На зыходзе дня, у пятніцу, 9 чэрвеня, ім пакуль што не надта верылася, што надыйшоў іх час развітання з дзяцінствам. Бо толькі бралася на вечар, і наперадзе ў іх былі школьныя ўрачыстасці з уручэннем атэстатаў сталасці, шчырыя і кранаючыя віншаванні і настаўленні педагогаў і бацькоў, захапляючыя танцы да рання, сустрэча світанку, хвалюючыя словы прызнання і спадзявання… А перад гэтым яны, выпускнікі школ горада і лепшыя прадстаўнікі сельскіх навучальных устаноў — у найпрыгажэйшых сукенках і строгіх касцюмах,– па шматгадовай традыцыі сабраліся на галоўнай плошчы Драгічына, дзе для іх быў праведзены раённы выпускны баль. І яны, надзея і гонар бацькоў і настаўнікаў, мясцін, дзе яны нарадзіліся, і людзей, сярод якіх выраслі, былі ўшанаваны на самым высокім раённым узроўні.
Урачыстасць адкрыў старшыня райвыканкама Ю.В.Дзядзюк. У сваім звароце да прысутных Юрый Васільевіч адзначыў, што закончыліся школьныя ўрокі, экзамены, і для кожнага выпускніка надыходзіць пара сталення, калі неабходна будзе самастойна, без кантролю з боку дарослых, прымаць важныя жыццёвыя рашэнні і несці за іх адказнасць. “Вы імкліва прайшлі свой першы марафон, на фінішы якога вам будзе ўручаны заслужаны дакумент – атэстат аб сярэдняй адукацыі. Але вельмі важна, каб вы не спыняліся на дасягнутым, каб не гублялі жадання вучыцца, развівацца, самаўдасканальвацца, каб заўжды імкнуліся да лепшага… Памятайце свае карані, сваіх настаўнікаў і блізкіх людзей, сваю малую радзіму! Праслаўляйце яе сваёй працай, творчасцю, дасягненнямі, памнажаючы тым самым лепшыя традыцыі нашага палесскага краю!”- даў наказ Ю.В.Дзядзюк.
Сёлета, як адзначыў Юрый Васільевіч, атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымліваюць 367 маладых жыхароў нашага раёна. Сярод выпускнікоў ёсць нямала тых, хто сваімі поспехамі ўжо неаднойчы пацвярджаў трываласць школьных ведаў, хто не па чутках ведае, што такое стараннасць і настойлівасць ў дасягненні мэты. Гэта – выдатнікі вучобы: 22 адзінаццацікласнікі Драгічыншчыны закончылі школу з залатымі медалямі. У ліку тых, каму старшыня райвыканкама ўручыў заслужаныя ўзнагароды за асаблівыя дасягненні ў вучобе – Станіслаў Ляхоўчык, Аляксандра Галай, Дар’я Завадская з гімназіі; Ірына Максімовіч, Аляксандра Магілянчык, Марыя Падлужная, Наталля Семянюк, Дзяніс Салавей, Ганна Шурхай ( СШ № 1 г.Драгічына); Крысціна Карпінчык, Юлія Кінчак, Аліна Клімчук (СШ № 2 г.Драгічына); Марына Ігнатчык, Арцём Рапінчук, Кацярына Рапінчук, Віктар Чылей ( Хомская СШ); Вольга Капітан, Ірына Лукашчык (Бездзежская СШ); Андрэй Касцючык, Дар’я Сілюк (Пярковіцкая СШ), Ксенія Шрамук (Асавецкая д/с-СШ). Сярэбраным медалём была адзначана выпускніца СШ № 1 Алена Пратасевіч.
Са словамі падзякі да прадстаўнікоў улад, да бацькоў і настаўнікаў, да сваіх сяброў звярнуліся выпускнікі-медалісты Марына Ігнатчык і Андрэй Касцючык. Шчырыя віншаванні віноўнікам урачыстасці даслаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзмітрый Мікалаевіч Ігнатчык, які выказаў спадзяванне, што веды, атрыманыя ў школе, стануць трывалым фундаментам для дастойнай будучыні. Ад імя класных кіраўнікоў нядаўніх адзінаццацікласнікаў выступіў настаўнік Вячаслаў Яўгенавіч Аканечнікаў, ад імя бацькоў — галоўны спецыяліст аддзела загс Таццяна Аляксандраўна Пачко, якія далі наказ ажыццявіць свае мары, авалодаць любімай прафесіяй, знайсці годнае месца ў жыцці і быць дастойнымі прадаўжальнікамі добрых спраў на сваёй зямлі.
А далей загучала мелодыя развітальнага вальса, у якім спляліся чароўныя ноткі першага кахання, настойлівых пошукаў і адкрыццяў у інтэлектуальнай прасторы, непаўторнага святла дзяцінства, тужлівага пачуцця развітання са школай і лёгкага хвалявання перад сотняй нязведаных шляхоў, якія адкрываюцца перад юнымі грамадзянамі.
Пасля завяршэння агульнараённай урачыстасці юнакі і дзяўчаты дружнай калонай, пад гукі аркестра, прайшлі па галоўнай вуліцы горада, усклалі кветкі да абеліска загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны землякам, спыніліся ля гарадскога фантана, каб сфатаграфавацца з бацькамі, сябрамі, блізкімі, і разыйшліся па школах, дзе іх чакаў сапраўды апошні вечар, дзе яны, аднакласнікі, — пакуль яшчэ разам, але іх думкі ўжо скіраваны ў будучыню…
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара