spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Гарадзішча Старамлыны. Ці быў тут летапісны Здзітаў? Разважаем разам з вучоным-археолагам А. М. Максімовічам

Дата:

Звесткі аб горадзе з такой назвай сустракаюцца ў летапісных крыніцах 11-13 стагоддзяў. Вядома, што Здзітаў уваходзіў у спіс 12 буйнейшых гарадоў, што існавалі на той час у землях Старажытнай Русі, і знаходзіўся ён у Заходнім Палессі, на паўднёвым беразе Ясельды. Дакладна, навукоўцы-гісторыкі пакуль не могуць адказаць, які край – Бярозаўшчына ці Драгічыншчына, можа ганарыцца існаваннем некалі на сваёй тэрыторыі гэтага ўмацаванага пасялення. Існуюць чатыры версіі наконт таго, дзе канкрэтна быў старажытнарускі горад. Адна з іх – археалагічны помнік “Гарадзішча Старамлыны”, які знаходзіцца недалёка ад вёскі з адпаведнай назвай у Хомскім сельсавеце. У сярэдзіне жніўня гэтае месца зацікавіла прадстаўнікоў навуковага свету: Драгічыншчыну наведаў малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Максімовіч з афіцыйным дазволам на правядзенне археалагічных даследаванняў.

Вызначылася, што госць з Мінску ніхто іншы, як наш зямляк – з Драгічына. Аляксандр вучыўся ў СШ №1, потым атрымаў вышэйшую адукацыю на гістарычным факультэце БДУ, там і закончыў магістратуру. Далейшым этапам яго жыццёвага і прафесійнага (навуковага) шляху стала аспірантура ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і работа над дысертацыяй. Тэма даследавання, якую абраў А. М. Максімовіч, “Сістэма рассялення на тэрыторыі басейна Шчары ў эпоху Сярэднявечча”, над якой малады навуковец працуе ўжо 5 гадоў. А пачалося яго сяброўства з гісторыяй з 4-га класа, калі хлопец вывучаў прадмет “Мая Радзіма – Беларусь!” Адзін з артыкулаў падручніка быў прысвечаны тэме археалогіі. Там гаварылася аб тым, як навукоўцы знаходзяць звесткі аб гістарычным мінулым у зямлі, падчас раскопак. Вучань зацікавіўся гэтым і стаў марыць, што калі стане дарослым – будзе археолагам, прысвеціць сваё жыццё пошуку цікавых артэфактаў, раскрыццю таямніц роднай зямлі. У старэйшых класах любоў да гісторыі яму перадала настаўніца Анастасія Сцяпанаўна Гурына. З цягам часу яго дзіцячая мара ператварылася ў справу ўсяго жыцця.

Вывучаючы басейн Шчары, малады навуковец ахапіў вялізную тэрыторыю. Рака бярэ свой пачатак у балоцістай мясцовасці Баранавіцкага раёна, рухаючыся на поўдзень, праходзіць праз Івацэвіччыну, Ганцаўшчыну. З поўдня яна зноў цячэ на поўнач па Гродзеншчыне, блакітнай артэрыяй ідзе ўжо праз Слонімшчыну, Дзятлавіччыну, Зэльвеншчыну, пакуль не ўпадае ў Нёман. Такім чынам, у арэал даследавання А. М. Максімовіча ўваходзяць тры раёны Брэсцкай вобласці і чатыры – Гродзенскай. Там наш суразмоўнік і працаваў апошнія гады, сабраў багаты навуковы матэрыял, у першую чаргу на тэрыторыі археалагічных помнікаў Слонімскага раёна. Зараз Аляксандр Максімовіч вырашыў пашырыць геаграфічныя  прасторы свайго даследавання і закрануць памежныя тэрыторыі рассялення нашых продкаў у часы Сярэднявечча, у склад якіх уваходзіць і верхняе цячэнне Ясельды. Вось і трапіў на родную Драгічыншчыну. Знайсці дакладнае месцазнаходжанне горада Здзітава – не галоўная яго мэта, але гэтае пытанне таксама кранае тэму даследавання маладога археолага. Дарэчы, праз Ясельду ў сярэдневяковыя часы праходзіў Дняпроўска-Нёманскі гандлёвы шлях, праз які і адбываліся эканамічныя, палітычныя, культурныя стасункі паміж такімі гарадамі, як Ваўкавыск, Слонім, Навагрудак, гарадамі паўднёвай часткі сучаснай Беларусі і Украіны. Таму менавіта гэтая тэрыторыя і зацікавіла даследчыка.

Пачнем з таго, што пасяленні нашых продкаў у той час падзяляліся на ўмацаваныя і неўмацаваныя. Першыя (гарадзішчы) – узмацняліся ровам, валам, драўлянымі сценамі, каб мець магчымасць схавацца ад ворагаў. Былі і неўмацаваныя селішчы, па ўзору невялікіх сучасных вёсак, дзе проста жылі людзі.

І вось мы на месцы, на тэрыторыі археалагічнага помніка. Тут знаходзіцца прыродны ўзгорак, дзе і было гарадзішча. Ясельда падыходзіла да яго з паўночнага боку, на заходнім і паўднёвым (дзе зараз дарога) – была пойма ракі, ці штучны роў, а ўвайсці ў паселішча можна было толькі з усходу.

– Трэба браць ва ўлік, што летапісец мог назваць горадам зусім не тое, што мы прывыклі ім лічыць. Магчыма, тут была ўмацаваная тэрыторыя, дзе людзі хаваліся са сваім скарбам толькі падчас знешняй небяспекі, ці невялікі гандлёвы цэнтр, ці сховішча, якое пабудавалі і хутка закінулі. Летапісец мог проста пазначыць на старонках сваёй хронікі месца, аб якім недзе пачуў, і залічыць яго ў спіс гарадоў, – разважае А. М. Максімовіч. – Адно вядома дакладна, што тут было ўмацаванае пасяленне людзей.

Побач з ім існавала і селішча. Звычайна ў тыя часы разам з кожным гарадзішчам размяшчалася і неўмацаванае пасяленне людзей. Яго ў 1970-я гады даследаваў вядомы беларускі археолаг Яраслаў Генрыхавіч Звяруга. Ён вывучаў рэгіён Верхняга Панямоння і басейн Ясельды, закрануў як ускраіну даследуемай ім тэрыторыі. Археолаг знайшоў на месцы былога селішча шэраг артэфактаў, сярод якіх не толькі кераміка і побытавыя рэчы, але і жалезная вітая фібула, а таксама фрагмент бранзалета. Па меркаванню Я. Г. Звяругі, сярэдневяковы горад Здзітаў знаходзіўся тут.

Канешне, каб ведаць дакладна, патрэбна капаць на самім узгорку, у цэнтры былога гарадзішча. Аднак сёння гэта немагчыма: прыкладна з сярэдзіны ХХ стагоддзя, а магчыма і раней, тут зрабілі могілкі. Тэарытычна можна даследаваць частку ўзгорка, дзе няма магіл, але мы таксама можам наткнуцца на закінутыя пахаванні людзей апошняга стагоддзя, – кажа наш суразмоўнік.

Геаграфічнае становішча гарадзішча вельмі спрыяе таму, каб лічыць, што менавіта тут быў вядомы нам летапісны Здзітаў. Прыродны ўзгорак, вакол якога – рака (доступ да вады, магчымасць займацца рыбалоўным промыслам, гандляваць). На такіх месцах і ставіліся гарады.

У суседнім Бярозаўскім раёне сёння ёсць вёскі з назвай Здзітава, але раней, падчас археалагічных даследаванняў, там нічога не было знойдзена, што магло б сцвярджаць аб наяўнасці сярэдневяковага горада.

Канешне, патрэбна праводзіць сур’ёзныя даследаванні, каб расставіць ўсе кропкі над “і” і вызначыць матэрыяльную культуру гэтага помніка. Чым займаліся тут нашы продкі? Гандлявалі ці здымалі падаткі з тых, хто гандляваў па рацэ, ці выконвалі іншую функцыю? На гэтае пытанне могуць адказаць толькі новыя археалагічныя знаходкі.

Здзітаў таксама ўпамінаецца і ў іншых гістарычных крыніцах. Вядома, што ў канцы 40-х гадоў XIII стагоддзя літоўскі князь Міндоўг авалодаў Здзітавам-на-Ясельдзе. У 1263 годзе сын Міндоўга Войшалк выдаў сваю сястру за Шварна Данілавіча і даў у пасаг гарады Здзітаў і Слонім. У пачатку XIV стагоддзя пасяленне канчаткова далучылася да Вялікага княства Літоўскага. Падчас вайны кіеўскіх князёў з плямёнамі яцвягаў горад быў разбураны і спыніў сваё існаванне. Недалёка ад гэтага месца, на тэрыторыі сучаснага Бярозаўскага раёна, потым з’явіліся новыя населеныя пункты з назвай Здзітаў. Першы – на рацэ Дарагабуж (зараз вёска Здзітава Спораўскага сельсавета) і Здзітава (Углянскі сельсавет).

У чэрвені бягучага года Аляксандр Максімовіч ужо быў на тэрыторыі помніка з так званай археалагічнай разведкай. Звычайна – гэта першы этап палявых даследаванняў. Археолагу патрэбна сваімі вачамі аглядзець аб’ект, вызначыць, дзе трэба закласці шурф або раскоп. На час нашай сустрэчы Аляксандр Мікалаевіч разам са сваім пляменнікам Ваняй ужо працавалі тут з рыдлёўкамі (археолагі вельмі часта самі бяруць у рукі інструмент, не адмаўляюцца ад фізічнай працы) і знайшлі пэўныя рэчы, але аб гэтым крыху пазней. 

– Як археолагі вырашаюць, дзе капаць, дзе закласці шурф? – пытаем у Аляксандра Мікалаевіча.

– Першы варыянт – выпадковыя раскопкі, – адказвае даследчык. – Але тады застаецца спадзявацца толькі на ўдачу, каб знайсці нешта цікавае. Класічны метад – вызначыць найбольш перспектыўнае месца. Вядома, што нашы продкі у першую чаргу сяліліся ля вады, на высокай мясцовасці. Ёсць і іншыя прыкметы, на якія патрэбна глядзець.

Аляксандр Мікалаевіч з Ваняй заклалі шурф у паўднёва-заходняй частцы былога гарадзішча (зразумела, не на тэрыторыі вясковых могілак). Тут захавалася частка адносна не кранутай ні могілкамі, ні кар’ерам тэрыторыі помніка.

– Што яшчэ цікава: амаль адразу, калі мы пачалі капаць, наткнуліся на пласт “стэрыльнага” баласту (белы пясок без знаходак). Такая стратыграфія характэрна для больш старадаўніх часоў, калі людзі пакідалі месцы сваіх паселішчаў падчас затаплення, выхаду рэк і азёр з берагоў. Потым, калі вада сыходзіла, вярталіся. Так і атрымліваўся “пірог”, калі паміж культурнымі пластамі з рэшткамі жыццядзейнасці людзей утвараўся слой белага пяску. Але Ясельда не магла падняцца так высока: хутчэй за ўсё, тут праходзілі нейкія будаўнічыя работы і сюды вазілі пясок, яго разраўноўвалі. У гэтым пласце мы знайшлі гільзу ад нямецкай кулі, датаваную 1932-м годам. Магчыма, падчас Вялікай Айчыннай вайны, тут праходзілі пэўныя баявыя дзеянні, – разважае даследчык.

А ніжэй знаходзяцца культурныя пласты старажытнарускага перыяду. Гэта Аляксандр Мікалаевіч вызначыў па знойдзеных у зямлі рэчах. У рукі даследчыка трапілі асколкі керамікі. На думку А. М. Максімовіча, яны датуюцца канцом X – пачаткам ХI стагоддзя. Аб гэтым сведчыць лінейны арнамент, характар формы венчыка (верхняй часткі гаршка) глінянага посуду і інш. Таксама быў знойдзены кавалак апаленай гліны з гладкай паверхняй, а ў суседнім шурфе – прасліца (гліняны або каменны грузік, які надзяваўся на верацяно для большай інертнасці). Усе гэтыя знаходкі трапяць у Мінск, у Інстытут гісторыі НАН Беларусі, для іх далейшага вывучэння.

– Усё гэта мы, археолагі, робім, – кажа Аляксандр Максімовіч, – для таго, каб людзі ведалі, дзе яны жывуць, хто жыў раней на гэтым месцы, чым займаліся нашы продкі. Памяць аб гістарычным мінулым не павінна знікнуць, трэба, каб яна жыла і перадавалася з пакалення ў пакаленне. 

Андрэй РАСАФОНАЎ
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Сегодня отмечается очередная годовщина трагедии на Чернобыльской АЭС

На четвертом энергоблоке Чернобыльской атомной электростанции 26 апреля 1986 года случилась...

В Дрогичине прошел районный этап спортивно-патриотической игры «Зарница»

Площадкой для проведения игры, приуроченной в этом году к...

Александр Лукашенко раскрыл планы беглых и предупредил: разговор с ними не будет длинным

Президент Беларуси, председатель ВНС Александр Лукашенко на заседании VII...