць насенную цыбулю ўсяго па 2.90 за кілаграм, вінаград па такой жа цане і іншую недарагую прадукцыю. Праўда, праз некаторы час цэннікі на той жа вінаград за гэтым прылаўкам заўважна выраслі.

А некаторыя з прадаўцоў, наадварот, скідалі кошт на нехадавы тавар. Але ў гэтым і ёсць прывабнасць кірмашу, дзе, як вядома, адзін хоча даражэй прадаць, другі – танней купіць, што тут заўжды можна дамовіцца і прыйсці да ўзаемавыгаднай гандлёвай здзелкі.

Галіна ВІКТАРАВА
Фота Івана ЛЯВОНЧЫКА