70 год Вялікай Перамогі: страх перад мінулым

Дата:

Яе старасць можна назваць дагледжанай і дабрабытнай. У свае 93 гады Марыя Піліпаўна Цыгельская з Літоўска яшчэ даволі жвава ходзіць на сваіх нагах, мае добрую памяць і, што вельмі важна для чалавека ў яе паважаным узросце, яна  штодзённа і пастаянна адчувае клопат, увагу, падтрымку блізкіх і дарагіх людзей, і найперш – сваёй адзінай дачкі Зоі і яе сям’і . Пры гэтым пажылая жанчына і цяпер не перастае здзіўляцца, як гэта ёй удалося вытрымаць голад і холад, адолець смерць і дакрочыць да сённяшніх дзён, калі  ёсць дастатак, усяго хапае, і калі збылося тое, аб чым у былыя гады, калі яна маленькім басаногім пастушком хадзіла за статкам кароў, каб зарабіць кавалак хлеба, – і не марылася.

Марыя Піліпаўна Цыгельская з дачкой, Зояй Паўлаўнай Мініч
Марыя Піліпаўна Цыгельская з дачкой, Зояй Паўлаўнай Мініч

”Успамінаю мінулае – і плачу. Нават не верыцца, што тое са мной было…” – гаворыць пажылая вясковая пенсіянерка. І з зайздроснай для яе ўзросту дакладнасцю пераказвае гісторыю свайго нялёгкага жыцця…

“Нарадзілася я ў Літоўску, у 1921 годзе. Жылі бедна, і каб падтрымаць гаспадарку, бацька паехаў на заробкі ў Канаду, і нас з матуляй і маім малодшым братам намерваўся вызваць да сябе. Але нічога не атрымалася: ён памёр на чужыне, а мы як былі, так і засталіся ў нястачы. З польскай школы мама мяне выпісала, калі я была ў другім класе, бо трэба было пасвіць кароў. Так з маленства я вучылася працаваць і зарабляць свой кавалак хлеба”, – распавядае жанчына. Спыняецца на хвілінку, каб прывесці ў парадак устрывожаную памяць, і працягвае свой маналог далей:

“А ў 1939 годзе ў нашы мясціны прыйшла Савецкая ўлада, і мяне разам з групай мясцовай моладзі накіравалі на курсы трактарыстаў у Пінскі раён, у вёску Дубае.  Памятаю, што ў нядзелю, 22 чэрвеня 1941 года, нас з раніцы адправілі ў лес, каб мы да абеду сабралі і прынеслі  ў сталоўку грыбоў і шчаўя. Але не паспелі  агледзецца, як прагучала каманда вярнуцца назад, у двухпавярховае памяшканне, дзе мы пражывалі. Усе чулі, што недзе “грыміць і бухае”, але яшчэ не разумелі, што гэта такое. Нас зачынілі ў тым памяшканні, і на ўсе нашы роспыты супакойвалі, што нічога страшнага не адбываецца.

Потым наступіў вечар, затым – і ноч, многія ўлегліся адпачываць. А мне – ніяк не спіцца. Бо ўсё бліжэй чуецца нейкі грукат,  і гэты незразумелы гул нарастае. Разам са сваёй напарніцай, якая была з Пінскага раёна, мы спусціліся на першы паверх, каб выйсці на вуліцу і паглядзець, што там дзеецца. А вартаўнік стаіць ля дзвярэй і тлумачыць, што яму забаронена выпускаць каго-небудзь з памяшкання. Мы ўжо зноўку наверх ісці хацелі, а на дварэ як грымнула – сцены заварушыліся, лесвіца захісталася, і адтуль, з другога паверха, людзі пасыпаліся. На вартаўніка ўжо ніхто не звяртаў увагі. Усе кінуліся па старанах. Мы з напарніцай таксама выбеглі на вуліцу. А там самалёты бомбы сыплюць і так  нізка лятаюць, што, здавалася, за галаву чапляюцца…

Потым усё прыціхла, і мы вярнуліся ў памяшканне, дзе нас ужо ніхто не стрымліваў. Усе зразумелі, што гэта – вайна…  Я забрала свой клунак з небагатымі пажыткамі, развіталася з напарніцай, і кожны рушыў сваёй дарогай.

Я ішла і дакарала сябе, што адарвалася ад хлопцаў, якія былі з нашай мясцовасці, бо з імі ў дарозе  было б смялей. Так падыйшла да нейкай вёскі, пачала выглядаць калодзеж, каб папіць вады. Ад убачанага аж дух захапіла ад радасці – ля студні я сустрэла тых самых хлопцаў-землякоў, з якімі вучылася на курсах. З імі і накіраваліся ў далейшую дарогу – дадому.  Ішлі лесам, а па тракту ў гэты час рухалася тэхніка. Нашы адступалі…”

Так яны з Пінска дабраліся да Закозеля. Марыя  пайшла да сваякоў, якія жылі на хутары ў Валаўлі, і яны адвезлі яе ў Літоўск. А там, у двары, былі ўжо немцы.

Пачалося нялёгкае жыццё ў акупацыі. Марыін хросны бацька быў у вёсцы солтысам, і ўсякі раз намерваўся адправіць дзяўчыну з малодшым братам Мікалаем у Нямеччыну. Магчыма, ён лічыў, што робіць для іх лепш. Але ні сама  Марыя, ні яе брат з матуляй такога “дабра” не хацелі. Каб іх не засталі дома знянацку, яны начавалі ў суседскім хляве з падвоенымі сценамі. А  потым, калі стала бачна, што рана ці позна іх знойдуць і вывезуць на чужыну, брат сказаў маці з сястрою: “Збярыце ўсё самае неабходнае і чакайце мяне! Калі сцямнее,  будзем перапраўляцца да партызан”.

І праўда, у тую ж ноч за імі прыехала падвода, яны хуценька пагрузілі што-кольвечы з пажыткаў, прывязалі карову і нават цяля ўзялі, і ціхенька рушылі з Літоўска за Дняпроўска-Бугскі канал, у вёску Вялікі Лес, дзе была партызанская зона. Там спыніліся ў хаце дваюраднай сястры. Брат Коля Цыгельскі пайшоў ваяваць у партызанскі атрад імя Шыша, а Марыя з маці і іншымі жанчынамі дапамагалі лясным салдатам у гаспадарчых справах.

А потым пачалася абарона Дняпроўска-Бугскага канала, і праз вёску павезлі забітых і параненых партызан. Марыя з маці штораз выбягалі  з хаты, каб паглядзець, ці няма сярод іх брата. Аднойчы дзяўчына пачула стогн параненага, а пазней – і знаёмы голас, па якім пазнала суседа Гапановіча. Ён, перамагаючы боль, прамовіў: “Кідайце ўсё і хутчэй уцякайце!” І яны разам з іншымі членамі партызанскіх сем’яў рушылі ў лес,  дзе ўжо ладзілася пераправа праз балота, каб выйсці ў бок вызваленых ад фашыстаў украінскіх вёсак. Праз Вялікую Глушу, Кахоцкую Волю, Нявір яны дабраліся да Ковеля.

Вайна была зусім блізка, нашы войскі працягвалі наступленне, і  Марыю разам з іншымі дзяўчатамі і жанчынамі вазілі капаць салдацкія акопы. “Суткамі з зямлі не вылазілі”, – успамінае жанчына. А потым наступіў момант, калі сілы ў яе зусім не засталося: выйшла  з акопа, лягла на зямлю і падняцца ўжо не змагла. Аказалася, што дзяўчына захварэла на тыф. Лячыў яе партызанскі доктар, і Марыі суджана было выжыць. Праўда, галава ад тых лекаў у яе тады аблысела, бы калена. І пасля вайны, калі яна праходзіла флюараграфічнае абследаванне, у яе кожны раз выяўлялі плямы на лёгкіх і накіроўвалі ў анкалагічны дыспансер. І толькі пазней медыкі разабраліся, што пажыццёвымі рубцамі на лёгкіх у яе засталіся сляды ад цяжкага тыфу.

Потым Марыя з маці вярнуліся дадому, у Літоўск, дзе ад хаты толькі сцены засталіся. Але ж жыццё пакрыху наладжвалася: дзяўчыне прапанавалі работу на пошце, пасля яна выйшла замуж, нарадзіла дачушку. Праўда, сямейнае шчасце не заладзілася: муж паехаў на заробкі і там згінуў. Дачку Зою  Марыя Піліпаўна сама выгадавала. Каб пракарміцца, жанчына пакінула работу на пошце і пайшла працаваць у жывёлагадоўлю, дзе, па словах маёй пажылой суразмоўніцы, яна  “амаль трыццаць гадоў за сваю работу пахвалу ды граматы атрымлівала”.

Так неўпрыкмет і жыццё праляцела. Унукі выраслі, праўнукі  падрастаюць. Жанчыну, якая яшчэ ў 1944 годзе атрымала пасведчанне партызана, заверанае камандзірам атрада (яго Марыя Піліпаўна Цыгельская за-хоўвае да цяперашняй пары), не пакідаюць без увагі ні ў сельсавеце, ні ў гаспадарцы, дзе яна працавала. А літаральна нядаўна пенсіянерку наведалі медыкі з раёна, якія праводзяць планавае абследаванне ветэранаў вайны. Бабулі прапанавалі легчы ў бальніцу, каб падтрымаць здароўе. Але Марыя Піліпаўна адмовілася ад лячэння. Яна лічыць, што і так затрымалася на гэтым свеце, і яе ўжо ніколькі не палохае смерць ад старасці, бо “дай Бог кожнаму пражыць столькі…” І да цяперашніх дзён 93-гадовую бабулю толькі адно трывожыць: каб вайна больш ніколі не паўтарылася і каб яе блізкія ніколі не зведалі яе жахаў…

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Республиканский субботник проходит в Дрогичинском районе (ФОТОРЕПОРТАЖ)

Руководство района во главе с председателем райисполкома Сергее Пачко,...

Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на площадке Национального исторического музея

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на...

Какие цифровые специальности востребованы на рынке

О наиболее востребованных на рынке цифровых специальностях рассказала консультант...

Первый в Беларуси робот-продавец появился на заправке под Гомелем

Первый в стране роботизированный торговый павильон "Белоруснефть-Гомельоблнефтепродукт" открылся на...