Кіраўнік Леснікоўскага сямейнага калектыву падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе “Новыя імёны-2016”

Дата:

Спаконвечныя, выпеставаныя многімі пакаленнямі палешукоў народныя песні, якія па сённяшні дзень захоўваюцца ў вёсцы Леснікі і гучаць у выкананні сямейнага калектыву Лук’яновічаў, да глыбіні душы кранаюць сваёй непасрэднасцю і шчырасцю. Адну з такіх – “Голуб на дубочку” – ансамбль у складзе трох родных сясцёр – Валянціны Лук’яновіч, Алы Давідовіч, Святланы Новік і іх юных паслядоўніц  – Яны Давідовіч і Крысціны Новік – выканаў на раённым этапе прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны-2016”. За гэты адмысловы і каларытны нумар мясцовае журы выставіла ім найвышэйшыя адзнакі. І не памылілася. Песня прайшла абласны адборачны тур, трапіла ў фінал і прагучала ў заключным канцэрце пераможцаў рэспубліканскага конкурсу, які прайшоў нядаўна ў Мінску, у Палацы культуры прафсаюзаў, і быў прыўрочаны да юбілейнай даты – 60-годдзя гэтай установы.

Сямейны ансамбль з вёскі Леснікі (у цэнтры – Валянціна Мікалаеўна Лук’яновіч) у час падрыхтоўкі да выступлення ў Мінску, на фінальным этапе рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны-2016”
Сямейны ансамбль з вёскі Леснікі (у цэнтры – Валянціна Мікалаеўна Лук’яновіч) у час падрыхтоўкі да выступлення ў Мінску, на фінальным этапе рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны-2016”

Пасля вяртання дадому кіраўнік Леснікоўскага сямейнага калектыву В.М.Лук’яновіч расказала пра іх даўняе захапленне народнай творчасцю і падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе “Новыя імёны-2016” і выступлення на галоўнай прафсаюзнай сцэне.

– Валянціна Мікалаеўна, ваш калектыў даўно і часта выступае на вясковых і агульнараённых масавых мерапрыемствах, паказваючы даўнішнія мясцовыя абрады і выконваючы тутэйшыя народныя песні. Раскажыце, як і з чаго пачыналася ваша захапленне, як быў створаны і развіваўся ваш сямейны калектыў?

– У нашай сям’і – трое братоў і тры сястры, і, як мне помніцца, песні ў нашым доме гучалі з самага маленства. Спявалі бацькі, нас падтрымлівалі бабулі, якія таксама жылі ў Лесніках і, што самае дзіўнае, якіх нават звалі аднолькава: і адна, і другая была Соф’яй Васільеўнай. Бацькава маці доўгі час спявала ў царкоўным хоры, і менавіта ад яе мы перанялі мясцовыя калядныя песні і тутэйшыя хрысціянскія абрады.

Песня была часцінкай нашага паўсядзённага жыцця, аддушынай у кругавароце сялянскіх клопатаў. Памятаю, што першымі ў складзе нашага сямейнага калектыву пачалі выступаць сястра Ала і браты Сяргей і Валерый. Хутка да іх далучыліся Святлана і Валодзя. А затым і мая чарга прыйшла…

– А хто ж вучыў вас спяваць?

– Спявала я разам з мамай, Раісай Іванаўнай, разам з бабуляй, якія да гэтай пары жывуць у нашай вёсцы. З удзячнасцю ўспамінаецца колішняя пачатковая школа ў Лесніках, мая першая настаўніца Валянціна Аляксееўна Жарко, якая вучыла мяне танцаваць “Польку-еньку” і “Свеціць месяц”. Пазней, калі я пайшла ўжо вучыцца ў Немяржанскую СШ, пастаянна выступала разам з хорам пад кіраўніцтвам Ларысы Мікалаеўны Ігнатчык. Таму на пачатковым этапе стартавай пляцоўкай для ўсіх нас станавілася школьная сцэна.

Памятаю, што яшчэ ў мае школьныя гады да нас прыязджала здымачная група Беларускага тэлебачання, якую ўзначальваў вядомы рэжысёр Генадзь Мезенцаў, і пасля ў тэлеэфір выйшла праграма “З песняй па жыцці”аб творчасці нашага сямейнага калектыву.

Пазней браты пажаніліся, сёстры павыходзілі замуж і раз’ехаліся з бацькоўскага дома. Але ж калі збіраліся, то заўжды спявалі. У тым ліку – і “Голуб на дубочку” – адну з любімых сямейных песень, якая гучала ў нашым доме з самага маленства. Там такія па-народнаму шчырыя і зразумелыя словы:

“…Да маёй дзяўчыны

Дарога вузенька,

Бо мая дзяўчына,

Ступае лёгенька,

У правай руцэ ключы

Ад майго сардэнька.”

– З гэтай песняй вы выступілі і перамаглі на раённым і абласным этапах рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны-2016”.Раскажыце, як рыхтаваліся да яго, у якім саставе выступалі, як успрынялі той факт, што трэба будзе паказаць сваю творчасць на рэспубліканскай сцэне?

– Зараз у асноўным складзе нашага сямейнага калектыву разам са мной спяваюць сёстры са сваімі дочкамі: Ала Мікалаеўна Давідовіч, якая працуе санітаркай на Немяржанскім ФАПе і прыбіральшчыцай у сельмагу, Святлана Мікалаеўна Новік, жывёлавод сельскагаспадарчага кааператыва ў аграгарадку Міжлессе Бярозаўскага раёна, і мае пляменніцы, навучэнка ліцэя Яна Давідовіч і школьніца Крысціна Новік. У такім саставе мы прынялі ўдзел і ў прафсаюзным конкурсе творчасці працоўных калектываў.

Так атрымалася, што на дзень правядзення раённага этапа выпала яшчэ адно важнае мерапрыемства: каманда вучняў Немяржанскай СШ, з якой я займалася, выступала на конкурсе “Радавод”, які праходзіў на базе СШ № 1 г.Драгічына. А адтуль я хуценька паімчала ў гарадскі Дом культуры, дзе мяне ўжо чакалі блізкія, каб выйсці на сцэну сямейным калектывам і паўдзельнічаць у прафсаюзным творчым саперніцтве. І Дыплом пераможцы ў раёне для нас стаў сапраўды прыемнай нечаканасцю.

Далей трэба было адправіць відэазапіс нашых песень для адбору на абласны этап конкурсу, і ў гэтым нам вельмі дапамог інжынер грамадскага Драгічынскага тэлебачання Сяргей Паўлавіч Марачук. Акурат на Благавешчанне мы выступалі на тэрыторыі музея “Бездзежскі фартушок”, і ён запісаў відэаролік з нашымі конкурснымі песнямі, які мы адправілі для прагляду абласному журы. На ўсіх этапах нас пастаянна падтрымліваў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Анатоль Іванавіч Спосаб. Так што ў нашым поспеху – заслуга многіх людзей.

– І як развіваліся падзеі далей?

– У Брэсце мы атрымалі спецыяльны прыз журы і выйшлі ў фінал рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны-2016”. Нас запрасілі ў Мінск, дзе мы амаль тыдзень жылі на аздараўленчай базе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на Мінскім моры. У час падрыхтоўкі да выступлення ў фінальным канцэрце, які прайшоў 20 мая на сцэне рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, мы трапілі ў групу кампазітара Генадзя Маркевіча і спявачкі Вольгі Плотнікавай, і з намі займаліся прафесіянальныя педагогі па вакалу і харэографы.

– Да гэтага ў вас ужо быў вопыт удзелу ў мерапрыемствах такога ўзроўню?

– У свой час наш ансамбль некалькі разоў выступаў на фестывалі “Па майскай расе” і на “Ягелонскім кірмашы” ў Польшчы, быў удзельнікам рэспубліканскага конкурсу сямейнай творчасці. Але ж кожнае такое мерапрыемства – гэта новы вопыт, новыя ўражанні і прыгоды…

– І якія неспадзяванасці чакалі на гэты раз…

– Песня “Голуб на дубочку”, з якой мы выйшлі ў фінал, падалася арганізатарам заключнага канцэрта занадта размеранай і спакойнай для такога мерапрыемства, таму мы выбралі жартоўны нумар са свайго рэпертуару “За старога не пайду” і пачалі рыхтаваць яго да выступлення на рэспубліканскай сцэне. Але сапраўдная няўдача падсцерагала наперадзе – у мяне прапаў голас. Хадзіла на рэпетыцыі і толькі рот магла раскрываць. Усе вядомыя сродкі лячэння перабрала – усё было дарэмна. Але ж свет аказаўся не без добрых людзей. На гэты раз мне дапамагла жанчына з ліку канкурсантаў, якая прадстаўляла Піншчыну. Яна параіла заварыць у тэрмасе яблычнае лупінне і піць гэты адвар. І сапраўды – усё наладзілася: голас вярнуўся.

Мы выступалі чацвёртымі, і наш нумар у прафесіянальнай пастаноўцы, як мне здаецца, атрымаўся даволі яркім і каларытным. А сам конкурс “Новыя імёны-2016”запомніўся добрай і шчырай атмасферай і неацэнным вопытам павышэння нашага выканаўчага майстэрства. З 40 тысяч яго ўдзельнікаў мы ўвайшлі ў лік 26 лепшых выканаўцаў, і для нас гэта – вельмі добры вынік.

– А што далей?

– Мы вярнуліся дадому, на свае рабочыя месцы, да сваіх пастаянных клопатаў, і цяпер рыхтуемся да правядзення нашага традыцыйнага вясковага свята, якое праходзіць у другі чацвер пасля Тройцы (сёлета яно выпадае на 30-га чэрвеня) і носіць прыгожую назву “Зелянец”…

– Поспехаў і творчага натхнення вам і вашаму калектыву на далейшыя добрыя справы!

Галіна ШАФРАН

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Республиканский субботник проходит в Дрогичинском районе (ФОТОРЕПОРТАЖ)

Руководство района во главе с председателем райисполкома Сергее Пачко,...

Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на площадке Национального исторического музея

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на...

Какие цифровые специальности востребованы на рынке

О наиболее востребованных на рынке цифровых специальностях рассказала консультант...

Первый в Беларуси робот-продавец появился на заправке под Гомелем

Первый в стране роботизированный торговый павильон "Белоруснефть-Гомельоблнефтепродукт" открылся на...