Жыхарка Антопаля стварае салодкія шэдэўры

Дата:

Кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Жыхарка Антопаля Таццяна Данілюк – яркае таму пацверджанне. Любоў да прыгажосці ў Таццяны Уладзіміраўны праяўляецца ва ўсім, да чаго яна датыкаецца. Яшчэ да таго, як на кухні нараджаецца чарговы салодкі шэдэўр, яна стварае жывую казку вакол свайго дома. Яе стараннасць і густ не засталіся незаўважанымі: у 2024 годзе майстрыха была ўзнагароджана граматай мясцовага сельвыканкама за лепшае кветкавае афармленне прысядзібнага ўчастка. Гэтая ўзнагарода стала лагічным пацверджаннем яе таленту – ствараць гармонію і прыгажосць там, дзе яна жыве.

Доўгія гады Таццяна Ула­дзіміраўна працавала з сухімі лічбамі: скончыла школу бухгалтараў, адзінаццаць гадоў аддала гэтай прафесіі ў школе-­інтэрнаце, была паспяховым прадпрымальнікам. Сёння яна працуе ў раённым цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Але сапраўднае прызначэнне Таццяна Ула­дзіміраўна знайшла ў творчасці, якая пахне ваніллю, свежым хлебам і духмяным зефірам.

Розачкі з дзяцінства

Гісторыя яе майстэрства пачалася яшчэ ў школьныя гады. Таццяна Уладзіміраўна з цеплынёй узгадвае ўрокі працоўнага навучання і сваю настаўніцу Ганну Уладзіміраўну Менцык.

– Мы тады вучыліся гатаваць самыя простыя рэчы, – усміхаецца майстрыха. – Пяклі маленькія блінчыкі, якія гарачымі трэба было накруціць на саломку, каб атрымалася розачка. Памятаю, ні ў каго ў класе гэтыя кветкі не выходзілі, а ў мяне – адразу!

Аднак у маладосці жыццё круцілася ў мітусні: праца, справы, клопаты. На тое, каб зразумець, да чаго сапраўды ляжыць душа, спатрэбіўся час. Новы подых хобі атрымала з прыходам у наша жыццё сацыяльных сетак. Паглядзеўшы відэа ў TikTok, Таццяна зразумела: “Я таксама так магу! А ў нечым – нават і лепш”.

Размова з цестам

Больш за ўсё майстрысе падабаецца працаваць з драж­джавым цестам. Яна пячэ булачкі, пірагі і велічныя караваі – часам яны дасягаюць шасці і нават сямі ярусаў! Але галоўны сакрэт не ў рэцэпце, а ў настроі.

– Калі пачынаеш працу, на душы павінна быць ціха і спакойна, – дзеліцца Таццяна Ула­дзіміраўна. – Што б я ні рабіла – ляпіла кветкі ці зацірала цеста – я заўсёды з ім размаўляю, прашу: “Міленькае, не падвядзі, будзь пышным, расці прыгожым”. Я заўсёды ў выпечку ўкладаю душу, а ўжо потым працуюць рукі.

Натхненне майстрыха чэрпае ў дзіцячых успамінах. Пах свежага хлеба, які бабуля даставала з сапраўднай рускай печы, застаўся з ёй на ўсё жыццё. Менавіта гэты пах прымушае яе жыць, тварыць і кожны раз імкнуцца да дасканаласці.

Ад каласкоў да зефірных букетаў

Фантазія Таццяны Данілюк не ведае межаў. Акрамя караваяў, яна стварае неверагодныя кветкі з шакаладу, мармеладу і зефіру. У яе калекцыі – мноства формаў для заліўкі: ад машынак і мішак для дзіцячых набораў да тонкіх лісточкаў, якія не адрозніць ад сапраўдных.

– Самае прыемнае – гэта фініш, – прызнаецца яна. – Калі бачыш вынік, які атрымаўся нават лепшым, чым ты малявала ў галаве. Калі кожны лісцік ляжыць да лісціка.

Кожны выраб майстрыхі – эксклюзіўны. Яна ніколі не капіруе нават свае ўласныя работы, бо кожны раз атрымліваецца інакш, па-новаму. Калі трэба ісці ў госці, Таццяна Уладзіміраўна загадзя малюе будучы падарунак у думках. Хоць зараз і шмат сучасных упрыгожванняў, майстрыха аддае перавагу родным сімвалам: каласкам і васількам – знакам беларускай чысціні.

Перамогі і галоўныя ўзнагароды

Сёння яе шэдэўры вядомыя далёка за межамі сям’і. Адной з самых яркіх работ стаў каравай для ААТ “Асіпавічы” на свята “Дажынкі”.

– Мне хацелася аддзячыць нашых хлебаробаў за іх цяжкую працу, – узгадвае Таццяна. – Мяне прасілі зрабіць па ўзоры, але мой каравай атрымаўся лепшым. Я нават не думала пра месца, проста хацелася, каб людзі ўбачылі і сказалі: “Ваў, вось гэта шэдэўр!” У выніку – заслужанае першае месца.

Але самая адказная і хвалюючая праца была зроблена для роднага чалавека – на вяселле сваёй любімай хрэсніцы Юліі Таццяна Уладзіміраўна спякла пяціярусны торт вагой больш за 20 кілаграмаў! Роўненькі, упрыгожаны кветкамі з вафельнай паперы, якія выглядалі як жывыя, ён стаў сапраўдным сюрпрызам для маладых.

Маладым гаспадыням і тым, хто толькі пачынае свой шлях у творчасці, Таццяна Уладзіміраўна раіць не баяцца першых няўдач.

– Адразу можа нічога не атрымацца, і гэта нармальна, – усміхаецца майстрыха. – Тут патрэбны бязмежнае цярпенне і шчырая любоў да сваёй справы. З кожнай новай спробай, з кожным выпечаным каржом ці зробленай кветкай будзе прыходзіць вопыт. Галоўнае – не кідаць захапленне, калі нешта не выходзіць з першага разу. Трэба спрабаваць зноў і зноў, праяўляць стараннасць, і тады вынік абавязкова парадуе – ён можа стаць нават лепшым, чым вы спачатку планавалі.

Таццяна Данілюк – чалавек, які не баіцца марыць і тварыць. Яе гісторыя вучыць нас: ніколі не позна знайсці справу, ад якой будзе спяваць душа, а жыццё набудзе новы, салодкі смак.

Дар’я САКАРЭЎСКАЯ,
студэнтка 3‑га курса БрДУ імя А. С. Пушкіна.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Памятка по электробезопасности для любителей рыбной ловли и других видов активного отдыха

Несмотря на проводимую системную работу, в республике по-прежнему имеются случаи...

В Гродно проходит VI Форум медийного сообщества Беларуси

14 и 15 мая Гродно принимает VI Форум медийного...

Антон и Наталья Репич – о семейных ценностях и традициях

Создание семьи для человека – это рождение нового мира,...

В Беларуси сегодня отмечается День семьи

Международный день семей отмечается ежегодно 15 мая в соответствии...