З якімі здабыткамі “Бездзежскі фартушок” увайшоў у Год культуры?

Дата:

Што ні год – то новыя задумы, праекты і дасягненні… Гэта – аб рабоце калектыву музейнага комплексу “Бездзежскі фартушок”, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, пастаяннага ўдзельніка міжнародных, рэспубліканскіх, мясцовых выстаў-аглядаў і фестываляў народнай творчасці. Насычаным на падзеі быў і мінулы год, у самым пачатку якога калектыў быў адзначаны Дыпломам Міністэрства культуры нашай рэспублікі ў намінацыі “Народная спадчына” і ўсімі далейшымі справамі пацвярджаў свае званні і ўзнагароды.

А як ацэньваюць яго самі бездзежскія берагіні? З гэтым і іншымі пытаннямі я звярнулася да дырэктара музейнага комплексу М.М.Астаповіч.

– Марыя Міхайлаўна, з якімі здабыткамі і напрацоўкамі “Бездзежскі фартушок” увайшоў у Год культуры? І якія леташнія сустрэчы і ўражанні былі самымі яркімі і запамінальнымі?

– Магу сказаць, што для нашага калектыву год быў адметны многімі цікавымі падзеямі. У нейкім сэнсе культурны цэнтр раёна перыядычна перамяшчаецца з Драгічына ў Бездзеж, бо на тэрыторыі нашага музея “Бездзежскі фартушок” і этнасялянскай сядзібы “Каля Плэса” ладзяцца многія масавыя мерапрыемствы абласнога, рэгіянальнага, мясцовага значэння. Шмат гасцей сабраў абласны фальклорны фестываль “Таночак”, у рамках якога быў адноўлены і паказаны тутэйшы вясельны абрад, плённым быў пленэр мастакоў, асобныя творы якіх папоўнілі фонды нашага музея. Традыцыйным стала арганізаванае святкаванне Каляд і Купалля, з’явілася ў нас і свая вадохрышчанская купель. Многія прыязджаюць, каб далучыцца да правядзення тутэйшага самабытнага абраду “Стрілка”, які спаконвеку праводзіцца ў Бездзежы на Вялікдзень. Незабыўнай для нашых наведвальнікаў стала і “Ноч музеяў”, якая супала з правядзеннем у Драгічыне Міжнароднага конкурсу юных піяністаў і баяністаў “Палескі агеньчык”, якія таксама былі ў ліку нашых ганаровых гасцей. Аб тым, што “Бездзежскі фартушок” набывае ўсё больш шырокую вядомасць, сведчыць і той факт, што летась да нас двойчы прыязджала рэспубліканскае тэлебачанне. Вынікам іх работы стала праграма “Спадчына”, якая была паказана на канале “Мір-24”, а таксама відэаролік “Я крочу па краіне”, які дэманстраваўся на “СТБ”.

Работнікі музейнага комплексу і нашы экспанаты прымаюць удзел і ў многіх выязных мерапрыемствах. Акрамя традыцыйных рэспубліканскіх і абласных фестываляў музей быў прадстаўлены на знакамітым “Ягелонскім кірмашы”, дзе тутэйшая народная ўмеліца Ніна Лукінічна Янушчык вышывала мясцовыя ўзоры і прала льняную нітку. Сваё майстэрства яна пацвердзіла і на конкурсе ткачых у польскім горадзе Бяла Падляска, дзе заняла другое месца. Калі ж гаварыць аб нашых знакамітых фартушках, то нядаўна яны былі прадстаўлены на днях культуры Беларусі ў Туркменістане…

Дырэктар музея Марыя Міхайлаўна Астаповіч (другая злева) з прадстаўнікамі і партнёрамі фірмы "Франдеса"  ў перыяд работы над календаром
Дырэктар музея Марыя Міхайлаўна Астаповіч (другая злева) з прадстаўнікамі і партнёрамі фірмы “Франдеса” ў перыяд работы над календаром

Спакваля ўкараняюцца і новыя формы работы. Прынамсі, наладжваецца супрацоўніцтва з Палескім універсітэтам у Пінску, дзе ёсць аддзяленне “Турызм і гасціннасць”. Летась сумеснымі намаганнямі мы правялі дзень экскурсавода, у ходзе якога госці прайшлі па нашаму традыцыйнаму маршруту. Ён пачынаецца ля Дугі Струвэ і вядзе да помніка архітэктуры – у Свята-Троіцкую царкву, настаяцель якой, протаіерэй Генадзь Воран, выносіць для пакланення Евангелле, па якім тутэйшыя жыхары маліліся яшчэ ў пазамінулым веку. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі святыня была страчана, доўгі час вандравала па чужбіне, але некалькі гадоў таму назад цудоўным чынам вярнулася на сваё спаконнае месца – у наш Бездзежскі храм. Экскурсійнае падарожжа працягваецца ў музеі, дзе наведвальнікі знаёмяцца з працэсам апрацоўкі льну, тутэйшымі рамёствамі і ўнікальнай гісторыяй нашых бездзежскіх фартушкоў, а завяршаецца яно на этнасялянскім падвор’і, дзе жадаючыя маюць магчымасць прадэгуставаць старадаўнія мясцовыя стравы.

– Наколькі мне вядома, за мінулы год музей “Бездзежскі фартушок” прыняў больш за 300 экскурсій. Якія сталі найбольш адметнымі?

– На адно з прадпрыемстваў прыязджалі партнёры з Індыі, якія наведалі і наш музей. Іх вельмі зацікавіла этнападвор’е, і нам весела было назіраць, як яны імкнуліся авалодаць цэпам для малацьбы снапоў жыта і іншымі старадаўнімі прыладамі сялянскай працы. Запамінальнай была і экскурсія групы палякаў Фонда Тадэуша Касцюшкі ў складзе 45 чалавек, бо яны папрасілі правесці яе на тутэйшым паляшуцкім дыялекце.

Дарэчы, такія просьбы іншым разам паступаюць і ад экскурсантаў з Брэста і суседніх гарадкоў – Бярозы, Іванава, Пінска…

– Ведаю, у вас ёсць сумесны праект з фірмай “Франдеса”, якая зарэгістравана ў Бярозаўскім раёне і займаецца выпускам айчынных хімічных сродкаў аховы раслін. У чым яго сутнасць? І што можа звязваць этнаграфічны музейны комплекс з вытворцамі сучасных гербіцыдаў, фунгіцыдаў, інсектыцыдаў і г.д.?

– Усё пачалося з таго, што летам нам патэлефанавалі прадстаўнікі гэтай фірмы і заказалі экскурсію з падрабязным аглядам бездзежскіх фартушкоў. Яны ўнікліва распытвалі аб паходжанні нашых аўтэнтычных узораў. Вядома ж, мы пацікавіліся, чым абгрунтаваны такі інтарэс да экспанатаў. Нам сказалі, што фірма “Франдеса” мае намер стварыць каляндар 2016 года на фоне бездзежскіх фартушкоў. І мы ахвотна падтрымалі такую задуму, бо гэта была бясплатная рэклама нашаму музею.

А праз колькі часу прыехалі прафесіяналы і правялі фотасесію ўпадабаных узораў. І літаральна напярэдадні Новага года мы атрымалі шыкоўны падарунак – некалькі календароў на бягучы год, у афармленні якіх выкарыстаны ўзоры нашых фартушкоў. Пры гэтым была захавана галоўная думка, якую мы імкнуліся данесці выдаўцам: сюжэты і малюнкі для сваіх фартушкоў бездзежскія дзяўчаты і жанчыны бралі з паўсядзённага жыцця і вышывалі тое, што бачылі наўкола. У пацвярджэнне гэтых слоў у календары ўзоры тутэйшых майстрых суправаджаюцца фотаздымкамі навакольных пейзажаў. Глядзіце: вось кветка герані на фартушку, а вось гэты вазон – у акне сялянскай хаты, далей можна супаставіць узор і фатаграфію сон-травы, шыпшыны, купальскіх вяночкаў, жытнёвых каласоў, чародкі палескіх птушак і г.д. Кожнаму месяцу на календары адпавядае свой узор фартушка і аналагічны фотаздымак, а яго пераплёт выкананы ў выглядзе старога завершскага куфра з адмысловым тутэйшым роспісам. У выніку каляндар атрымаўся сапраўды непаўторным і каларытным, і мы лічым, што гэта выданне дастойна папулярызуе наш музей і яго экспанаты.

Ёсць і эксклюзіўны варыянт гэтага выдання, у афармленні якога выкарыстаны фрагменты сапраўдных бездзежскіх фартушкоў, што былі набыты ў тутэйшых мясцінах. Па словах прадстаўнікоў фірмы “Франдеса”, выпушчана ўсяго з дзясятак такіх календароў, адзін з якіх заняў дастойнае месца ў нашым музеі.

– А што ў бліжэйшых планах?

– Зараз у нас праходзіць святочная акцыя “У гасцях у Дзеда Мароза”, у ходзе якой мы прынялі ўжо больш за 500 гасцей. Сваім наведвальнікам мы прапаноўваем не толькі экскурсійную праграму, але і эксклюзіўныя падарункі ў ільняных мяшочках з нашымі мясцовымі сувенірамі і традыцыйнымі салодкасцямі. Маем заяўкі ад замежных вандроўнікаў. У прыватнасці, турысты з Расіі прыязджалі да нас, каб паглядзець тутэйшы абрад калядавання… А ўвогуле, святочныя мерапрыемствы на тэрыторыі музейнага комплексу ў Бездзежы працягнуцца аж да Вадохрышча. Так што чакаем усіх жадаючых!

Гутарыла Галіна ШАФРАН

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Розничный товарооборот по Дрогичинскому району полугодии 2024 года cоставил 83,9 млн. рублей

Об этом сообщили в главном статистическом управлении Брестской области....

Автомобильный парк Дрогичинского райпо пополнился новым автомагазином

Новая автолавка обслуживает 21 отдаленный населенный пункт нашего района...

Министр транспорта и коммуникаций встретился с коллективом АП № 15 г. Дрогичина

Сегодня в рамках единого дня информирования министр транспорта и...

К сведению недропользователей

Брестское областное управление Госпромнадзора информирует, что с июня 2024 г....