spot_img

Снуе чаўнок ад берага надзеі да берага любові

Дата:

Падведзены і агучаны вынікі абласнога тура конкурсу “Новыя імёны Беларусі-2016”, які другі год запар праводзіцца па ініцыятыве і пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У ліку яго пераможцаў – самабытная прадаўжальніца спаконвечнага рамяства нашых продкаў, ткачыха з Бездзежа Н.Л.Янушчык. На выніковым мерапрыемстве, якое прайшло нядаўна ў Палацы культуры прафсаюзаў у Брэсце, Ніне Лукінічне быў уручаны Дыплом 3-й ступені і каштоўны падарунак. Такім чынам, наша зямлячка ўвайшла ў тройку прызнаных майстроў народных рамёстваў Брэстчыны і атрымала пуцёўку для ўдзелу ў рэспубліканскім туры аналагічнага конкурсу.

Калісьці жартавалі, што ў бездзежскай старане што ні дом – то спявак ці ткачыха, і водгаласкі гэтай славы тут захоўваюцца па сённяшні дзень. Выдатнейшыя ўзоры народнага ўмельства сабраны і выстаўляюцца ў тутэйшым музеі “Бездзежскі фартушок”, а некаторыя з вясковых майстроў і цяпер займаюцца ткацтвам, не даючы знікнуць традыцыйнаму мясцоваму рамяству. Вось і наша суразмоўніца, Н.Л.Янушчык, прызнаецца, што кросны (запраўлены ніткамі ткацкі станок) стаяць у яе хаце круглы год. А ткаць на ім яна, як і многія бездзежскія дзяўчаткі, навучылася яшчэ ў дзяцінстве.

“Мая старэйшая сястра вельмі любіла вышываць. А я больш цікавілася ткацтвам. Памятаю, пакіне мама на нейкі час кросны, пойдзе ўпраўляцца па гаспадарцы, а я – хутчэй на яе месца. Вяртаецца, а там ніткі пераблытаны, і адразу бачна маё свавольства. Але ж потым, калі я крыху падрасла і змагла наступаць на “панажы” (спецыяльныя педалі ў ткацкім станку), мама клікала мяне да сябе і пачынала расказваць і паказваць, як і што трэба рабіць, каб выткаць узор “у пераборы” ці “ў выклады”. І ў падлеткавым узросце я ўжо магла ткаць самастойна”, – расказвае Ніна Лукінічна.

Неўзабаве пасля заканчэння школы наша суразмоўніца выйшла замуж за хлопца з суседняй вёскі, ды так і засталася ў родных мясцінах. Свой дом маладыя пачалі ладкаваць у Бездзежы, а потым адзін за адным пайшлі дзеці. Калі яны падраслі, жанчына некаторы час працавала ў сельскай краме і ў мясцовай амбулаторыі, а пазней, пасля смерці старэйшай сястры, дапамагала даглядаць яе сына-інваліда. Але затым і другая бяда навалілася: Ніна Лукінічна з мужам страцілі сына, які загінуў у маладым узросце. Пабыўшы дома, жанчына пачала разумець, што калі і далей яна будзе заставацца ў самоце, адзін на адзін са сваімі перажываннямі, то можа і звар’яцець ад гора. А трэба было жыць, каб не засмучаць старэйшых дзяцей, дапамагчы падгадаваць унукаў. Яна даведалася, што на мясцовую ферму патрабуюцца работнікі. “Вось і надумалася пайсці працаваць у жывёлагадоўлю, хаця муж і дзеці былі супраць такога рашэння. Але ж для мяне работа стала збавеннем, бо знаходзячыся сярод людзей, суперажываючы іх праблемам, крыху пра свае забывалася”, – расказвае Н.Л.Янушчык.

Пры гэтым ткаць наша суразмоўніца не пераставала. “Садзішся за кросны, вядзеш чаўнок ад аднаго берага ручніка да другога – за гэтым заняткам і вечар хутка праходзіць, і ноч заступае. Хаця калі душа нечым узрушана і справы не ладзяцца, то да ткацкага станка стараюся не падыходзіць. Трэба, каб рукі былі спакойнымі, інакш строгі падлік радкоў блытаецца і заміж прыгожых узораў выходзіць памылка за памылкай”, – распавядае Ніна Лукінічна аб сакрэтах свайго ткацкага майстэрства.

Пазней Н.Л.Янушчык пачала супрацоўнічаць з музеем “Бездзежскі фартушок”, і клопатаў прыбавілася. Вясковая жанчына неаднойчы прадстаўляла тутэйшыя рамёствы на розных выязных конкурсах і фестывалях, у тым ліку – і за мяжой. Сваё майстэрства Н.Л.Янушчык пацвердзіла і на конкурсе ткачых у польскім горадзе Бяла-Падляска, дзе заняла другое месца.

Вельмі цёплыя і кранаючыя ўспаміны ў яе засталіся аб нядаўніх абласных “Дажынках”, дзе жанчына таксама выстаўляла свае саматканыя ручнікі і сурвэткі і паказвала майстар-клас па прадзенню льняной ніткі. “Падыходзілі пажылыя людзі, глядзелі, абмяркоўвалі маю работу, са слязамі на вачах успаміналі сваю маладосць і даўнішнія часы, радаваліся таму, што народнае рамяство і сёння не забываецца і захоўваецца”, – расказвае вясковая ткачыха.

Зрэшты, зараз у Бездзежы, які заўжды лічыўся цэнтрам ткацкага рамяства ў нашых мясцінах, засталося зусім нямнога людзей, якія поўнасцю валодаюць гэтай справай. Пажылыя не могуць, а маладыя не хочуць абцяжарваць сябе вывучэннем даўнішніх узораў і засваеннем працаёмкай тэхнікі ткацтва. Сама ж Ніна Лукінічна час ад часу звяртаецца за парадай да сваёй старэйшай аднавяскоўкі Марыі Іванаўны Янушчык. А навіваць на станок нітавую аснову ёй звычайна дапамагаюць блізкія людзі: муж, Міхаіл Васільевіч, ці сын з нявесткай і ўнукамі прыходзяць…

Вось і нядаўна 53-гадовая Н.Л.Янушчык заснавала на сваім ткацкім станку недзе 11 “губ” палатна. А “губа” – гэта мера даўжыні, якая складае 4 з паловай метры. Так что занятку, як мяркуе рамесніца, ёй надоўга хопіць. У сваёй рабоце ткачыха любіць выкарыстоўваць чырвоныя і зялёныя ніткі. У нашых продкаў першы колер быў сонечным сімвалам жыцця і любові, а другі – знакам надзеі, дабра і веры ў невычэрпную моц прыроды, так што снуе яе чаўнок ад берага любові да берага надзеі…

Тчэ жанчына не толькі сувенірныя ручнікі і сурвэткі, але і традыцыйнае прыданае для сваіх нашчадкаў: у нашай суразмоўніцы – двое ўнукаў і тры ўнучкі. “У тутэйшых мясцінах многія жыццёвыя звычаі і абрады суправаджаюцца ручнікамі. Імі абрамляюць абразы, у іх заварочваюць хлеб, калі ідуць у запоіны да маладой, імі ўпрыгожваюць каравай і адорваюць сватоў на вяселлі. Памятаю, калі дачка выходзіла замуж, маіх самаробных льняных ручнікоў больш за 30 штук пайшло. Таму цяпер спакваля тчу прыданае для ўнукаў. Яны ўжо ведаюць, дзе што ляжыць, і калі прыходзяць да мяне ў госці, то нярэдка просяць паказаць іх “спадчыну”, – расказвае вясковая ткачыха. І з непрыхаванай радасцю дадае, што апошнім часам ткацтвам пачала цікавіцца яе старэйшая ўнучка Наташа. Таму ёсць у жанчыны надзея, што будзе каму перадаць сваё рамяство…

Ткачыха з Бездзежа Н.Л.Янушчык на адным з масавых мерапрыемстваў дае майстар-клас па прадзенню льняной ніткі
Ткачыха з Бездзежа Н.Л.Янушчык на адным з масавых мерапрыемстваў дае майстар-клас па прадзенню льняной ніткі

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

С 16 декабря стартует республиканская акция «Безопасный Новый год!»

Согласно оперативным данным, за 11 месяцев текущего года в...

В Дрогичине отметили 85-летие Брестской области

В Дрогичинском Доме культуры прошел праздничный концерт, посвященный 85-летию...

В Дрогичине прошел районный фестиваль творчества инвалидов «Дорогою добра»

В городском Доме культуры сегодня 6 декабря, прошел районный...

Книга “Выборы в Беларуси. Коротко о главном” поступила в продажу

Книга "Выборы в Беларуси. Коротко о главном" поступила в...