spot_img

ХII абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры прайшоў у падвор’і “Каля плэса”

Дата:

Дзесяць драўляных скульптур, нібы разынкі здобу, упрыгожылі сялянскае падвор’е “Каля Плэса” музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”. Перад Сёмухай тут прайшоў XII абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры, прысвечаны абрадаваму колу беларусаў.

 —Дык гэта ж выліты дзед Мартын з Какорыцы! – нечакана прызналі земляка ў каларытнай фігуры вусатага селяніна з кошыкам наведвальнікі падвор’я. – Цікавы быў чалавек, кошыкі плёў, рыбу лавіў. А ў кошыках такіх колісь пальцам пханую каўбаску захоўвалі…

Аўтар скульптуры, самы малады з разьбяроў, Юрый Новік задаволена  заўсміхаўся. Ён стараўся ўвасобіць у сваёй рабоце збіральны вобраз мужыка-беларуса. І тое, што вяскоўцы разгледзелі ў гэтым вобразе канкрэтнага чалавека, з пэўным характарам і звычкамі, хлопца абрадавала. А бездзежцы яшчэ больш уразіліся, калі даведаліся, што Юра – не прыезджы майстар, а мясцовы, з вёскі Гутава. Сёлета ён заканчвае Кобрынскі політэхнічны каледж. Менавіта падчас вучобы юнак і захапіўся разьбой па дрэве, асабліва –  манументальнай скульптурай. Дзве свае работы – выявы рыцара і механіка з ключом і малатком – Юра ўстанавіў у роднай вёсцы: пры ўездзе ў Гутава і ля калгасных майстэрань.

Бездзежскі  пленэр, які сабраў імянітых разьбяроў не толькі з Брэстчыны, але і з Мінска, Гомеля, стаў для Юрыя творчай майстэрняй, у якой ён многаму навучыўся. Тут, у Бездзежы, хлопец упершыню спазнаў і выпрабаванне “меднымі трубамі”: выява “дзеда Мартына” ўра-зіла ўсіх удзельнікаў прэзентацыі драўляных скульптур. А мясцовыя жыхары звярнуліся да Юрыя з просьбай стварыць яшчэ і жаночы вобраз мясцовай сялянкі, якая сядзела б за потассю. І нават месца для яе ля ўваходу ў “Бездзежскі фартушок” прыгледзелі. Гэтую ідэю падтрымаў і начальнік  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Леанід Куроўскі. Неўзабаве Юрый Новік увальецца ў творчы калектыў работнікаў культуры Драгічыншчыны.

Малады разьбяр Юрый Новік са сваім "дзедам Мартынам"
Малады разьбяр Юрый Новік са сваім “дзедам Мартынам”

Няпростая, але цікавая задача стаяла перад разьбярамі: увасобіць у драўляных скульптурах спрадвечныя бездзежскія абрады і рамёствы. Ідэю правесці на этнападвор’і “Каля Плэса” пленэр супрацоўніца абласнога ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ларыса Быцко выношвала даўно. Першы такі пленэр на Брэстчыне адбыўся ў 2002-м годзе і прысвячаўся юбілею Якуба Коласа. Паступова пашыралася кола майстроў, дзякуючы якім недаравальна забытая драўляная паркавая скульптура адраджалася ў розных рэгіёнах вобласці. Так, на Камянеччыне “ажылі” беларускія міфы, а ў Ляхавіцкім раёне – героі казак, у Пінску з’явілася выява адной са сцэн “Пінскай шляхты”, у Ружанах – уручэнне Магдэбургскага права.

Пленэр у Бездзежы Ларыса Мікалаеўна арганізоўвала з асаблівым натхненнем: яна ж сама тутэйшая, родам з Агдэмера. Абрадавалася, калі згоду стварыць скульптуры для этнападвор’я далі прызнаныя майстры, у творчай скарбонцы якіх удзел у шматлікіх айчынных і замежных пленэрах і фестывалях – Анатоль Туркоў, Валерый Казлоўскі, Аляксандр Лазерка, Васіль Сілкоў, Уладзімір Чыкін і іншыя. За стварэнне вобраза Купалінкі ўзяўся драгічынскі разьбяр Валерый Манцэвіч.

На працягу тыдня майстры чаравалі над таўшчэзнымі дубовымі “камлямі”, аддаючы ім часцінку сваіх сэрцаў, удыхаючы ў іх трапяткое жыццё. Бясспрэчна, галоўнае месца на падвор’і заняла скульптура, што ўвасобіла сэнс самабытнага бездзежскага абрада “Стрілка”. Напачатку Уладзімір Чыкін быў упэўнены, што паказаць гэты абрад можна выключна ў чатырох паленнях. Але ж пазней разьбяр здолеў адлюстраваць галоўны яго сэнс у адным бервяне. “Ты лыты, лыты, стрілка, по горам, по долынам, ты нысы, нысы, стрілка, жоноцкую, жаброцкую і дывоцку красу”, – выразаў словы з абрадавай песні майстар і  аздобіў іх трыма каласкамі, якія сімвалізуюць працяг роду людскога, адраджэнне жыцця.

Уладзімір Чыкін ганарыцца сваёй скульптурай "Стрілка"
Уладзімір Чыкін ганарыцца сваёй скульптурай “Стрілка”

***

Акурат да Сёмухі работа была закончана. Кожная з дзесяці скульптур заняла сваё месца на этнападвор’і. Ля варот устанавілі дзве жаночыя постаці: вышывальшчыцу і ткачыху, – спрадвеку мясцовыя жанчыны славіліся сваім непаўторным рукадзеллем. Скульптуры бондара і каваля ўдала ўпісаліся побач з выставай старажытнай сельскагаспадарчай тэхнікі: коннымі касілкай, граблямі.

—Я з задавальненнем узяўся за скульптуру каваля. Гэтая тэма мне вельмі блізкая. Мой бацька ўсё жыццё працаваў кавалём-малатабойцам, і я дзіцём часта бегаў да яго на працу. Гэтай скульптурай я аддаю даніну памяці свайму бацьку, — падзяліўся патаеннымі перажываннямі гомельскі разьбяр Валерый Казлоўскі.

А над самай вадой, нібы ўглядаючыся ў люстэрка, прыцішыліся юныя прыгажуні з тонкімі станамі: Троіца і Купа-лінка. Ля хаты ж, якая ледзь не штодня прывячае наведвальнікаў музея і падвор’я, узвышаецца майстар-ганчар. Побач на плоце, ужо не драўляныя, а самыя што ні на ёсць сапраўдныя, гліняныя, вісяць збаночкі ды гаршочкі. Адлюстраванне ў дрэве атрымалі і Калядкі: вясёлая ватага сялян са звяздой па мяцеліцы крочыць вясковай вуліцай…

На Сёмуху адбылася прэзентацыя паркавых скульптур. Хвалюючыся (нават самы знакаміты і вопытны майстар перажывае, упершыню прадстаўляючы вынік сваёй творчай працы людзям) разьбяры распавядалі пра асаблівасці творчага працэсу, уласнае бачанне зададзенай тэмы. Ад скульптуры да скульптуры, быццам пляла дзівосны карункавы ўзор, вяла экскурсію дырэктар музейнага комплексу “Бездзежскі фартушок” Марыя Астаповіч. На яе вачах з трохметровых, нямых камлёў нараджаўся сапраўдны цуд. Марыя Міхайлаўна старалася як мага больш шчыра расказаць пра работу майстроў, аддзячыць ім за тую разынку, якой яны аздобілі этнападвор’е.

—Да нас прыязджае шмат турыстаў, — адзначыла Марыя Міхайлаўна. – Толькі за май “Бездзежскі фартушок” зарабіў 39 мільёнаў рублёў. Экскурсійны маршрут пачынаецца ад Дугі Струве, ідзе да чорнай бярозы, мемарыяльнай калоны на вясковых могілках, далей – да Свята-Троіцкай царквы. Літаральна ў пятніцу ля храма быў устаноўлены памінальны крыж, які падчас пленэра стварыў знакаміты беларускі майстар Анатоль Туркоў. З царквы экскурсанты прыязджаюць да нас, у музей, на падвор’е. Думаю, паркавыя скульптуры, якія надалі падвор’ю незвычайную ўтульнасць і арыгінальнасць, прыцягнуць да музейнага комплексу яшчэ большую цікавасць. Яны застануцца на вякі, для ўдзячных нашчадкаў.

***

Прэзентацыя паркавых скульптур вылілася ў сапраўдны “Траецкі фэст”. У Бездзежскім Доме культуры адбыўся канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці Драгічыншчыны. На ўпрыгожанай бярозкамі сцэне абрад “Зелянец” паказалі ўдзельнікі фальклорнага калектыву Леснікоўскага Дома сацыяльных паслуг.

Удзел у “Траецкім фэсце” прынялі і госці з Рыгі – ансамбль “Ільінская пятніца”, які збірае і выконвае абрадавыя песні лагальскіх, віцебскіх і пскоўскіх беларусаў, а таксама песні рускіх старавераў.

Ансамбль з Рыгі "Ільінская пятніца"
Ансамбль з Рыгі “Ільінская пятніца”

У знак падзякі за ўдзел у пленэры і адраджэнне паркавай скульптуры намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў уручыў разьбярам Ганаровыя граматы ўпраўлення.

Ніна ТКАЧУК

Фота Івана Ляончыка

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

С 16 декабря стартует республиканская акция «Безопасный Новый год!»

Согласно оперативным данным, за 11 месяцев текущего года в...

В Дрогичине отметили 85-летие Брестской области

В Дрогичинском Доме культуры прошел праздничный концерт, посвященный 85-летию...

В Дрогичине прошел районный фестиваль творчества инвалидов «Дорогою добра»

В городском Доме культуры сегодня 6 декабря, прошел районный...

Книга “Выборы в Беларуси. Коротко о главном” поступила в продажу

Книга "Выборы в Беларуси. Коротко о главном" поступила в...