spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Бацькава навука

Дата:

Усё сышлося-зладзілася самым найлепшым чынам: і надвор’е на ўвесь перыяд уборкі бы па заказу выдалася, і здароўе не падвяло, і камбайн “Палессе”, кожны вузел якога яшчэ да пачатку асноўных сезонных работ быў старанна перабраны і дагледжаны ўласнымі рукамі яго кіроўцаў, паспяхова вытрымаў напружанне жніўных дзён. Усё гэта спрыяла таму, што надзея на добрыя намалоты, якая яшчэ некалькі тыдняў таму назад здавалася даволі прывіднай, збылася!

У ліку пераможцаў сёлетняга жніва – і сямейны экіпаж СВК “Брашэвічы” ў саставе Віктара Іванавіча Краўчука і яго сына Расціслава, якія сабралі больш за 1050 тон зерня. Павіншаваць лідараў і падзякаваць ім за руплівасць і старанне прама ў поле выехалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Анатоль Іванавіч Спосаб, мясцовы прадстаўнік гэтай грамадскай арганізацыі Галіна Мікалаеўна Піцуха, кіраўнік кааператыва Фёдар Мікалаевіч Жыдковіч і галоўны аграном гаспадаркі Віктар Уладзіміравіч Чурыла. Уручыўшы хлебаробам падарункі і квартальную падпіску на раённую газету “Драгічынскі веснік”, мы распыталі герояў жніва аб тым, як складваўся іх сямейны экіпаж і наколькі зручна працаваць бацьку і сыну ў адной суполцы?

Размова была непрацяглай, бо адчувалася, што камбайнерам карцела хутчэй сесці за штурвал і працягваць работу. Яно і зразумела: на жніве кожная дарэмна патрачаная хвіліна – гэта ўпушчаны заробак.

“Неаднаразова бачыў, што нават у той час, калі ў поле прывозяць абед ці вячэру, камбайны не спыняюцца: адзін з членаў экіпажа выходзіць перакусіць, а другі працягвае работу. А потым – мяняюцца. Прычым ніхто і нікога не настройваў на такі працоўны распарадак. Людзі самі стараюцца, каб своечасова і пры добрым надвор’і завяршыць работу”, – патлумачыў сітуацыю старшыня СВК “Брашэвічы” Ф.М.Жыдковіч.

Фёдар Мікалаевіч узгадаў і той даўні час, калі на тэрыторыі гаспадаркі з’явіўся спакойны і разважлівы незнаёмец. Аказалася, што тады, у далёкім 1998 годзе, украінец Віктар Іванавіч Краўчук наведаўся ў госці да сястры, якая выйшла замуж за мясцовага хлопца. Заезджаму чалавеку спадабалася гаспадарка і тутэйшыя парадкі, і ён папрасіўся на работу. А праз некаторы час мужчына купіў на тэрыторыі сельсавета, у Завялёўі, невялічкі домік. І перавёз сям’ю – жонку і сына Расціслава. Малодшыя дочкі Краўчукоў – Крысціна і Марыя – нарадзіліся ўжо ў Беларусі. Дзякуючы гаспадарлівасці Віктара Іванавіча, цяпер тую хацінку, дзе сям’я перасяленцаў пачынала сваё новае жыццё, пазнаць немагчыма: яна дабудавана, абуладкавана, да дома падведзены прыродны газ, і цяпер Краўчукі з нецярплівасцю чакаюць, калі “адкрыюць кран і можна будзе скарыстацца гэтымі зручнасцямі”. Але гэта – добрыя перспектывы.

Cямейны экіпаж камбайнераў-тысячнікаў у саставе Віктара Іванавіча і Расціслава Віктаравіча Краўчукоў прымае віншаванні з працоўнай перамогай
Cямейны экіпаж камбайнераў-тысячнікаў у саставе Віктара Іванавіча і Расціслава Віктаравіча Краўчукоў прымае віншаванні з працоўнай перамогай

А пакуль вясковы механізатар В.І.Краўчук разам з сынам, студэнтам факультэта фізвыхавання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, штодня спяшаюцца на мехдвор, каб праверыць спраўнасць камбайна і па камандзе агранома адразу выехаць у поле. У адным экіпажы Віктар Іванавіч і Расціслаў працуюць ужо не першы год. Прычым, як заўважаюць многія, дзякуючы бацькавай навуцы, сын стаў сапраўдным хлебаробам-прафесіяналам, і за штурвалам зернеўборачнай тэхнікі старшы камбайнер і яго памочнік шчыруюць нароўні.

Як Краўчук-старэйшы прывучаў сына да работы на зямлі? Вельмі проста: распытваў Росцік пра сельгастэхніку – цярпліва расказваў і паказваў, прасіў узяць з сабой у поле – бацька не адмаўляў і не спасылаўся на занятасць. Таму і вырас сын дастойным памочнікам…

“Прычым Віктар Іванавіч вучыць свайго маладога напарніка працаваць не толькі спраўна і хутка, але і якасна, каб да мінімуму звесці страты зерня на хлебнай ніве . Таму і паказчыкі ў іх дастойныя”, – пацвярджае галоўны аграном кааператыва В.У.Чурыла.

Дарэчы, не ў меншай меры ганарацца Краўчукі і поспехамі сваіх дачок: старэйшая Крысціна выступае ў складзе вядомага ў раёне народнага ансамбля “Зараначка”, а Марыйка пакуль радуе сваімі спевамі на школьных канцэртах.

Жонка і маці нашых суразмоўнікаў працуе ў Брашэвіцкім лясніцтве, і зараз, пакуль Віктар Іванавіч і Росцік днямі заняты на жніве, на яе плячах ляжыць і асноўны цяжар хатніх гаспадарчых спраў. Але ж мужчыны прыкладаюць усе намаганні, каб наблізіць чаканае сямейнае і вясковае свята – дажынкі…

Гэта бачылася і ў тым, што героі нашага ўшанавання, камбайнеры-тысячнікі Краўчукі, з нецярплівасцю пазіралі на пакінуты камбайн і стараліся хутчэй завяршыць гаворку, каб прадоўжыць жніво на апошніх гектарах. І мы не сталі іх затрымліваць…

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Стали частью яркой истории. Молодежь Дрогичинского района поделилась впечатлениями от участия в мероприятиях

В День народного единства в Минске стартовал Республиканский проект...

У Драгічыне прайшло святочнае мерапрыемства для ветэранаў-медыкаў

Душэўная дружалюбная абстаноўка панавала 2 кастрычніка ў чытальнай зале Драгічынскай бібліятэкі....

Председатель гаражного кооператива в Дрогичине присваивал деньги собственников

В сентябре суд Дрогичинского района рассмотрел уголовное дело в...

Радостовская больница в числе победителей конкурса по благоустройству

Радостовская участковая больница по итогам областного смотра-конкурса по благоустройству...