Ідучы на “прамую лінію” да загадчыцы аддзела ЗАГС Ірыны Сяргееўны Кез, я не ўяўляла сабе, наколькі цікава пройдзе гадзіна, адведзеная для адказу на тэлефанаванні жыхароў раёна. Самае дзіўнае, што тэлефон ні разу нас не патрывожыў, хаця ў звычайныя дні шмат людзей звяртаецца да супрацоўнікаў ЗАГС. Затое мы мелі цудоўную магчымасць пагутарыць, паглядзець цікавыя здымкі і відэа ўрачыстай рэгістрацыі залатога шлюбу ў музеі “Бездзежскі фартушок”, якое летась Ірына Сяргееўна дасылала на абласны конкурс.
– Ірына Сяргееўна, і на колькі спадабаўся журы конкурсу ваш варыянт юбілейнай рэгістрацыі шлюбу? – цікаўлюся я, захапляючыся і вышыванай кашуляй, сялянскай спадніцай, у якія была апранута падчас абраду загадчыца ЗАГС, і беларускай мовай, на якой яна размаўляла, і хваляваннем саміх залатых юбіляраў – Вольгі Паўлаўны і Івана Навумавіча Масальскіх, якія праз 50 гадоў шчаслівага сумеснага жыцця зноўку абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі.
Ірына Сяргееўна паказвае на дыпломы Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама, якія ўпрыгожваюць сцяну яе службовага кабінета:
– Наша залатое вяселле заняло першае месца ў конкурсе. Да таго ж, па выніках мінулага года мы атрымалі Дыплом за ўзровень агульнай культуры і мастацкае выкананне абрадаў, музычнае афармленне ў намінацыі “Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстага абраду рэгістрацыі”. Справа ў тым, што мы стараемся папулярызаваць беларускую мову і актыўна прапаноўваем тым, хто ўступае ў шлюб, хто рэгіструе нованароджаных ці святкуе юбілейнае вяселле, урачыстую цырымонію на беларускай мове.
– І людзі згаджаюцца?
– Так. Але ж не буду падманваць, першая рэакцыя маладых бацькоў на такую прапанову – гэта звычайна спалох. На ўрачыстую рэгістрацыю немаўлят мы збіраем разам па некалькі сем’яў у зале ўрачыстасцяў гарадскога Дома культуры альбо ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Пасля заканчэння абраду рэгістрацыі бацькі выказваюць сваё задавальненне тым, што праводзіўся ён на мілагучнай, звонкай беларускай мове.
Ірына Сяргееўна прапаноўвае паглядзець здымкі, на якіх адлюстравана ўрачыстая рэгістрацыя дзіцяці ў народным стылі. Немаўлятка загорнута не ў пялюшкі, а ў вышываны ручнік. Загадчыца ЗАГС працягвае распавядаць:
– Нярэдка самі маладыя просяць, каб іх шлюб рэгістравалі менавіта на беларускай мове. Маўляў, былі на вяселлі ў сяброў ці родзічаў – вельмі спадабалася. Да таго ж, усё большую папулярнасць набывае такая паслуга, як урачыстая выязная рэгістрацыя заключэння шлюбу. Напрыклад, у “Бездзежскім фартушку”, на аграсядзібе ці проста на ўлонні прыроды. Фантазіруюць, хто на што здольны, стылізуючы ўрачысты момант стварэння сям’і пад даўніну. І зерне сыплецца, і косы з тканых ручнікоў плятуцца, і аркі будуюцца, упрыгожваюцца з драўляных скрынак, і для роспісу замест стала выкарыстоўваюцца драўляныя бочкі, а замест традыцыйнага адзення ледзьве не мешкавіна.
– А як на такое вяселле апранаюцца супрацоўнікі ЗАГС?
– Мы, канечне ж, стараемся апранацца згодна сітуацыі. Але не забываем аб тым, што з’яўляемся дзяржаўнымі служачымі. Мы прадстаўляем дзяржаву, а таму падчас урачыстай рэгістрацыі шлюбу і нараджэння апранаем сукенку альбо касцюм. Іншая справа – юбілейнае вяселле: тут ужо можна дазволіць сабе і беларускае нацыянальнае адзенне.
– Ці не цяжка было самім прызвычайвацца размаўляць падчас урачыстай рэгістрацыі па-беларуску?
– Спачатку цяжка, сцэнарый завучвалі на памяць. А потым прывыклі: мы ж вывучалі ў школе беларускую мову і літаратуру. Ды і наогул, мы ж – беларусы. І мова наша прыгожая, вельмі прыемна размаўляць па-беларуску падчас урачыстай рэгістрацыі.
– Ірына Сяргееўна, напэўна, пост – гэта той час, калі ў рабоце ЗАГС адчуваецца пэўнае зацішша. Вяселлі гуляць не прынята…
– Я сказала б па-іншаму: гэта той час, калі даводзіцца рэгістраваць няшмат шлюбаў. Людзі і ў Вялікі пост ствараюць сем’і. Так, у нас ужо адбылося 6 урачыстых рэгістрацый шлюбу і столькі ж – без урачыстасці. У асноўным падчас паста жаніхі і нявесты падаюць заявы. Цяпер заканадаўствам дазваляецца падаць заяву за тры дні да рэгістрацыі шлюбу. Таму мы практыкуем папярэдні запіс: можна загадзя прыйсці ў ЗАГС альбо патэлефанаваць і заявіць аб сваім намеры ўступіць у шлюб у любую дату на працягу года і ў любым месцы: у маім службовым кабінеце, Доме культуры, у музеі, на возеры, у лесе ці на аграсядзібе. А заяву можна падаць і напярэдадні рэгістрацыі.
– Колькі пар ужо заявілі аб сваім жаданні стварыць сям’ю?
– Пададзена 33 заявы аб рэгістрацыі шлюбу, яшчэ 70 пар проста запісаліся на рэгістрацыю. Некаторыя з іх плануюць ажаніцца ажно ў кастрычніку. Многія маладыя выбіраюць дні, бліжэйшыя да Пакровы. Таксама папулярнымі месяцамі для ўступлення ў шлюб з’яўляюцца ліпень, жнівень, верасень.
– Цікава, колькі шлюбаў у раёне было зарэгістравана за першы квартал?
– Сорак: 24 – у аддзеле ЗАГС, астатнія – у сельвыканкамах. Сярэдні ўзрост жаніхоў 30 гадоў, нявест – 27. Так-так, назіраецца тэндэнцыя да павышэння ўзросту маладажонаў. Непаўналетнія ў шлюб не ўступалі, а вось узрост 6 жаніхоў і 4 нявест быў большы за 55 гадоў.
– Як паводзяць сябе маладыя сталага ўзросту, падаючы заяву на рэгістрацыю шлюбу?
– Звычайна, адчуваюць сябе ніякавата, саромеюцца. У сталым узросце людзі афіцыйна афармляюць свае сямейныя адносіны звычайна, зыходзячы з меркантыльных пабуджэнняў. Падкрэслю – у добрым сэнсе гэтых слоў. Як правіла, гэта паўторныя шлюбы. Людзі доўга жывуць разам без рэгістрацыі і ўрэшце рэшт пачынаюць задумвацца, каму яны пакінуць нажытую маёмасць. Звяртаюцца да натарыуса, і высвятляецца, што з юрыдычнага пункту гледжання яны нікім адзін аднаму не прыходзяцца. Вось і ідуць у ЗАГС падаваць заяву аб рэгістрацыі шлюбу. Было некалькі выпадкаў, калі ў сталым узросце мужчыны і жанчыны вырашалі “распісацца” з рэлігійнага меркавання. Яны хацелі абвянчацца, але ж для гэтага неабходна папярэдне зарэгістраваць свой шлюб.
Нам вельмі падабаецца рэгістраваць такія пары. Бо яны ўпэўненыя адзін у адным, яны шмат цяжкасцей разам перажылі і да канца сваіх дзён будуць разам. Такія сямейныя саюзы ствараюцца на даверы, павазе, уменні прабачаць, чуць і разумець сваю другую палавінку.
– У моладзі па-іншаму?
– Многіх маладых людзей у ЗАГС прыводзіць пачуццё закаханасці, палкасць. А палкасць, як вядома, хутка перагарае, далёка не ўсім парам удаецца супрацьстаяць жыццёвым цяжкасцям, сучасная моладзь нават не спрабуе прызвычайвацца да свайго выбранніка, вучыцца разумець яго, прабачаць і будаваць сям’ю агульнымі намаганнямі. Стварэнне сям’і – гэта нялёгкая праца. Куды лягчэй падаць заяву аб скасаванні шлюбу. У першым квартале афіцыйна распаліся 20 сем’яў, 6 з якіх праіснавалі зусім нядоўга.
Разам з царквой, школай мы стараемся павышаць прэстыж сям’і, афіцыйнага шлюбу. Праводзім са старшакласнікамі і навучэнцамі ліцэя гутаркі, “круглыя сталы”, запрашаем жаніхоў і нявест на пасяджэнні клуба для ўступаючых у шлюб. І ўсё ж людзі з лёгкасцю ідуць на скасаванне шлюбу і тут жа ўступаюць у новыя сямейныя адносіны. Вось, напрыклад, дакументы, якія тычацца жанчыны 1994 года нараджэння. Яна ўжо двойчы паспела выйсці замуж і двойчы развялася… Што цікава: цяпер шлюбаў заключаецца не менш, чым, напрыклад, у 80-я – 90-я гады мінулага стагоддзя, у сярэднім па горадзе каля 200 у год. А вось колькасць разводаў значна павялічылася.
І ўсё ж, кожны раз, калі гучыць марш Мендэльсона, хочацца верыць, што маладыя, якія так закахана глядзяць у вочы адзін аднаму, здолеюць стварыць па-сапраўднаму шчаслівую сям’ю, стануць добрымі бацькамі і што аднойчы іх імёны будуць упісаны ў Ганаровую кнігу юбіляраў, якім удалося ў згодзе і каханні прайсці па жыцці 50 і болей гадоў, – на мажорнай ноце заканчвае нашу гутарку загадчыца аддзела ЗАГС Драгічынскага райвыканкама Ірына Кез.
Гутарыла Ніна ТКАЧУК
Фота з архіва аддзела ЗАГС