адзінаццацікласніца Антопальскай СШ, юнкар РЦДАДЗіМ
Фота Галіны ШАФРАН
У апошнюю суботу студзеня раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Драгічыне расквеціўся яркімі і самабытнымі народнымі ўзорамі і арнаментамі. З раніцы вясёлымі, гаманкімі ручайкамі сюды сцякаліся юныя фалькларысты са школ Драгічыншчыны, каб прыняць удзел у традыцыйным фестывалі “Радавод”. Адметна, што многія неслі з сабой каларытныя прадметы даўніны, каб пазней скарыстаць іх, паказваючы абрады сваёй мясцовасці…
З парадкам і ўмовамі правядзення гэтага мерапрыемства я і мае сяброўкі з Антопальскай школы знаёмыя не па чутках, паколькі мы не першы год з’яўляемся ўдзельнікамі фестывалю-конкурсу народнай творчасці. Ён захапляе ўжо на этапе падрыхтоўкі, калі школьнікі імкнуцца паглыбіцца ў гісторыю свайго краю, адшукаць нейкія адметныя песні, байкі, абрады, характэрныя толькі для іх мясцовасці. Далучэнне да духоўнай спадчыны нашых продкаў з’яўляецца той трывалай повяззю, якая дазваляе нам разумець і паважаць старэйшых, ганарыцца мінулым. Вось і пад час нядаўняга фестывалю прыходзілася назіраць, што некаторыя з юных прыхільнікаў народнай творчасці прыехалі ў суправаджэнні пажылых бабуль, якія з’яўляюцца аўтэнтычнымі носьбітамі даўнішніх вясковых абрадаў. І гэта надало мерапрыемству асаблівы каларыт і непаўторнасць.
Прынамсі, маю ўвагу прыцягнула незвычайнае ўбранне дзяўчынкі: сукенка ў “гарохі”, паверх якой – пінжачок, яркія каралі, а на галаве – адмысловы вяночак. Як аказалася, гэта – удзельніца фестывалю з Радастаўскай СШ у даўнішнім адзенні нявесты. Яна і выканала адну з галоўных роляў у адноўленым тамтэйшым абрадзе “Зборы да вянчання”. У сцэнічнай пастаноўцы прысутнічала і дзяжа з кажухом, і іншыя атрыбуты колішняга вяселля. Характэрна, што пра мясцовую традыцыю збораў радастаўскай нявесты да вянчання расказала пажылая пенсіянерка Таццяна Ва-сільеўна Астапук, якая таксама прыехала на школьны фальклорны фестываль і была задзейнічана ў пастаноўцы.
Гэты абрад захапіў не толькі гледачоў, але і членаў журы: ён быў названы ў ліку пераможцаў раённага конкурсу і накіраваны для ўдзелу ў занальным этапе фестывалю “Радавод” у Пінску. Разам з калектывам Радастаўскай СШ там павінны выступіць фальклорна-этнаграфічныя гурты з Новапапінскай, Немяржанскай, Ліпніцкай школ і Драгічынскага РЦДАДЗіМ. З індывідуальнымі нумарамі – народнымі песнямі і байкамі – у горад над Пінай паедуць Ганна Гражэўская і Валерыя Плешка ( СШ №2 г.Драгічына), Андрэй Касцючык ( Толкаўская БШ), Анастасія Малышыц (Асавецкая СШ), Станіслаў Лось (Ліпніцкая СШ).
Не страцілі, а ўзбагацілі свае веды і прадстаўнікі іншых школ раёна, якія прыехалі па-ўдзельнічаць у фестывалі-конкурсе “Радавод”. Многія з іх адзначалі, што, далучаючыся да народнай творчасці, гісторыя свайго краю пазнаецца намнога глыбей, чым з падруч-нікаў.
ПАСТСКРЫПТУМ: Сталі вядомы вынікі рэгіянальнага фестывалю-конкурсу “Радавод” у Пінску. З нашай праграмы на абласны ўзровень выйшлі песні ў выкананні Ані Гражэўскай і гурта “Раніца”, байка якую прачытаў Андрэй Касцючык, танец “Полька-мост” ансамбля Ліпніцкай СШ і абрад “Зборы да вянчання”, паказаны школьнікамі з Радастава.