Ідзе час, удасканальваецца тэхніка і тэхналогія сельгасвытворчасці, работу вяскоўцаў на многіх участках аблягчаюць сучасныя механізмы. Але ж пры ўсіх гэтых дасягненнях поспех земляробчых спраў і цяпер грунтуецца на спрадвечнай аснове, якую занатаваў у сваіх неўміручых творах сялянскі сын, вучоны-фалькларыст Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі “Толькі тады ад зямлі пазнаць смак зможаш, калі ў яе гною паложыш…”
У поўнай меры такі правераны многімі пакаленнямі спосаб павышэння ўрадлівасці зямлі выкарыстоўваецца і на палях ААТ “Драгічынскі райаграсервіс”. У тым можна было пераканацца, наведаўшы сельскагаспадарчы ўчастак плошчай каля 20 гектараў, што месціцца ўзбоч аўтатрасы Пінск-Кобрын. На мінулым тыдні тут працавала механізатарскае звяно, работу якога каардынаваў малады спецыяліст, аграном-аграхімік С.М. Саўчук. Сяргей Мікалаевіч патлумачыў, што з кожным асеннім днём колькасць уборачных работ на палях гаспадаркі памяншаецца. Але іх змяняюць другія, не менш важныя, клопаты: падрыхтоўка глебы пад ураджай наступнага года. І, як удакладняе наш суразмоўнік, то чым больш у гэтым накірунку будзе зроблена з восені – тым лягчэй будзе вясной. Таму і на гэтым участку, дзе яшчэ зусім нядаўна каласавала яравая пшаніца, ўсё пачынаецца спачатку: тут ужо распачалі закладваць аснову будучага ўраджаю цукровых буракоў…
Пасля таго, як было праведзена лушчэнне іржышча і яго апрацоўка гліфасатамі супраць пустазелля, надыйшоў час унясення мінеральных угнаенняў, і з гэтай задачай паспяхова справіліся механізатар Віталій Вячаслававіч Ігнатчык і вадзіцель Мікалай Канстанцінавіч Сіліч. Наступны этап –унясенне арганікі. У гэтай адказнай справе таксама задзейнічаны як вопытныя, так і маладыя, але старанныя, механізатары. У праватнасці, пагрузку кампостаў вёў трактарыст М.Я.Рапінчук, які за многія гады работы па сваёй спецыяльнасці стаў земляробам-прафесіяналам шырокага профілю. З вясны Мікалай Якаўлевіч працаваў на кормаўборачным “Ягуары”, у гарачы час жніва перасеў на старэнькі збожжаўборачны камбайн, на якім намалаціў каля 900 тон зерня. Зараз ён упраўляе пагрузчыкам, бесперапынна і спраўна запаўняючы арганікай прычапныя гноераскідвальнікі.
На адным з такіх агрэгатаў працуе Пётр Іванавіч Страпка. Ён – мясцовы жыхар, стаж яго работы ў механізацыі – больш за 30 гадоў, і работа ў гэтай нялёгкай сферы стала яго прызваннем і лёсам. Побач з ім на гэтым участку шчыруе яго малады калега Іван Іванавіч Калесніковіч. Менавіта яны шчодра ўдабралі зямлю арганікай, шчыра верачы ў тое, што чым больш пакладзеш у глебу – тым больш з яе возьмеш…
Следам за імі поле будзе ўзарана, і на гэтым яго пакінуць у спакоі. Да наступнай вясны…
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара