spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Яго 80-я вясна

Дата:

Што трэба чалавеку, каб выстаяць у час жыццёвага ўрагану ці іншай непагоды? Усяго толькі – пусціць карані і моцна трымацца імі за сваю родную зямліцу, якая, калі прыйдзецца, атуліць і абагрэе, дасць моцы і абнадзеіць. І ў гэтым неаднойчы пераконваўся пенсіянер з вёскі Галоўчыцы П.А.Чопка, які нядаўна прычакаў сваю  80-ю вясну.

Пенсіянер з вёскі Галоўчыцы Пётр Аляксеевіч Чопка
Пенсіянер з вёскі Галоўчыцы Пётр Аляксеевіч Чопка

Нягледзячы на тое, што нарадзіўся Пётр Аляксеевіч 1 красавіка, які традыцыйна лічыцца Днём смеху, побач з радасцю і весялосцю ў яго жыцці нярэдка крочылі бяда ды скруха. Памятае мой суразмоўнік сваё басаногае дзяцінства на хутары Лаз бліз Галоўчыц. Ён быў сёмым дзіцяткам у сялянскай сям’і (пасля яго нарадзілася яшчэ і дзяўчынка), і бацька, нягледзячы на нястачу, гаварыў пра іх не іначай, як “мае сыночкі, як дубочкі, а дочкі, як галубочкі”.

Хлапчук рос даволі прагным да ведаў і ў 7-гадовым узросце пайшоў у школу. Пахадзіў верасень, кастрычнік, а там – халады ўзяліся, а ў яго – ніякага абутку. Школу прыйшлося пакінуць і ўзнавіць заняткі толькі на наступны год. А прыйшоўшы з урокаў, Пятрок адразу ж бег да статка кароў і авечак, каб змяніць пастуха. І так – пакуль не скончыў сямігодку.

Затым Пётр Чопка прадоўжыў вучобу ў Антопальскай дзесяцігодцы, куды штодня дабіраўся на веласіпедзе:

12 кіламетраў – туды, і столькі ж назад, у Галоўчыцы. Атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, юнак падаў дакументы і паступіў у чыгуначны тэхнікум. Але паколькі яму было ўжо 18 гадоў, то яго адразу ж прызвалі ў армію. Служыць маладому вяскоўцу выпала на флагмане Чарнаморскага флоту: ён быў камандзірам пушкі на эсмінцы “Благородный”.

Дамоў П.А.Чопка вярнуўся праз чатыры гады, акурат у канцы восені, і адразу паехаў у тэхнікум. А там ужо сесія набліжаецца. Пятру сказалі, што без належнай падрыхтоўкі ён наўрад ці вытрымае іспыты, і параілі пачаць навучанне ўжо ў наступным годзе. Малады чалавек вярнуўся дадому, падзарабляў у калгасе, а ў вольны час наведваў вясковую мастацкую самадзейнасць, дзе і пазнаёміўся з маладой настаўніцай Яўгеніяй Іванаўнай. Праз некаторы час яны стварылі сям’ю, і жонка прапанавала Пятру Аляксеевічу: “Забірай дакументы з чыгуначнага тэхнікума, паступай у педінстытут на хіміка-біялагічны факультэт, і будзем працаваць разам”.

Так ён і зрабіў. І тыя гады, калі П.А.Чопка працаваў у школе, ён лічыць самымі паспяховымі, бо была маладосць, сілы, імкненне да самарэалізацыі. Наш суразмоўнік прыгадвае, як яны з вучнямі добраўпарадкоўвалі прылеглы да школы луг, спакваля ператвараючы яго ў квітнеючы вучэбна-вопытны ўчастак. У працоўнай кніжцы ветэрана-педагога – дзясяткі заахвочванняў за добрую арганізацыю работы па кветкаводству, за прывіццё працоўных навыкаў школьнікам па вырошчванню кветак і сельскагаспадарчых культур, за граматную работу на прышкольным вучэбна-вопытным участку. Пётр Аляксеевіч памятае, як Галоўчыцкая васьмігодка выйшла пераможцай рэспубліканскага конкурсу, аб’яўленага газетай “Піянер Беларусі”, і лепшы кветкавод школы Галіна Кулік была заахвочана 7-дзённай экскурсійнай паездкай у горад-герой Ленінград.

Ладзіліся і хатнія справы, дзеці – Саша, Аленка і Юрка – падрасталі добрымі памочнікамі. А потым усё рухнула: жонка Пятра Аляксеевіча памерла. Старэйшыя сын і дачка былі ўжо самастойнымі людзьмі, а малодшы яшчэ вучыўся ў школе.

Далей у настаўніка адбыўся канфлікт у калектыве, пасля чаго П.А.Чопка, забраўшы Юрку, на доўгія гады з’ехаў у Запарожжа, дзе таксама пэўны час працаваў выкладчыкам. Малодшы сын вырас, і аднойчы Пятру Аляксеевічу прысніўся дзіўны сон: быццам бачыць ён доўгі квітнеючы сад, і ніяк не можа нарадавацца гэтаму відовішчу. Мужчына палічыў, што гэты сон – як покліч да вяртання дадому, дзе ў яго яшчэ будзе і радасць, і дабрабыт, і простае чалавечае шчасце. І Пётр Аляксеевіч прыехаў у родную вёску.

Добраўпарадкаваў дом, завёў і ўмацаваў гаспадарку, высадзіў і пашырыў сад. Каб зручней было з усім гэтым спраўляцца, набыў мінітрактар з неабходным прычапным інвентаром. Знайшлася і добрая, гаспадарлівая жанчына, разам з якой наш суразмоўнік дзеліць і гора, і радасць.

– Кароўку, курэй трымаем, цяпліцы ладкуем, 25 сотак зямлі апрацоўваем, дзецям, унукам, праўнукам, чым можам, дапамагаем, – расказвае П.А.Чопка, якому ў першы дзень красавіка споўнілася 80 гадоў.

Але асаблівы гонар пажылога пенсіянера – яго сад, у якім растуць не толькі звычайныя для нашых мясцін пладовыя дрэвы і кусты, але і нямала экзатычных раслін. Вельмі добра на ўчастку Пятра Аляксеевіча пладаносіць вінаград – ягада даўгалецця, чаранкі якой яму прывозяць з усіх куткоў бліжняга і далёкага замежжа. Вось і нядаўна ён высадзіў у цяпліцы тры новыя гатункі вінаграднай лазы, а пасля таго, як яны прыжывуцца і запладаносяць – пенсіянер мяркуе перанесці іх у адкрыты грунт. І пакуль ёсць у вясковага гаспадара імкненне і надзея вырасціць і сабраць новы ўраджай – ён мае ахвоту жыць!

Галіна ШАФРАН

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Выставку БЕЛТА “Беларусь. Взлет” представили в Молодечно

12 октября в рамках второго дня "Марафона единства" в...

В Дрогичинском районе прошла акция «Поздравим маму вместе»

По сложившей традиции сегодня, в рамках ежегодной акции «Поздравим...

В Дрогичине прошел праздничный концерт, посвященный Дню матери (фоторепортаж)

В Дрогичинском Доме культуры прошел праздничный концерт, посвященный Дню...

Мои дети – мои крылья за спиной…

Мама, мамочка, мамуля… Неслучайно история праздника Дня матери совпадает...