Падрыхтоўка да абласнога фестывалю “Таночак”, які ў чарговы раз праводзіўся на бездзежскай зямлі, суправаджаўся небезпадстаўным хваляваннем: на суботу, 15 мая, калі было запланавана гэта масавае мерапрыемства, прагнозы сіноптыкаў прадказвалі даждлівае надвор’е. І арганізатары, у ліку якіх выступалі ўпраўленне культуры аблвыканкама, абласны грамадска-культурны цэнтр і райвыканкам, не былі ўпэўнены, што зладзіць сустрэчу аматараў народнай творчасці атрымаецца на свежым паветры, на этнападвор’і музейнага комплексу “Бездзежскі фартушок”. Але ж нейкім дзівосным чынам хмары ў той дзень абыходзілі гэтыя мясціны. Хаця наша зямлячка, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра і вялікая прыхільніца фальклору Ларыса Мікалаеўна Быцко пазней прызналася, што, магчыма, гэтаму паспрыяла народнае павер’е.

— Мне адна знаёмая калісьці расказвала,  што перад яе вяселлем бесперапынна ішлі дажджы, і адна пажылая бабуля навучыла яе: трэба прайсці па вёсцы і  паклікаць на бяседу ўсіх сустрэчных катоў. І тады распагодзіцца. Дзяўчына так і зрабіла, і, па яе словах, вяселле гулялі тры дні пры добрым сонечным надвор’і. Вось і я перад нашым мерапрыемствам хадзіла па Бездзежы і склікала на фестываль вясковых катоў. Можна скептычна ставіцца да такіх народных забабонаў, але бачыце ж – у нашым выпадку ўсё спраўдзілася і надвор’е на фестывалі не падвяло, — з усмешкай заўважыць Ларыса Мікалаеўна.

І гэта праўда: мерапрыемства, на якім сабралася каля 300 удзельнікаў з усіх куткоў Брэстчыны, прайшло ў вельмі спрыяльнай атмасферы народнага паяднання вакол сваіх спаконвечных каштоўнасцей  – традыцыйных песень, танцаў, абрадаў, рамёстваў сваіх продкаў-палешукоў.

А 12-й гадзіне на сцэне, святочна ўпрыгожанай бездзежскімі фартушкамі і ручнікамі, пачалося конкурснае выступленне дзіцячых фальклорных калектываў вобласці – тых, каго можна назваць пераймальнікамі і захавальнікамі традыцыйнай паляшуцкай культуры, спадкаемцамі духоўных набыткаў свайго народа. Сапраўды ўнікальныя шэдэўры народнай творчасці вярнулі з нябыту і вынеслі на суд журы і гледачоў удзельнікі  ўзорнага ансамбля фальклорнага танца “Ліпачка” Ліпніцкага СДК. Пад акампанемент народнага ансамбля “Папінскія музыкі”  яны паказалі тутэйшыя абрады “барадайкі”, “ шывароты-вывароты”, жартоўную дражнілку “А мы жыта сеялі”, танцы “Базар”, “Какетка”, “Кракавяк”, “Лявоніха” і “Полька-мост” . І гэта было вельмі дасканалае і зладжанае выступленне, прасякнутае самабытным мясцовым каларытам, які перанялі і панясуць у будучыню маладыя аматары фальклору.

— Доўгі час збіральнікамі і захавальнікамі тутэйшых традыцый і абрадавай культуры ў нашай мясцовасці былі ўдзельнікі калектыву “Скібічане”, а мы з’яўляемся іх спадкаемцамі і працягваем папаўняць скарбонку аўтэнтычных народных твораў.  Не вельмі даўно ў рэпертуары “Ліпачкі” з’явілася жартоўная дражнілка “А мы жыта сеялі” і байка “Іван Купальны”.  Мяняецца і састаў нашага ансамбля: старшакласнікі выпускаюцца са школы, паступаюць вучыцца далей, з’язджаюць са сваёй мясцовасці, на іх месца прыходзяць малодшыя вучні. Пры гэтым некаторыя хлопцы ды дзяўчаткі і пасля школы сваёй сувязі з “Ліпачкай” не парываюць. Да прыкладу,  Сяргей Строк ужо вучыцца ў Кобрыне, а Дзмітрый Янусік — у Драгічынскім ліцэі, але па меры магчымасці яны ўдзельнічаюць у нашых мерапрыемствах. Вось і цяпер яны прыехалі разам з намі, каб выступіць  на абласным фестывалі “Таночак”. Для іх фальклорнае мастацтва стала захапленнем, да якога імкнецца душа. І тое, што яны засвоілі, застаецца з імі на ўсё жыццё, — не хаваючы задавальнення, расказвае пра сваіх выхаванцаў кіраўнік узорнага калектыву “Ліпачка” Юлія Мікалаеўна Мамацюк.

Шчырымі апладысментамі суправаджалася і выступленне аматарскага аб’яднання “Пралесачкі” Брашэвічскага СДК, дзіцячых гуртоў з цудоўнымі назвамі “Жаўручкі”, “Задорынкі”, “Лукаўскія трандыкаўкі”, “Крынічка”, “Згадка”, “Вясёлка” і г.д., якія прадстаўлялі большасць раёнаў Брэстчыны.

А ўзбоч сцэны на музейным падворку развярнулася выстава-продаж рамесніцкіх вырабаў, дзе сваё майстэрства дэманстравалі як вопытныя народныя ўмельцы, так і іх вучні і паслядоўнікі. На адной з пляцовак майстар-клас па пляценню паясоў праводзіў 8-гадовы Мацвей Даўгун, які займаецца ў гуртку пры Антопальскім цэнтры народных рамёстваў. А яго кіраўнік, народны майстар Галіна Міхайлаўна Сцепанюк, зладзіла персанальную выставу сваіх работ, у ліку якіх былі і шыкоўныя карціны з роспісам па шкле. У пасляваенны час яны ўпрыгожвалі многія вясковыя дамы, і Галіне Міхайлаўне хацелася адрадзіць тое даўнішняе рамяство. Але доўгі час яна не магла знайсці арыгінал карціны, каб паглядзець і пераняць тэхналогію роспісу. – Дапамагла экспедыцыя ў Какорыцу. Спынілася на вуліцы і расказваю пажылому дзядулі, за чым я прыехала, а ён і кажа, што многія даўнішнія рэчы пасля смерці жонкі і рамонту ў хаце былі вынесены ў хлеў, дзе, напэўна, даўно пакрыліся пылам і струхлі.  Папрасіла дазволу паглядзець, што там ёсць. А дапытлівая суседка схілілася над плотам і за ўсім назірае… Я пачала разбіраць тыя рэчы: спачатку выцягнула адтуль потысь для ткацтва, потым – яшчэ нешта, а на самым донцы – кавалак карціны, якую так доўга шукала.  Выходжу радасная, шчыра дзякую дзядулю. А суседка праз плот пытаецца: “Што яна там у цябе знайшла?”. А дзед той з гумарам аказаўся. І адказвае: “Я ж табе казаў, што мая Маня там золата схавала”, — узгадвае той выпадак народны майстар з Антопаля Г.М.Сцепанюк, паказваючы сучасныя шэдэўры адноўленага рамяства, створаныя сваімі рукамі…

А тым часам на сцэне шырылася і набірала моцы выступленне фальклорных калектываў раёна і вобласці, у поўнай меры пацвярджаючы словы старэйшай удзельніцы гэтага мерапрыемства, 83-гадовай Еўдакіі Ігнатаўны Зіновіч, якая заўважыла, што “кожная мясцовасць свой голас мае”. І вось загучала старадаўняя песня бездзежскага краю  “Разыгралася іарданская вада” ў выкананні самадзейнага калектыву “Купалінка” пад кіраўніцтвам Мікалая Каласея, а прадоўжыў канцэртную праграму жартоўны нумар у іх выкананні. Звонкія спеўныя галасы сясцёр Валянціны Лук’яновіч, Алы Давідовіч і Святланы Новік, якія прадстаўлялі Леснікоўскі Дом сацыяльных паслуг, суладна і прыгожа выводзілі “Голуб на дубочку, голубка на вышні, скажы, мій мілэнькій, шчо маеш на мыслі…”,  а далей гледачы з задавальненнем і асалодай слухалі кранаючыя песні пра каханне, расстанне, чаканне ў выкананні народнага аўтэнтычнага гурта “Крынічанька” Завершскага СДК. У арыгінальным музычным суправаджэнні, з выкарыстаннем колішніх побытавых прылад,  прайшло выступленне фальклорнага ансамбля  “Таночак” Хомскага СДК.  Воклічамі “браво” суправаджаліся і спевы сямейнага дуэта Еўдакіі Ігнатаўны Зіновіч і Фёдара  Фёдаравіча Булыгі з Вулькаўскага сельскага клуба: нягледзячы на сталы ўзрост, іх галасы не страцілі сваёй меладычнай моцы і, здавалася, даляталі да суседняй Какорыцы, дзе нарадзілася самабытная вясковая пявуння…

Канцэрт на бездзежскім падвор’і завяршылі гасцявыя калектывы, якія прыехалі з Брэсцкай і Мінскай вобласці.  А потым надыйшоў хвалюючы час падвядзення вынікаў конкурснага выступлення дзіцячых фальклорных калектываў. Дыплом 1-й ступені ў намінацыі “Сольныя спевы” быў прысуджаны прадстаўнікам Баранавіцкага раёна, “Ансамблевыя спевы” – аб’яднанню аматараў фальклору  “Згадка” са Століншчыны, “Інструментальная музыка” і “Вусная народная творчасць” – калектывам з Пінскага раёна, пераможцам у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацта” стала Аляксандра Рабцэвіч з Ганцавіцкага раёна, а вось лепшымі танцорамі былі прызнаны нашы канкурсанты — удзельнікі ўзорнага ансамбля “Ліпачка” Ліпніцкага СДК і іх акампаніятары – “Папінскія музыкі”. У бліжэйшы час яны будуць прадстаўляць вобласць на аналагічным рэспубліканскім фестывалі “Берагіня”. Варта таксама адзначыць, што трэцяе масца ў намінацыі “Сольныя спевы” заняла Тэрэза Сакалоўская, якая выступае ў складзе калектыву “Пралесачкі” Брашэвіцкага СДК.

А паколькі фестываль праводзіўся непасрэдна ў Міжнародны дзень сям’і, то памятнымі падарункамі былі адзначаны і работнікі сферы культуры, якія ў мастацтве і рамёствах сцвярджаюць сямейныя каштоўнасці: кіраўнік клуба “Рамонак”  гарадскога Дома культуры Таццяна Цыганчук, народны сямейны калектыў Лук’яновічаў з Леснікоўскага Дома сацыяльных паслуг, Вольга і Валерый Манцэвічы і іншыя самабытныя творцы.

 Са словамі шчырага прызнання да прысутных звярнуліся дырэктар абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Валянцінаўна Каржук і начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама Іна Пракопаўна Праневіч. Яны падзякавалі ўдзельнікаў мерапрыемства за захаванне шэдэўраў народнага мастацтва, якія адлюстроўваюць лепшыя якасці палешукоў-беларусаў і ўзбагачаюць сучасную нацыянальную культуру. А старшыня журы конкурснай праграмы абласнога мерапрыемства, збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры Сяргей Георгіевіч Выскварка агучыў сваю мару: дажыць да таго часу, калі такое свята, як фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”, выйдзе за межы музейнага падворка і будзе праведзены ў сталіцы нашай радзімы – у Мінску.

Завяршылася сустрэча аматараў фальклору далучэннем да мясцовых традыцый: удзельнікі мерапрыемства паўдзельнічалі ў сумесным тутэйшым карагодзе “Стрілка” і  “Пінкавіцкіх танках”, якія знаходзяцца ў Дзяржаўным спісе элементаў нематэрыльянай культурнай спадчыны. І такога вялікага святочнага шэсця, уквечанага нацыянальнымі ўборамі розных куточкаў вобласці і рэспублікі, Бездзеж, пэўна, даўно не  бачыў…

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара