Афіцыйная мова, перш за ўсё, выкарыстоўваецца ў дакументацыі, літаратурная – у кнігах і часопісах, перыядычных выданнях. А вось дыялектную, мясцовую гаворку наўрад ці можна знайсці ў пісьмовым выглядзе. На ёй размаўляюць жыхары вёсак, рэдка – гарадское насельніцтва.
Шкада, але носьбітаў многіх мясцовых дыялектаў з кожным годам становіцца ўсё меней. Выданне аднаго з самых папулярных у свеце твораў – Новага Запавету на Заходнепалескім дыялекце, на гаворцы жыхароў вёскі Сіманавічы нашага земляка, вядомага нават за мяжой філолага, Фёдара Данілавіча Клімчука – ці гэта не спроба захаваць, увекавечыць мову дзядоў і прадзедаў. 4 мая ў раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі фалькларыста з Драгічыншчыны «Новый завіт».
На жаль, сам аўтар не дажыў да гэтага дня і не можа сустрэцца са сваімі чытачамі, аматарамі роднага слова. На сустрэчу з жыхарамі раёна прыехалі госці з Мінску, удзельнікі праекту «Традыцыя»: этнограф Ірына Мазюк, спявак і музыкант Сяргей Долгушаў, а таксама вядомы ў нашым краі вакальны дуэт з аг. Вулька Еўдакіі Зіновіч і Федара Булыгі.
– На сёння выйшла другая частка « Новага завіту». Дзякуючы намаганням аўтара, зараз не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой людзі могуць пазнаёміцца з Заходняпалесскім дыялектам, з традыцыйнай гаворкай вёскі Сіманавічы – прагучала ў выступленні Сяргея Долгушава.
– Мова на якой напісана гэтая кніга не абмежавана пэўнымі літаратурнымі правіламі. Мясцовая гаворка – рэч не дакладная. Напрыклад, у адной вёсцы кажуць «тыпэр», у другой – «тыпіро», але ж мы разумеем значэнне і першага і другога слова. Чытаць «Новый завіт» Федара Клімчука легка і проста, адчуваеш толькі ўзнёслыя пачуцці, – кажа Ірына Мазюк.
Падчас мерапрыемства Сяргей Долгушаў выканаў некалькі кампазіцый на традыцыйных беларускіх музычных інструментах – на тылінцы, сапілцы, жалейцы і іншых. Парадавалі прысутных сваімі звонкімі галасамі Еўдакія Зіновіч і Федар Булыга.
– Федар Данілавіч таксама быў аматарам фальклорных песень і пакінуў пасля сябе шмат цікавых матэрыялаў. Магчыма, у будучым з іх будзе складзена яшчэ адна кніга Ф.Д. Клімчука, – паабяцала Ірына Мазюк. Перад тым як развітацца госці перадалі некалькі асобнікаў кнігі «Новый завіт» раённай бібліятэцы і ўстановам культуры Драгічына. Заўтра ўдзельнікі праекту «Традыцыя» сустрэнуцца з жыхарамі вёскі Сіманавічы, дзе таксама правядуць адпаведную прэзентацыю.
Падчас сустрэчы прагучала прапанова даць імя нашага славутага земляка Федара Клімчука адной з вуліц Драгічына.
Андрэй РАСАФОНАЎ
Фота аўтара