Не лепшае становішча было ў сельскай гаспадарцы павета. Па звестках Брэсцкай казённай палаты за 1919 г. 10 643 гаспадаркі ў павеце мелі толькі 43567 гектараў зямлі, што складала менш 5 гектараў на сялянскі двор.

Серадняцкіх гаспадарак, якія валодалі ад 5 да 15 гектараў, у павеце налічвалася 7311, ад 15 да 60 гектараў – 320. У той жа час ва ўладанні 20 заможных гаспадарак было больш як 36 тысяч гектараў зямлі. У маёнтку Закозель памешчыку Талочка, напрыклад, належала 3369 гектараў зямлі, з іх 412 гектараў пад ворывам, 280 – пад пашай і 2370 гектараў пад лугамі і лясамі. Памешчыкам Бабрынскім належала 12614 гектараў зямлі, Племяннікавым – 8988, Еленскаму – 5145 гектараў. Значныя ўчасткі зямлі ў павеце адводзіліся асаднікам – былым афіцэрам і салдатам польскай арміі, што прымалі ўдзел у польска-савецкай вайне, а таксама чыноўнікам.  Бясплатна ці на льготных умовах яны атрымалі да 45 гектараў зямлі і крэдыты.

Цяжкім гнётам на сялянства ляглі падаткі. У палітыцы польскага буржуазна-памешчыцкага ўрада яны насілі ярка акрэслены класавы характар, калі па меры павелічэння колькасці зямлі падатковае абкладанне значна змяншалася. Калі стаўка зямельнага падатку з разліку на 1 гектар складала для гаспадаркі, якая мела да 5 гектараў, 2,38 злотых, дык для гаспадаркі звыш 2000 гектараў – 1,01 злотых. Не выпадкова, што падатковая запазычанасць насельніцтва павета пастаянна расла і ў 1927 г. склала звыш 144 тыс. злотых.

Сялянская гаспадарка была малапрадукцыйнай. Зямля апрацоўвалася прымітыўна, сахой. Машыны былі толькі ў памешчыкаў. Мінеральныя ўгнаенні прымяняліся на 2-х працэнтах плошчаў усіх сельгасугоддзяў павета ў гаспадарках памешчыкаў і асаднікаў. Зразумела, што ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур заставалася на даволі нізкім узроўні. Так, у 1937 г. у павеце ў сярэднім з гектара было сабрана па 9,7 цэнтнера жыта, 7,2 – пшаніцы, 8,6 – ячменю, 106 – бульбы і 6,7 цэнтнера льнасемя.

Кніга “Памяць. Драгічынскі раён”, Мн., 1997г.