spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Хай пашыраецца «Таночак»! На этнападвор’і “Каля Плэса” прайшло абласное свята фальклорнага мастацтва

Дата:

Нам засталася спадчына

Ранішняе сонца ўзнімалася ўсё вышэй і вышэй, і па меры таго, як дзень убіраўся ў сілу, набіраў размах і рух на этнаграфічным падворку «Каля Плэса» ў Бездзежы. Сюды спакваля з’язджаліся знаўцы і выканаўцы народнага фальклору – дарослыя і дзеці, апранутыя ў колішняе адзенне, побач разгортвалася выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці і выстройваліся дэгустацыйныя рады традыцыйнай нацыянальнай кухні. Падворак расквеціўся рознакаляровымі сарочкамі-вышыванкамі, стракатымі спадніцамі-папярэчкамі, яркімі хусткамі-шаліноўкамі, вясёлкавымі паясамі, выбеленымі фартушкамі і наміткамі, і ў гэтых рукатворных народных строях асабліва яскрава бачылася спрадвечная зграбнасць і дасціпнасць, велічнасць і працавітасць, незвычайная прыгажосць і таленавітасць нашых жанчын, нашага народа. Музыкі настройвалі інструменты, выканаўцы частушак спрабавалі галасы, дзеці гулялі па ваколіцы, цікавіліся колішнімі прыладамі працы і сялянскага побыту, весела абмяркоўвалі ўбачанае. І па ўсім адчувалася, што ім даспадобы прыйшлася атмасфера, у якой яны апынуліся.

Усё гэта было ў мінулую нядзелю, 21 мая, на тэрыторыі музейнага комплексу «Бездзежскі фартушок», дзе ладзілася трэцяе абласное свята фальклорнага мастацтва «Таночак», арганізатарам і натхняльнікам якога з’яўляецца наша зямлячка, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Мікалаеўна Быцко.  Праграму мерапрыемства адкрыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  аблвыканкама Сяргей Барысавіч Панасюк, які звярнуўся да прысутных з цёплымі словамі прывітання і добрымі пажаданнямі. Творчага натхнення і яркіх уражанняў самадзейным артыстам, майстрам і прыхільнікам народнага фальклору зычылі таксама дырэктар абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Валянцінаўна Каржук і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Леанід Сцяпанавіч Куроўскі. Мерапрыемства ў Бездзежы наведалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Іванавіч Дарагакупец і старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Уладзіміраўна Барташ.

Затым на вулічнай сцэне, ладна ўпрыгожанай бездзежскімі фартушкамі і ручнікамі, пачалося конкурснае выступленне дзіцячых фальклорных калектываў Брэстчыны – тых, каго можна назваць пераймальнікамі і захавальнікамі традыцыйнай паляшуцкай культуры, спадкаемцамі духоўных набыткаў свайго народа. І гэта было сапраўды адметнае, яркае, захапляльнае відовішча!

Сваё ўмельства юныя нашчадкі нацыянальных традыцый і спадчыны дэманстравалі не толькі на сцэне, але і ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па-добраму здзівіла і ўразіла, з якім майстэрствам падлетак Вадзім Кісялевіч з вёскі Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна пляце лапці. Хлапчук не толькі дэманстраваў сваю работу, але і ў падрабязнасцях расказваў, як трэба нарыхтоўваць лазу ці абдзіраць ліпу, як лацвей скручваць валокі, каб пасталы былі зручнымі і добра насіліся. А яшчэ, як паведаміў мой юны суразмоўнік, на зіму рабілі пасталы большага памеру і запіхвалі ў іх салому, каб нагам было цяплей. Па словах Вадзіма Кісялевіча, гэтай даўнішняй справе ён навучыўся ў свайго пажылога дзеда, Міхаіла Фёдаравіча Рабцэвіча, які пакідае ўнуку найлепшую памяць і спадчыну – перадае сваё рамяство.

Шмат чаго цікавага можна было ўбачыць, паспрабаваць і пачуць між радоў, дзе праходзіла выстава-дэгустацыя страў мясцовай кухні. Тут прапаноўвалі ацаніць не толькі мясныя смакоцці, але і засмажаную цыбуляй і тушаную ў гліняным гаршку фасолю і пярлоўку, традыцыйную «бабку», нашы сусветна вядомыя дранікі. Акампаніятар Закозельскага Дома культуры Людміла Віктараўна Рапінчук частавала гасцей сваім самаробным сырам, а мастацкі кіраўнік гэтай установы Святлана Васільеўна Нічыпорчык зварыла густы кісель і ахвотна дзялілася рэцэптам яго прыгатавання: «Спачатку добра ўварваюцца сухафрукты – яблыкі і грушы, а затым у кампот дабаўляюцца сушаныя ягады, цукар і бульбяны крухмал ці крамны кісель-канцэнтрат…». Жанчыны ўзгадвалі, што ў часы іх дзяцінства такі кісель з пірагом быў любімым ласункам, і гатаваўся ён толькі тады, калі ў хаце было свята – вяселле, радзіны ці Пасха…

А на суседняй пляцоўцы ўжо гаспадарыў Асавецкі Дом культуры на чале з дырэктарам Валянцінай Мікалаеўнай Шэйка. Тут дэманстраваліся не толькі колішнія сялянскія стравы, але і выстава работ вясковай умеліцы Надзеі Іванаўны Салоха: вязаныя кампазіцыі, змайстраваныя з газетных трубачак хаткі-скарбонкі і іншыя прывабныя рэчы.

– Родам я з Украіны, з суседняй Валыні. Вышываць і вязаць умела з дзяцінства, а пазней, у юначыя гады, выйшла замуж і пераехала жыць у Осаўцы. Пакуль знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, навучылася плесці з папяровых трубачак. Зараз дочкі ўжо выраслі: старэйшая – замужам, малодшая – заканчвае вучобу ў медуніверсітэце, а я так і не перастала займацца рукадзеллем. Калі заходжу ў чый-небудзь дом, то не мэбля, якой абстаўлены пакоі, мяне цікавіць, а хатнія кветкі і самаробныя рэчы гаспадароў. Бо і сама вельмі люблю народную творчасць. Праўда, зараз у полі і па гаспадарцы спраў прыбавілася, і таму да позняй восені маё захапленне для мяне будзе закрыта. А там – адпачне душа, – ахвотна расказвае жанчына, здзіўляючыся і радуючыся таму, што вакол яе столькі аднадумцаў, якія захоўваюць і развіваюць традыцыйныя народныя рамёствы.

Спявала душа народная…

А на сцэнічнай пляцоўцы этнападворка «Каля Плэса» ўжо закончылі выступаць дзеці і праграму прадоўжылі сталыя носьбіты народнага фальклору. Лірычную замалёўку на вясельную тэму паказаў гурт «Горынь» з горада Мінска пад кіраўніцтвам Насты Глушко. Абрадавыя песні гэтай тэматыкі нельга назваць вясёлымі, бо колішняя дзяўчына развітвалася з бацькамі, з родным домам, і ішла жыць да мужа, у чужую хату (а не так, як прынята зараз, – ва ўласную ці арэндную кватэру). Гэтую тэму ў сваіх песнях прадоўжыў фальклорна-этнаграфічны калектыў Гутаўскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Ніны Максімовіч. «Ой, на чужыне цяжка жыць, не дай, Божа, захварэць, няма каму пажалець…», – працяжна выводзілі вясковыя пявунні Галіна Яўгенаўна Федзюковіч, Галіна Уладзіміраўна Грэчка, Соф’я Юльянаўна Зіновіч, Марыя Мікалаеўна Рубец і самая старэйшая з удзельніц, 80-гадовая Ніна Андрэеўна Грэбень. Аб жыцці кожнай з іх можна напісаць захапляючую кнігу – і як яны, дзеці вайны, хаваліся ў лясах ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, як пасля вызвалення з песнямі абуладкоўвалі пасляваенную гаспадарку і прывучалі да працы дзяцей, як любілі спяваць на вяселлях вось гэтую песню, што прывезлі і выканалі на абласным фальклорным свяце: «Сонца гарыць без полымя, камень расце без кораня, скрыпка грае – голас мае, сокал плача – слёз не мае, а хмель уецца каля крыльца, любоў сушыць каля сэрца…»

Прыгожа і кранаюча гучалі колішнія побытавыя і абрадавыя песні і частушкі ў выкананні вядомых тутэйшых калектываў: «Таночак» Гошаўскага Дома фальклору, «Крынічанька» Завершскага і «Купалінка» Бездзежскага сельскіх Дамоў культуры, народнага  фальклорна-этнаграфічнага гурта  сям’і Лук’яновіч Леснікоўскага Дома сацыяльных паслуг, дуэта Вулькаўскага сельскага клуба.

«Модны стыль – народны тэкстыль»

А пасля пачаўся паказ аўтэнтычных і адноўленых касцюмаў Брэсцкай вобласці «Модны стыль – народны тэкстыль». Мясцовыя ўборы Драгічыншчыны дэманстраваў народны танцавальны калектыў «Прыгажосць» Драгічынскай харэаграфічнай школы, і здавалася, што лепш за нашых ніхто нічога і не пакажа. Але ж і прадстаўнікі другіх раёнаў не горш выглядалі. На сцэну выходзілі мадэлі самага рознага ўзросту, і даўнішняе адзенне – сарочкі, спадніцы, фартушкі, гарсэты, андаракі, наміткі, хусткі-шаліноўкі, паясы (некаторыя з іх былі выраблены яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя і цудоўна захаваліся да гэтай пары) – толькі падкрэслівалі статнасць, прыгажосць, умельства, творчую фантазію нашых землякоў. Тут можна было ўбачыць адметны касцюм дывінскай свацці, які шылі «з вачыма, бо яна павінна была ўсё бачыць»; даведацца, што «фалды – гэта складачкі, запрасаваныя па парадачку»; пазнаёміцца з прызнанай народнай умеліцай, 82-гадовай Сцепанідай Аляксееўнай Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна, якая ахвотна дэманстравала свой навюткі саматканы ўбор і расказвала, што за кроснамі яна як бы вяртаецца ў маладосць, забываючы «пра стому, узрост і хваробы… »

Кожны паказ даўнішніх узораў адзення суправаджаўся ці то абрадавымі песнямі, ці то трапнымі народнымі назіраннямі. У іх ліку было і нямала парад, як выбіраць добрую жонку ці мужа. Накшталт гэтай:

Не выбірай, Ясю, каторая гладка,

Сам глядзі, у людзей пытай, чы мецена хатка.

Не ўважай, Ясеньку, каб была росла,

Сам глядзі, у людзей пытай, чы ўмее ткаць кросна.

Не глядзі, Ясю, чы ў пацёрках шыя,

Сам глядзі, у людзей пытай, чы кашулю ўшые…

Многія народныя касцюмы, прадэманстраваныя на абласным свяце фальклору ў Бездзежы, можна назваць сапраўднымі шэдэўрамі народнага мастацтва, якія адлюстроўваюць лепшыя якасці палешукоў-беларусаў і ўзбагачаюць сучасную нацыянальную культуру.

Хай пашыраецца «Таночак»!

І толькі на схіле дня, калі сонца пачало зварочваць да гарызонту, фальклорнае свята ў Бездзежы наблізілася да свайго завяршэння. Вынікі конкурснага выступлення дзіцячых фальклорных калектываў падвяла дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Валянцінаўна Каржук. У ліку пераможцаў быў названы і дзіцячы танцавальны ансамбль «Ліпачка» Ліпніцкага СДК. Неаднаразова выклікаліся на сцэну для ўзнагароджвання дзіцячыя калектывы «Вясковая табала» з вёскі Хаціслаў Маларыцкага раёна, «Жаўручкі» са Спорава Бярозаўскага раёна і многія іншыя юныя выканаўцы.

Шчырыя словы прызнання і ўдзячнасці арганізатары фальклорнага свята адрасавалі ўсім, хто зберагае народную спадчыну і перадае яе дзецям, каб яны ведалі, захоўвалі і неслі ў будучыню сваю нацыянальную адметнасць і непаўторнасць. І з усіх бакоў – і ад удзельнікаў, і ад гледачоў – чулася шчырае пажаданне: каб не перасыхала крыніца народнай творчасці і каб з кожным годам «Таночак» у Бездзежы пашыраўся!

Фальклорнае свята «Таночак» і выставу вырабаў майстроў народнай творчасці ў Бездзежы наведалі прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і мясцовай улады
Багатую і разнастайную выставу страў нацыянальнай кухні падрыхтавалі работнікі Асавецкага СДК
Спаконвечныя народныя абрады і традыцыі знаходзяць нямала юных паслядоўнікаў
Дуэт Вулькаўскага сельскага клуба: Фёдар Фёдаравіч Булыга і Еўдакія Ігнатаўна Зіновіч

Прыгожымі народнымі песнямі гаспадароў і гасцей свята парадаваў фальклорна-этнаграфічны калектыў Гутаўскага СДК
Прыгожымі народнымі песнямі гаспадароў і гасцей свята парадаваў фальклорна-этнаграфічны калектыў Гутаўскага СДК

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В регионах Беларуси идет выдвижение кандидатов в состав Президиума ВНС

В регионах Беларуси идет выдвижение кандидатов в состав Президиума...

По-народному зажгла «Славяночка»

Детский ансамбль танца «Славяночка» Дрогичинской детской хореографической школы искусств...

Александр Лукашенко подписал закон по вопросам предпринимательской деятельности

Об этом БЕЛТА сообщили в пресс-службе главы государства. Закон устанавливает обновленную...

Более 2,5 тыс. человек смогут выйти на старт легкоатлетического забега “Первых” в Бресте

В Бресте 11 мая пройдет легкоатлетический забег "Первых". Спортивное...