spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Зіме сказалі мы: “Бывай!”

Дата:

У гарадскім парку ў Драгічыне і на сялянскім падворку “Каля Плэса” ў аграгарадку Бездзеж у нядзелю ладзілася народнае гулянне з нагоды Масленіцы.

Шкада, вельмі шкада, што большасць жыхароў райцэнтра ці то з-за вільготнага, халоднага надвор’я, ці то па прычыне звычайнай ляноты вырашыла правесці апошні дзень так званага шчодрага тыдня, не выходзячы з цёплага жылля. Арганізатары Масленіцы пастараліся, каб провады зімы былі смачнымі ды вясёлымі. З адзінаццаці гадзін раніцы паветра ў парку пачало насычацца апетытным водарам блінцоў ды шашлыкоў, які з ветрам далятаў ажно да цэнтральнай вуліцы горада. Тоненька расцякалася цеста па круглай паверхні патэлень, імгненне – на адным баку, імгненне – на другім, і вось ужо гатовы падобны да сонца блінок.

У майстэрстве прыгатавання бліноў паміж сабой спаборнічалі повары рэстарана “Івушка” раённага спажывецкага таварыства і сталовай ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод”. Калектыў заводскай сталовай на чале з загадчыцай Вольгай Анатольеўнай Хрысцюк каля сваёй палаткі паставілі імправізаваную сялянскую печ, пасадзілі ля яе фігуркі дзеда з бабай, а на прылаўку выклалі спрадвечныя вясковыя смакоцці: каўбасу “пальцам пханую” мясную і пячоначную, дамашні зельц, запечанае мяса, рулет са свініны. Стравы выглядалі вельмі апетытна, быццам і сапраўды былі прыгатаваны ў сялянскай печы, а не ў сучаснай параканвекцыйнай. Гарэзліва булькаў кіпень у электрачайніку. Да гарбаты і кавы тут можна было заказаць бліны з начынкай на самы прывярэдлівы густ: з тварагом, каўбасой, шынкай і крабавымі палачкамі, павідлам, тушанай капустай, ікрой, ікорным маслам. Повар Таццяна Ігараўна Красоўская ўпэўнена завіхалася каля электрапатэльні.

Раённае спажывецкае таварыства разгарнула гандаль у некалькіх палатках: тут можна было набыць хлебабулачныя вырабы драгічынскіх хлебапёкаў, разнастайныя прадукты і, вядома ж, уласную прадукцыю майстроў грамадскага харчавання. Шкварчэлі шашлыкі, смажыліся бліны, да якіх майстар-повар Вольга Аляксандраўна Макарэвіч і яе калегі таксама прапаноўвалі самыя розныя начынкі.

А на другой алеі парка ўдзельнікаў масленічнага гуляння чакала духмяная юшка. Рыбгас “Днепрабугскі” разгарнуў “палявую кухню” і выязны гандаль свежай, вэнджанай і вяленай рыбай. За нацягнутай зялёнай сеткай і камышамі стаяла паходная кухня, над якой апетытна парэла юшка. “Ай, смачна!” – задаволена круцілі галавой пакупнікі, адведаўшы адмысловую страву днепрабугскіх рыбаводаў.

Раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі запрашаў усіх жадаючых паўдзельнічаць у жартаўлівай гульні – патрапіць мячом у пастку “льву” альбо ў кальцо, паўдзельнічаць у латарэі і выйграць на памяць прыз, зроблены гурткоўцамі цэнтра. Вырабы юных антопальцаў у латарэю разыгрывалі супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў, побач былі выстаўлены драўляныя пано і казачныя фігуркі рэзчыка па дрэве Валерыя Манцэвіча. Набыць на памяць аб Масленіцы каларытныя лялькі ў народным адзенні гараджанам прапаноўваў гарадскі Дом культуры.

На спартыўных пляцоўках разгарнуліся спаборніцтвы паміж школьнікамі: дзеці не толькі кідалі дроцікі, імкнуліся трапіць мячом у баскетбольную карзіну, практыкаваліся са скакалкай, але і ў якасці спартыўнага снарада выкарыстоўвалі самы звычайны валёнак. На жаль, з-за надвор’я ніхто не рызыкнуў забрацца на слуп: прымацаваны на ім прыз так і не знайшоў свайго ўладальніка.

Бліжэй да поўдня ў парку загучаў гармонік, ствараючы святочны настрой. Вясёлай гурбой па алеях прайшліся апранутыя ў колішнія сялянскія касцюмы дзяўчаты і хлопцы. На працягу дзвюх гадзін на сцэне ў цэнтры парка гучалі песні і гумар. Са святам Масленіцы драгічынцаў віншавалі самадзейныя артысты Драгічынскага, Антопальскага і Асіпавіцкага Дамоў культуры, калектывы “Вясёлыя суседзі” і “Зараначка”, як заўсёды цёпла гледачы прымалі гарэзлівую Ніну Пацяюк.

Дарэчы, і гледачам удалося паўдзельнічаць у масленічных забавах. Яны адгадвалі загадкі, плялі косы з даматканых паясоў. А ў якасці прызоў атрымлівалі, вядома ж, бліны. Прама з кошыка раздавалі іх пераможцам дзяўчаты.

Між тым падчас свята праходзіў і даволі сур’ёзны конкурс: на лепшае афармленне гандлёвага месца і актыўны ўдзел у Масленіцы. Абвясціла яго раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Лепшымі былі прызнаны гандлёвыя месцы раённага спажывецкага таварыства і рыбгаса “Днепрабугскі”. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Анатоль Іванавіч Спосаб прынародна ўручыў Дыпломы і памятныя падарункі начальніку сектара грамадскага харчавання раённага спажывецкага таварыства Алёне Мікалаеўне Сушко і дырэктару рыбгаса Мікалаю Феадосьевічу Ярошчыку.

Увесь час, пакуль доўжыўся канцэрт, ладзіліся гульні і спаборніцтвы, гараджане з цікаўнасцю паглядалі на вялікае чучала Зімы, апранутае ў прыгожую сукенку. Людзі перапытвалі адзін у аднаго: няўжо спаляць такую прыгажосць?

А як жа іначай? У дзве гадзіны дня чучала Зімы занялося яркім полымем. Разам з чорным дымам ад людзей у неба адляталі зімовая скруха, хваробы, на якія “шчодрая” самая халодная пара года, няўдачы, няўпэўненасць… Ва ўсялякім выпадку кожнаму, хто стаяў ля вогнішча, хацелася ў гэта верыць. Наперадзе вясна. Няхай жа яна прынясе нам здароўе, маральную і фізічную моц, веру ва ўсё самае добрае, самае светлае!

Ніна ТКАЧУК

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичине прошел первый день молодежной ярмарки вакансий

Сегодня в городском Доме культуры было многолюдно: 23-24 апреля...

В регионах Беларуси идет выдвижение кандидатов в состав Президиума ВНС

В регионах Беларуси идет выдвижение кандидатов в состав Президиума...

По-народному зажгла «Славяночка»

Детский ансамбль танца «Славяночка» Дрогичинской детской хореографической школы искусств...

Александр Лукашенко подписал закон по вопросам предпринимательской деятельности

Об этом БЕЛТА сообщили в пресс-службе главы государства. Закон устанавливает обновленную...