Масток у дзяцінства

Дата:

Апошнім часам усё часцей і часцей успамінаецца мне дзяцінства. Цягнецца сэрца да тых мясцін, дзе нарадзілася, дзе, як кажуць старыя людзі, закапаны пупок. Марыцца, успамінаецца, сніцца. Балюча глядзець на ўміраючую вёсачку.

Пяцьдзясят гадоў таму, калі я была яшчэ падлеткам, у нашай вёсцы налічвалася сто двароў. Адна, але вельмі доўгая вуліца. Прыгожая вёсачка, з прыгожай назвай Мосткі. Адкуль узялася такая назва? На гэтае пытанне ніхто са старэйшых жыхароў адказаць мне так і не здолеў. Але ж думаецца, справа ў тым, што перад вёскай і пасярэдзіне яе знаходзяцца масты.

Раней тут кіпела жыццё. А зараз? Зусім мала засталося людзей, а старажылаў можна пералічыць па пальцах адной рукі. А некалі ж працаваў вялікі магазін, а на танцы ў клуб збіралася не толькі мясцовая моладзь, але і з Бярозаўскага раёна хлопцы ды дзяўчаты прыязджалі. Нібы сон, праляцела паўстагоддзя. Здаецца, зусім нядаўна, быццам учора, былі мы маладыя, бегалі на танцы і ў кіно. Усё прайшло. Можа, некалі пройдзе і сумота…

Наша хатка стаіць насупраць калгаснага двара, дзе дагэтуль знаходзіцца воданапорная вежа. Памятаю, як мы, дзеці, пачуўшы шум вады, што пад напругай выцякала з вежы, з усіх ног беглі, каб атрымаць асалоду ад прыемнай вільгаці. Гарэзнічалі як маглі! І так нам было прыемна і добра! А потым беглі на сонца – хто сушыцца, а хто назіраць за зіхаценнем кропелек вады ў сонечных промнях. Яны іскрыліся, быццам узімку снег. Каля нашай вёсачкі не было возера, ніхто нас не вазіў на мора, таму купанне ля воданапорнай вежы прыносіла дзівосную асалоду.

Па вясне прыляталі на вежу буслы. Старыя людзі казалі, што кожны раз сюды вярталася адна і тая ж сям’я. Буслы папраўлялі сваё старое вялікае гняздо, насілі і насілі галінкі дрэў. І калі будаўніцтва было закончана, бусліха несла яйкі. Мы з цікаўнасцю назіралі за жыццём птушынай сям’і, разумелі, што хутка трэба чакаць нараджэння буслікаў. Нават падыходзілі зусім блізка, каб пачуць, ці яшчэ не пішчаць малыя. Праз які тыдзень пасля іх паяўлення на свет буслы-бацькі выкідвалі одно з птушанят з гнязда. “За што? Чаму? – не разумелі мы. – Бусляня ж такое маленькае, чым жа яно правінілася?” Птушанятка яшчэ не ўмела лятаць і падала на зямлю кулём. Мы падымалі яго, і хлопцы станавіліся адзін аднаму на плечы, дацягваліся да лесвіцы і падымаліся да самага гнязда, высока ўгару. Асцерагаючыся бусліхі, яны закідвалі малое ў гняздо. Але ж праз некаторы час бацькі зноў скідвалі бусляня на зямлю. Мы былі вельмі здзіўлены такімі жорсткімі паводзінамі птушак. Але аднойчы мая маці нам усё растлумачыла. Аказалася, што буслы заўсёды так робяць, калі нараджаецца не зусім здаровае птушаня, альбо калі малых – трое. Нездарма ж гавораць: трэці – лішні. Так, так, буслы гадуюць толькі парную колькасць дзетак.

Аднойчы мы вырашылі гадаваць “лішняе” бусляня самастойна. З дому насілі ежу. Буслік рос і прывыкаў да нас. Ён хадзіў за намі па вуліцы, быццам сабачка.

Заканчвалася лета, надыходзіла восень з халоднымі начамі, і старыя буслы разам з дзецьмі збіраліся адлятаць у вырай. Наш буслік таксама паспрабаваў аб’яднацца з сям’ёй, якая ад яго адмовілася. Ляцеў ён апошнім, і быў непатрэбным: буслы білі яго крыламі, шчапалі дзюбамі. А ён яшчэ на нешта спадзяваўся, трымаўся за сваёй сям’ёй амаль да суседняй вёскі. Мы беглі за ім і крычалі: “Ляці, не адставай”. Праз пару дзён, на наша здзіўленне, буслік вярнуўся. Пасядзеў на стаўбе, потым паляцеў туды, дзе нарадзіўся, нешта па-буслінаму пакракатаў. Ён узнёсся высока да неба, зрабіў круг над нашай хатай і накіраваўся ў бок высакавольтнай лініі. Мы ўбачылі, як заіскрылі правады і ён упаў на зямлю. Мы кінуліся на тое месца. Наш родны буслік ляжаў на зямлі чорны. Мы стаялі над нежывой птушкай і плакалі доўга-доўга. Пахавалі яго тут жа, ля слупа, і потым кожны дзень, да самай зімы, хадзілі на бусліную магілку, насілі кветкі.

…Столькі прайшло гадоў, а завітаўшы на родную сядзібу, я зноў і зноў акунаюся ў дзяцінства. Здаецца, быццам чую водар спечанага напрацаванымі матульчынымі рукамі хлеба, цвірканне сырадою аб даёнку, віск маленькіх парасят. Калі гэта ўсё праляцела? На сэрцы так сумотна… У іншы свет адыйшлі бацька і маці, іншыя родзічы. Але ж я дзякую Богу за тое, што даў мне сям’ю, дзетак, унукаў. Трэба жыць сённяшнім днём, не забываючыся на мінулае: бываць у сваёй роднай вёсачцы, наведвацца на магілкі сваіх бацькоў.

Надзея ЗУШЧЫК,

ураджэнка вёскі Мосткі

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Розничный товарооборот по Дрогичинскому району полугодии 2024 года cоставил 83,9 млн. рублей

Об этом сообщили в главном статистическом управлении Брестской области....

Автомобильный парк Дрогичинского райпо пополнился новым автомагазином

Новая автолавка обслуживает 21 отдаленный населенный пункт нашего района...

Министр транспорта и коммуникаций встретился с коллективом АП № 15 г. Дрогичина

Сегодня в рамках единого дня информирования министр транспорта и...

К сведению недропользователей

Брестское областное управление Госпромнадзора информирует, что с июня 2024 г....