9 студзеня ў Палацы Рэспублікі кіраўнік краіны А.Р.Лукашэнка ўручаў прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Сярод узнагароджаных – дырэктар Антопальскага Цэнтра рамёстваў Галіна Міхайлаўна Сцепанюк. Яна спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоена за адраджэнне і захаванне самабытнай народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў рэгіёна.

Хочацца звярнуць увагу на той факт, што такой жа прэміі ўдастоены і яшчэ адзін наш зямляк – мастак-жывапісец, член грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз мастакоў” Уладзімір Уладзіміравіч Кожух. Ён нарадзіўся ў 1953 годзе ў Драгічыне, дзе скончыў СШ №2.
Здольнасці да малявання праявіліся ва Уладзіміра Кожуха ў школьныя гады. А набыўшы спецыяльную адукацыю, ён, як кажуць, з галавой акунуўся ў свет мастацтва, а пазней стварыў серыю палотнаў, прысвечаных чарнобыльскай трагедыі.
Даўно вядома, што карціна для любога мастака – выказванне яго творчай дзейнасці. А ў палотнах Уладзіміра Кожуха жывапісная прастора, як правіла, падмацоўваецца лёсам простых людзей, што вельмі важна ў мастацтве.
У.У.Кожух – удзельнік многіх выстаў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. “Да сапраўднай карціны, якую сабе ўяўляю, я яшчэ не падышоў, мне здаецца, я ўвесь час рухаюся ёй насустрач”, – гаварыў раней Уладзімір Уладзіміравіч.
І вось прызнанне мастака на самым высокім узроўні: за стварэнне высокамастацкіх жывапісных твораў Уладзімір Кожух адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А гэта, думаецца, будзе натхняць нашага земляка на ўвасабленне новых творчых задумак.
Як бачым, усё-такі слаўная і цудоўная драгічынская зямля, што вырасціла і выхавала такіх таленавітых людзей, як Галіна Сцепанюк і Уладзімір Кожух.
Аляксей ФЁДАРАЎ