Спаконвечныя, выпеставаныя многімі пакаленнямі палешукоў народныя песні, якія па сённяшні дзень захоўваюцца ў вёсцы Леснікі і гучаць у выкананні сямейнага калектыву Лук’яновічаў, да глыбіні душы кранаюць сваёй непасрэднасцю і шчырасцю. Адну з такіх – “Голуб на дубочку” – ансамбль у складзе трох родных сясцёр – Валянціны Лук’яновіч, Алы Давідовіч, Святланы Новік і іх юных паслядоўніц – Яны Давідовіч і Крысціны Новік – выканаў на раённым этапе прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны-2016”. За гэты адмысловы і каларытны нумар мясцовае журы выставіла ім найвышэйшыя адзнакі. І не памылілася. Песня прайшла абласны адборачны тур, трапіла ў фінал і прагучала ў заключным канцэрце пераможцаў рэспубліканскага конкурсу, які прайшоў нядаўна ў Мінску, у Палацы культуры прафсаюзаў, і быў прыўрочаны да юбілейнай даты – 60-годдзя гэтай установы.

Пасля вяртання дадому кіраўнік Леснікоўскага сямейнага калектыву В.М.Лук’яновіч расказала пра іх даўняе захапленне народнай творчасцю і падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе “Новыя імёны-2016” і выступлення на галоўнай прафсаюзнай сцэне.
– Валянціна Мікалаеўна, ваш калектыў даўно і часта выступае на вясковых і агульнараённых масавых мерапрыемствах, паказваючы даўнішнія мясцовыя абрады і выконваючы тутэйшыя народныя песні. Раскажыце, як і з чаго пачыналася ваша захапленне, як быў створаны і развіваўся ваш сямейны калектыў?
– У нашай сям’і – трое братоў і тры сястры, і, як мне помніцца, песні ў нашым доме гучалі з самага маленства. Спявалі бацькі, нас падтрымлівалі бабулі, якія таксама жылі ў Лесніках і, што самае дзіўнае, якіх нават звалі аднолькава: і адна, і другая была Соф’яй Васільеўнай. Бацькава маці доўгі час спявала ў царкоўным хоры, і менавіта ад яе мы перанялі мясцовыя калядныя песні і тутэйшыя хрысціянскія абрады.
Песня была часцінкай нашага паўсядзённага жыцця, аддушынай у кругавароце сялянскіх клопатаў. Памятаю, што першымі ў складзе нашага сямейнага калектыву пачалі выступаць сястра Ала і браты Сяргей і Валерый. Хутка да іх далучыліся Святлана і Валодзя. А затым і мая чарга прыйшла…
– А хто ж вучыў вас спяваць?
– Спявала я разам з мамай, Раісай Іванаўнай, разам з бабуляй, якія да гэтай пары жывуць у нашай вёсцы. З удзячнасцю ўспамінаецца колішняя пачатковая школа ў Лесніках, мая першая настаўніца Валянціна Аляксееўна Жарко, якая вучыла мяне танцаваць “Польку-еньку” і “Свеціць месяц”. Пазней, калі я пайшла ўжо вучыцца ў Немяржанскую СШ, пастаянна выступала разам з хорам пад кіраўніцтвам Ларысы Мікалаеўны Ігнатчык. Таму на пачатковым этапе стартавай пляцоўкай для ўсіх нас станавілася школьная сцэна.
Памятаю, што яшчэ ў мае школьныя гады да нас прыязджала здымачная група Беларускага тэлебачання, якую ўзначальваў вядомы рэжысёр Генадзь Мезенцаў, і пасля ў тэлеэфір выйшла праграма “З песняй па жыцці”аб творчасці нашага сямейнага калектыву.
Пазней браты пажаніліся, сёстры павыходзілі замуж і раз’ехаліся з бацькоўскага дома. Але ж калі збіраліся, то заўжды спявалі. У тым ліку – і “Голуб на дубочку” – адну з любімых сямейных песень, якая гучала ў нашым доме з самага маленства. Там такія па-народнаму шчырыя і зразумелыя словы:
“…Да маёй дзяўчыны
Дарога вузенька,
Бо мая дзяўчына,
Ступае лёгенька,
У правай руцэ ключы
Ад майго сардэнька.”
– З гэтай песняй вы выступілі і перамаглі на раённым і абласным этапах рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны-2016”.Раскажыце, як рыхтаваліся да яго, у якім саставе выступалі, як успрынялі той факт, што трэба будзе паказаць сваю творчасць на рэспубліканскай сцэне?
– Зараз у асноўным складзе нашага сямейнага калектыву разам са мной спяваюць сёстры са сваімі дочкамі: Ала Мікалаеўна Давідовіч, якая працуе санітаркай на Немяржанскім ФАПе і прыбіральшчыцай у сельмагу, Святлана Мікалаеўна Новік, жывёлавод сельскагаспадарчага кааператыва ў аграгарадку Міжлессе Бярозаўскага раёна, і мае пляменніцы, навучэнка ліцэя Яна Давідовіч і школьніца Крысціна Новік. У такім саставе мы прынялі ўдзел і ў прафсаюзным конкурсе творчасці працоўных калектываў.
Так атрымалася, што на дзень правядзення раённага этапа выпала яшчэ адно важнае мерапрыемства: каманда вучняў Немяржанскай СШ, з якой я займалася, выступала на конкурсе “Радавод”, які праходзіў на базе СШ № 1 г.Драгічына. А адтуль я хуценька паімчала ў гарадскі Дом культуры, дзе мяне ўжо чакалі блізкія, каб выйсці на сцэну сямейным калектывам і паўдзельнічаць у прафсаюзным творчым саперніцтве. І Дыплом пераможцы ў раёне для нас стаў сапраўды прыемнай нечаканасцю.
Далей трэба было адправіць відэазапіс нашых песень для адбору на абласны этап конкурсу, і ў гэтым нам вельмі дапамог інжынер грамадскага Драгічынскага тэлебачання Сяргей Паўлавіч Марачук. Акурат на Благавешчанне мы выступалі на тэрыторыі музея “Бездзежскі фартушок”, і ён запісаў відэаролік з нашымі конкурснымі песнямі, які мы адправілі для прагляду абласному журы. На ўсіх этапах нас пастаянна падтрымліваў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Анатоль Іванавіч Спосаб. Так што ў нашым поспеху – заслуга многіх людзей.
– І як развіваліся падзеі далей?
– У Брэсце мы атрымалі спецыяльны прыз журы і выйшлі ў фінал рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны-2016”. Нас запрасілі ў Мінск, дзе мы амаль тыдзень жылі на аздараўленчай базе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на Мінскім моры. У час падрыхтоўкі да выступлення ў фінальным канцэрце, які прайшоў 20 мая на сцэне рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, мы трапілі ў групу кампазітара Генадзя Маркевіча і спявачкі Вольгі Плотнікавай, і з намі займаліся прафесіянальныя педагогі па вакалу і харэографы.
– Да гэтага ў вас ужо быў вопыт удзелу ў мерапрыемствах такога ўзроўню?
– У свой час наш ансамбль некалькі разоў выступаў на фестывалі “Па майскай расе” і на “Ягелонскім кірмашы” ў Польшчы, быў удзельнікам рэспубліканскага конкурсу сямейнай творчасці. Але ж кожнае такое мерапрыемства – гэта новы вопыт, новыя ўражанні і прыгоды…
– І якія неспадзяванасці чакалі на гэты раз…
– Песня “Голуб на дубочку”, з якой мы выйшлі ў фінал, падалася арганізатарам заключнага канцэрта занадта размеранай і спакойнай для такога мерапрыемства, таму мы выбралі жартоўны нумар са свайго рэпертуару “За старога не пайду” і пачалі рыхтаваць яго да выступлення на рэспубліканскай сцэне. Але сапраўдная няўдача падсцерагала наперадзе – у мяне прапаў голас. Хадзіла на рэпетыцыі і толькі рот магла раскрываць. Усе вядомыя сродкі лячэння перабрала – усё было дарэмна. Але ж свет аказаўся не без добрых людзей. На гэты раз мне дапамагла жанчына з ліку канкурсантаў, якая прадстаўляла Піншчыну. Яна параіла заварыць у тэрмасе яблычнае лупінне і піць гэты адвар. І сапраўды – усё наладзілася: голас вярнуўся.
Мы выступалі чацвёртымі, і наш нумар у прафесіянальнай пастаноўцы, як мне здаецца, атрымаўся даволі яркім і каларытным. А сам конкурс “Новыя імёны-2016”запомніўся добрай і шчырай атмасферай і неацэнным вопытам павышэння нашага выканаўчага майстэрства. З 40 тысяч яго ўдзельнікаў мы ўвайшлі ў лік 26 лепшых выканаўцаў, і для нас гэта – вельмі добры вынік.
– А што далей?
– Мы вярнуліся дадому, на свае рабочыя месцы, да сваіх пастаянных клопатаў, і цяпер рыхтуемся да правядзення нашага традыцыйнага вясковага свята, якое праходзіць у другі чацвер пасля Тройцы (сёлета яно выпадае на 30-га чэрвеня) і носіць прыгожую назву “Зелянец”…
– Поспехаў і творчага натхнення вам і вашаму калектыву на далейшыя добрыя справы!
Галіна ШАФРАН