spot_img

Зіма праверыць

Дата:

Асновай дабрабыту грамадства і сацыяльнай абароненасці людзей была і застаецца паспяховая работа вытворчай сферы, і менавіта таму першым на парадку дня нядаўняга пасяджэння райвыканкама, якое прайшло ў мінулую пятніцу пад кіраўніцтвам старшыні раённай прэзідэнцкай  “вертыкалі” Юрыя Васільевіча Дзядзюка, значылася пытанне: “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў бягучага года”.

Не толькі колькасцю, але і якасцю

Даклад па гэтай тэме распачаў намеснік старшыні райвыканкама С.В.Карпенка, які адзначыў, што развіццё эканомікі раёна ў значнай меры падпарадкавана агульным тэндэнцыям, якія існуюць на расійскім рынку, а таксама – у рэспубліцы і вобласці. І за справаздачны перыяд – са студзеня па кастрычнік— з 12 асноўных паказчыкаў прадпрыемствы Драгічыншчыны выканалі 3: увод жылля ў эксплуатацыю, стварэнне малых і мікрапрадпрыемстваў, а таксама стварэнне новых рабочых месц у сферы малога прадпрымальніцтва. Пры гэтым у раёне не дасягнуты прагнозныя паказчыкі па росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, выкананню падрадных работ, рознічнаму тавараабароту, па намінальнай сярэднямесячнай зарплаце, экспарту тавараў і г.д.

Канкрэтызуючы сітуацыю, Сяргей Віктаравіч падкрэсліў, што індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай прадукцыі за 9 месяцаў бягучага года склаў 98,3 % пры заданні 101 %. З перавыкананнем гэтых паказчыкаў адпаведна на 137 і 103 % працавалі ААТ “Экзон” і РУВП “Экзон-Глюкоза”. Станоўчая тэндэнцыя намецілася і на тутэйшым камбікормавым заводзе, дзе зараз штомесячна нарошчваюць аб’ёмы выпуску сваёй прадукцыі.

Пры гэтым шэраг прадпрыемстваў дапусцілі спад вытворчасці. І найбольш крытычная сітуацыя склалася на Драгічынскім трактарарамонтным заводзе, дзе асноўныя прагнозныя паказчыкі выкананы крыху больш як напалавіну, што не лепшым чынам адбіваецца на фінансава-эканамічным становішчы прадпрыемства. Работа ТРЗ была прызнана нездавальняючай і, згодна рашэння райвыканкама, кіраўнік і спецыялісты завода павінны ў бліжэйшы час “выпрацаваць і вынесці на разгляд канкрэтныя прапановы па арганізацыі эфектыўнай вытворчасці ў кааперацыі з прадпрыемствамі рэспублікі і за яе межамі”.

Зніжэнне індэкса прамысловай вытворчасці назіраецца і  на сумесным беларуска-расійскім прадпрыемстве “Фрост і К”. У ліку прычын, што прывялі да такога становішча, узгадвалася тое, што апошнім часам гандлёвыя кропкі “Белкаапсаюза” у межах рэспублікі неахвотна бяруць на рэалізацыю пітную і мінеральную ваду тутэйшай вытворчасці. А паколькі “Фрост і К” – валаўтваральнае прадпрыемства раёна, якое пералічвае ў бюджэт недзе каля 8 % ад усіх падатковых паступленняў, то такое становішча выклікае асаблівую занепакоенасць, і з боку мясцовых улад будуць прымацца ўсе неабходныя меры, каб вырашыць праблему і ўрэгуліраваць сітуацыю.

Разам з тым у сваім дакладзе С.В.Карпенка падкрэсліў, што, нягледзячы на зніжэнне індэксаў прамысловай вытворчасці за 9 месяцаў бягучага года, у жніўні і верасні назіраліся станоўчыя зрухі ў дзейнасці прамысловага комплексу раёна. Будзе добра, калі яны стануць не выпадковасцю, а тэндэнцыяй…

Аб становішчы спраў у сферы сельгасвытворчасці праінфармаваў першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Мікалаевіч Пачко. Паводле яго слоў, за 9 месяцаў бягучага года тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 100,5 % (пры заданні 103,5%), у тым ліку ў раслінаводстве – 97%, у жавёлагадоўлі – 103,4%. Зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці дапусцілі калектывы СВК “Аляксеевічы-Агра”, “Імянінскі”, “Асіпавічы”, ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод”, племзавод “Заказельскі”.

На паказчыках у галіне раслінаводства не лепшым чынам адбілася тое, што сёлета тутэйшыя сельгаспрадпрыемствы недабралі ўраджаю бульбы, кукурузы на сілас і зерне, цукровых буракоў і г.д.  Негатыўным момантам Сяргей Мікалаевіч назваў і той факт, што на працягу апошніх гадоў у раёне не выконваецца заданне па нарыхтоўцы травяністых кармоў для грамадскай жывёлагадоўлі і  перазалужэнню пашавых угоддзяў і сенажацяў. Адсюль – і нізкія паказчыкі. У прыватнасці, у  сельгаспрадпрыемстве “Гутава” з запланаваных 1170 гектараў угоддзяў перазалужылі толькі 550 гектараў, а значыць, кармоў і пашы ў іх не прадбачыцца не толькі сёлета, але і ў бліжэйшай перспектыве. І гэта пры тым, што за 9 месяцаў надоі на карову ў гаспадарцы склалі ўсяго 2457 кг. малака пры агульнараённым паказчыку 3347 кг.

У сваім дакладзе С.М.Пачко абстрагаваў увагу і на якасці малочнай прадукцыі, зазначыўшы, што зніжэнне гэтага паказчыка дапускаюць у СВК “Радастаўскі”, “Радавецкі”, “Імянінскі”, “Асіпавічы” і г.д. З пачатку года страты ад таго, што ў гаспадарках недаатрымліваюць малака класам “экстра” і вышэйшым гатункам, выліліся ў каласальную суму – 40 млрд. рублёў. Так што галоўным рэзервам  умацавання фінансава-эканамічнага становішча сельгаспрадпрыемстваў, які не патрабуе значных матэрыяльных укладанняў, Сяргей Мікалаевіч назваў устойлівае павышэнне якасці малочнай прадукцыі. І добрыя прыклады ў гэтым накірунку ёсць. Прынамсі, з нядаўняга часу малако “экстра”-класа пачалі атрымліваць на фермах СВК “Ліпніцкі”, і дзень пры дні яго колькасць павялічваецца…

Калі ж гаварыць у агульным, дык сітуацыя ў жывёлагадоўлі апошнім часам палепшылася, хаця наперадзе – нялёгкая зімоўка грамадскага статку. І каб кампенсаваць недахоп кармоў, у многіх гаспадарках прыступілі да сіласавання здробненай саломы і жмыху цукровых буракоў…

Блок эканамічных пытанняў завяршыла начальнік фінансавага аддзела Алена Фёдараўна Бандарук, у дакладзе якой было агучана, што за 9 месяцаў бягучага года ў бюджэт раёна паступіла 279 193 млн. рублёў. Пры гэтым сродкі, атрыманыя з абласнога бюджэту, складаюць 159 536,9 млн.рублёў ці  57,1%, уласныя даходы – 42,9 %.

Пазней былі заслуханы кіраўнікі адстаючых прадпрыемстваў, кожны з якіх агучыў свой план выхаду падначаленага прадпрыемства на прагнозныя паказчыкі.

Будучыня выхоўваецца сёння

У адкрытай, зацікаўленай, дыскусійнай форме прайшло абмеркаванне пытання “Аб ходзе рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў 2015 годзе”. З асноўным дакладам па гэтай тэме выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Леанід Сцяпанавіч Куроўскі, яго садакладчыкам быў першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Дзмітрый Анатольевіч Быб. Было адзначана, што ў нашым раёне пражывае 5849 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае 15,4% ад агульнай колькасці насельніцтва, і гэта – галоўны рэсурс нашага грамадства, яго будучыня. Дакладчыкі распавядалі аб шматлікіх мерапрыемствах, накіраваных на ўмацаванне прэ- стыжу сям’і, фарміраванне здаровага ладу жыцця, на падтрымку таленавітай моладзі і сацыяльную абароненасць маладых спецыялістаў, на заахвочванне і ўшанаванне лепшых працаўнікоў гэтай узроставай катэгорыі.

У ходзе пасяджэння жывое, нефармальнае абмеркаванне знайшлі і некаторыя з відавочных праблем мясцовага значэння. А іменна: чаму маладыя людзі вабяць час на стыхійна арганізаваных пляцоўках ля магазіна “Родны кут” і аўтазаправачнай станцыі, ствараючы тым самым пагрозу для бяспекі дарожнага руху, і як прывабіць іх адпачываць ва ўстановы культуры? І ў гэтым накірунку прагучала нямала слушных прапаноў, якія паступова будуць рэалізаваны ў дзеянні.

Пры гэтым старшыня райвыканкама Ю.В.Дзядзюк засяродзіў увагу на сістэматычнай прафарыентацыйнай рабоце ў моладзевым асяродку, а таксама даручыў абагуліць і шырока прапагандаваць вопыт настаўніцтва, калі майстэрства вопытных працаўнікоў у розных сферах перадаецца маладым рабочым і спецыялістам.

Зіма праверыць

Завяршылася пасяджэнне райвыканкама абмеркаваннем пытання “Аб гатоўнасці  народнагаспадарчага комплексу да работы ў асенне-зімовы перыяд 2015-2016 года”. Аб сітуацыі праінфармаваў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Аляксеевіч Аніська. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што запланаваныя работы ў гэтым накірунку завершаны. У поўным аб’ёме выканана заданне па замене неэканамічных катлоў, прафілактычнаму рамонту цэнтральных цеплапунктаў, інжынерных сістэм і г.д. Райкамунгасам падрыхтавана 17 адзінак снегаўборачнай тэхнікі, назапашана 1700 тон пясчана-саляной сумесі і 180 тон пяску.

Паводле слоў дакладчыка, зіма не застане знянацку і тутэйшых дарожнікаў. Так, ДЭУ-22 для падтрымання парадку на дарогах рэспубліканскага значэння будзе выкарыстоўваць 10 адзінак снегаачышчальнай тэхнікі, 1040 тон тэхнічнай солі і 864 тоны пясчана-саляной сумесі. Не адстаюць і ў калектыве ДРБУ-177: для ўстойлівай работы ў зімовы перыяд  у іх маецца 27 адзінак спецыяльнай тэхнікі і нарыхтавана 4078 тон пясчана-саляной сумесі…

І не за гарамі той час, калі першы снег ці маразы правераць не тэарэтычную, а практычную гатоўнасць дарожнікаў да зімы.

Галіна ШАФРАН

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Руководство района приняло участие в акции «Дай лесу новае жыццё!»

Руководство Дрогичинского района во главе с председателем районного исполнительного...

Мнение: выбирать лидера своей страны – одна из первоочередных задач каждого

Выбирать лидера своей страны - одна из первоочередных задач...

Карпенко рассказал, какие даты рассматривались для проведения выборов Президента Беларуси

Председатель ЦИК Игорь Карпенко рассказал журналистам, какие даты рассматривались...

Лукашенко: я поддерживал и поддерживаю Россию, но защищать буду интересы белорусского народа

Президент Беларуси Александр Лукашенко в интервью журналисту Би-би-си Стивену...