З прыходам вясны да звыклага раскладу работы спакваля пачаў вяртацца музейны комплекс “Бездзежскі фартушок”. У нядзелю тут было арганізавана традыцыйнае свята Масленіцы і праводзін зімы. І, па-сутнасці, з мінулай вясны, калі ўзнікла пагроза каранавірусу, яно стала першым масавым мерапрыемствам на шырокім і раздольным музейным падворку…

Тут былі і прадстаўнікі райспажыўтаварыства са сваімі шашлыкамі, блінамі і іншымі смакоццямі, і работнікі музейнага комплексу, якія частавалі прысутных гарачай рыбнай юшкай, духмяным травяным чаем і вясковымі блінамі з варэннем, што было ўласнаручна прыгатавана імі з тутэйшых ягад і садавіны  – чарніц, клубніц, вішань, абрыкосаў, яблыкаў. Знайшлося месца і для рамеснікаў са сваімі арыгінальнымі вырабамі, і для бяспройгрышнай латарэі, і для спартыўных конкурсаў.

Ля стылізаванай сцэны ўвагу гасцей прыцягвалі аніматары, у ролі якіх выступілі таленавітыя ўдзельнікі народнага драматычнага тэатра Драгічынскага ГДК Аляксандр Пятровіч Грэчка, Юлія Віктараўна  Марачук, Таццяна Алегаўна Цыганчук і іншыя. Яны заклікалі дзяцей і дарослых да ўдзелу ў гульнях і конкурсах, у тым ліку – і ў традыцыйным спаборніцтве на паяданне бліноў на хуткасць. Добрымі песнямі настрой ўзнімалі самадзейныя калектывы “Сваякі” з Бездзежскага, “Палясяначка” з Равінскага, “Спяваючыя сэрцы” з Заказельскага, “Журавінка” з Брашэвіцкага сельскіх Дамоў культуры. 

А завяршыліся праводзіны Масленіцы традыцыйным спальваннем пудзіла. У гэтым абрадзе яно сімвалізуе пазбаўленне ад бед і няшчасцяў, якія быццам бы сыходзяць у нябыт разам з агнём і дымам, і пасля гэтага наступае час вясновага абнаўлення і адраджэння.

 

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара