Стану песняй – пад такой назвай у Дзеткавіцкай школе прайшла літаратурная кампазіцыя, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння нашага земляка, паэта Мікалая
Федзюковіча. Эпіграфам да мерапрыемства былі ўзяты словы з верша паэта
«Імкненне»: «Я так імкнуся жыць і пісаць, каб быць Радзімы сэрцам».
Творчасць Мікалая багатая і разнастайная –тэма Радзімы, вялікай і малой, тэма чалавечых адносін, сэнсу жыцця і кахання, прызначэння чалавека на зямлі. У паэта баліць душа за лёс сваёй Айчыны:
Каб планета ад росных красак
Ззяла раніцай і ўначы,
Найвялікшы наш абавязак –
Шанаваць яе і берагчы!
І гэты заклік ідзе ад сэрца, таму што Мікола – дзіця вайны, які вырас сіратой: яго бацька загінуў на вайне, і хлопчык спаўна зведаў горыч сіроцтва і пасляваенную нястачу. Разам з братам яны рана пасталелі, стараліся ва ўсім дапамагаць маці. Трапяткую любоў да сваёй матулі ён пранёс праз усё жыццё. Жывучы ў сталіцы, будучы вядомым паэтам, часта ездзячы па камандзіроўках, паэт ніколі не мінаў родную вёску і прысвяціў ёй такія радкі:
Вёску Гутава ў снег захуталі
Давідна свежакі-вятры.
Сустракае нас вёска Гутава
Крыкам пеўняў, сталёвым грукатам.
Вёска Гутава – тры вярсты.
Вёска Гутава – гэта і мая малая радзіма. Я нарадзілася ў суседнім сяле Сорацні і закончыла Гутаўскую школу, і майму сэрцу дарагія і блізкія тыя мясціны. У дзявоцтве я таксама мела прозвішча Федзюковіч, і таму мне вельмі хацелася пазнаёміць вучняў і настаўнікаў нашай школы з творчасцю свайго таленавітага земляка-паэта, які, на жаль, вельмі рана пайшоў з жыцця. Праблемы, узнятыя ў зборніках Міколы Федзюковіча «Мілавіца», «Птушыны грай», «Макаў цвет», «Зямля-магніт», «Краса дзён», актуальныя і для нашага часу.
Вялікае сэрца паэта змяшчала любоў да сваіх землякоў, што знаходзіла адлюстраванне ў яго вершах, і да самага блізкага чалавека – матулі, якой ён нярэдка прысвячаў свае творы.
Трагічным быў жыццёвы лёс Міколы Федзюковіча. Рана памерла яго жонка. Загінуў брат, а потым – і адзіны сын. І ў цяжкія часы паэт і яго маці шчыра падтрымлівалі адзін аднаго. Мікола забраў яе да сябе ў Мінск. Калісьці, у дзень свайго нараджэння, 22 мая 1943 года, маці ўзяла яго на рукі, а прыйшоў час – і матуля памерла на руках сына. І зноў словы, напісаныя сэрцам:
Бласлаўляю твой хлеб і рукі,
Што працягнуты з поўнай місай,
Голас, поўны журбы-дакукі:
«Як жывецца, сынок? Стаміўся?..»
Вось і поўня з-за хмары бліскае
Аржаным караваем хлеба…
Неба сёння такое блізкае,
Толькі маці бліжэй, чым неба!
Паэтаў бласлаўляе Бог. Гэта людзі, якія прапускаюць праз сваё сэрца песні птушак і слёзы людзей, якія адчуваюць пяшчоту роднай зямлі і шапаценне лісцяў, трывожацца за лёс усёй планеты. Да канца сваіх дзён паэт застаецца адданым свайму прызначэнню.
Мікола Федзюковіч як быццам прадчуваў свой лёс, бо менавіта яму належаць гэтыя шчымлівыя, пякучыя радкі:
Павінен кожны вычарпаць да дна, –
Што лёс паслаў…
Загадкавая тайна – у смерці,
Што прыйшла на схіле дня,
У вечнасці – часінаю світальнай.
Так яно і было на самой справе. Памёр Мікола Федзюковіч нечакана, раптоўна, і якраз на Каляды – 8 студзеня 1997 года. Выдатны беларускі паэт і таленавіты перакладчык знайшоў свой апошні прытулак на Паўночных могілках у Мінску.
Рыхтуючыся да юбілею паэта, мне вельмі хацелася знайсці яго былых сяброў, запрасіць іх на нашу сустрэчу. Мне ўдалося дазваніцца да вядомага беларускага паэта, ураджэнца вёскі Осаўцы, Міколы Трафімчука, які добра ведаў Міколу Федзюковіча. Мікалай Мікалаевіч таксама пражывае ў Мінску, а летам прыязджае на сваю малую радзіму.
Паэт з задавальненнем прыняў маё запрашэнне. Па-спартыўнаму падцягнуты, нягледзячы на сёмы дзясятак гадоў, з акардэонам – у адной руцэ і з кіпай кніжак – у другой, Мікола Трафімчук пераступіў парог Дзеткавіцкай школы, дзе яго ўжо чакалі вучні і настаўнікі. Ён расказаў, што менавіта Мікола Федзюковіч, які ў тыя далёкія часы, працуючы ў газеце «Чырвоная змена», заўважыў маладога паэта і быў шчыра ўзрадаваны, што ён таксама з Драгічынскага раёна. Такім чынам Федзюковіч стаў для Трафімчука і настаўнікам, і сябрам. А потым Мікалай Мікалаевіч пачаў і музыку пісаць, і складаць мелодыі на вершы Мікалая Федзюковіча.
І вядома, усе з задавальненнем слухалі песні, якія спяваў госць пад гукі акардэона. Песня пра маці на словы Міколы Федзюковіча кранула сэрцы слухачоў. Некаторыя з настаўнікаў непрыкметна выціралі слёзы. Пазней Мікалай Трафімчук пазнаёміў прысутных і са сваімі кнігамі, прачытаў некалькі ўласных вершаў. Некаторыя з іх былі прысвечаны Міколе Федзюковічу…
Кранаючым і эмацыянальным стала мерапрыемства ў вясковай школе, дзе сустрэліся два паэты – ураджэнцы драгічынскай зямлі. І хаця Мікола Федзюковіч даўно адышоў у іншы свет, але адчувалася, быццам бы ён прысутнічаў на сустрэчы, радаваўся, што яго не забылі, што паэзія яго жыве і вучыць нас быць людзьмі і што яго сябар расказаў аб ім так многа добрага і цікавага…
А завяршальным зваротам да ўсіх прагучалі і словы з верша Міколы Федзюковіча «Спяшайцеся»:
З вялікіх і малых дарог
Дамоў вяртайцеся, –
Рабіць дабро, адно дабро
Спяшайцеся…
З няпраўдай словам і пяром
Спрачайцеся, –
Спяшайцеся рабіць дабро,
Спяшайцеся…
Ніна ГРЫЦУК,
настаўніца Дзеткавіцкай сярэдняй школы