spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

КРОЎ ЛЮДСКАЯ – НЕ ВАДЗІЦА…

Дата:

Працуючы з архіўнымі дакументамі, мне ўдалося натрапіць на матэрыялы, звязаныя з Калдычэўскім лагерам смерці. Ён быў створаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Баранавіцкага раёна. Асаблівую цікавасць выклікала тое, што сярод пажоўклых папер знаходзіўся і пратакол судовага працэсу над здраднікамі Радзімы, катамі лагера.
Шэсць дзён, з 9 па 14 сакавіка 1962 года, у Баранавічах праходзіў адкрыты судовы працэс над здраднікамі народа, фашысцкімі халуямі. Выязная сесія ваеннага трыбунала Беларускай ваеннай акругі судзіла чатырох злачынцаў: былога каменданта лагера Мікалая Калько, яго намесніка Леаніда Сянкевіча, обер-яфрэйтара войск СД Міхаіла Кухту і радавога гітлераўскіх карных органаў Андрэя Каралевіча. Яны абвінавачваліся ў забойстве сотняў і тысяч мірных беларускіх грамадзян, у здзеках і катаваннях людзей, у барацьбе супраць партызан.
Дарэчы, я доўга думаў: ці рыхтаваць матэрыял для газеты? Пасля таго крывавага ваеннага ліхалецця прайшло 65 гадоў, вырасла не адно новае пакаленне людзей, якія не зведалі жахаў вайны. Ці варта вярэдзіць іх душы? Па-мойму, не толькі варта, але і проста неабходна, бо і сёння нельга без болю ў сэрцы ўсведамляць тыя пакуты і здзекі, што выпалі на долю вязняў лагера смерці. Вышкаленыя гітлераўскія садысты стараліся спачатку падавіць волю, забіць пачуццё чалавечай годнасці, зрабіць з чалавека нямога раба, а потым яго знішчыць.
Усе мы, асабліва моладзь, павінны шанаваць памяць не толькі аб героях Вялікай Айчыннай вайны, але і пастаянна памятаць аб яе шматлікіх ахвярах. Памятаць дзеля таго, каб такое ніколі больш не паўтарылася, каб над нашай роднай зямлёй заўсёды было чыстае мірнае неба, а на тварах людзей свяціліся вясёлыя ўсмешкі.

ЛАГЕР СМЕРЦІ

Ішоў 1941 год. Раз’юшаныя фашысцкія захопнікі акупіравалі ўсё новыя і новыя рэгіёны беларускай зямлі. Хутка яны наводзілі “новы парадак” у Баранавічах. Ля былога маёнтка белапольскага памешчыка Шалевіча гітлераўцы пачалі паспешліва будаваць лагер смерці. Узводзіліся вышкі, дзоты, а памяшканні для жывёлы прыстасоўваліся для зняволеных. У іх паставілі трохпавярховыя нары, на якіх можна было сяк-так ляжаць. Увесь лагер фашысты абнеслі некалькімі радамі калючага дроту, каб ніхто не змог уцячы. Узначальваць лагер германскія ваенныя ўлады прызначылі прайдоху і вядомага ката, члена гітлераўскай нацыянал-сацыялістычнай партыі немца Ф.Іорна.
Для каго прызначаўся лагер? Для кожнага, хто быў незадаволены новай уладай і не схіляў сваёй мужнай галавы перад гітлераўцамі, хто быў сумленным грама-дзянінам і сапраўдным патрыётам сваёй Айчыны. Пастаянна ў бараках знаходзілася каля дзвюх тысяч чалавек. З разліковай метадычнасцю фашысцкія прыхвасні знішчалі людзей розных узростаў – ад грудных дзяцей да састарэлых. Кожнаму, хто трапляў сюды, заставаліся лічаныя дні да смерці. Смерць і толькі смерць рыхтавалі вязням шэф лагера Іорн, камендант Калько і іх слугі – ахоўнікі і паліцаі. І з гэтай “задачай” вылюдкі спраўляліся “ўзорна”. На касцях і крыві ні ў чым невінаватых людзей яны выслужваліся перад фашыстамі, зараблялі ўзнагароды.
Той, хто трапляў у Калдычэўскі лагер смерці, павінен быў забыць сваё імя, баяўся называцца чалавекам. Што толькі не прыдумваў Калько, а таксама яго падручныя, каб “пазабаўляцца” горам і пакутамі людзей! Часта зняволеных выганялі на двор і прымушалі хадзіць па кругу, а пры сустрэчы з Іорнам, Калько і ахоўнікамі яны павінны былі знімаць шапкі і нізка кланяцца. Калі чалавек рабіў гэта няправільна, на яго сыпаліся ўдары да таго часу, пакуль ён не страчваў прытомнасць.
Жорстка каралі і тых, хто спрабаваў пазбегчы “танцавання” так званай “жабкі”. Зняволеныя павінны былі выцягнуць наперад рукі і, сагнуўшы калені, скакаць. Ззаду ішлі карнікі і цяжкімі дубінкамі збівалі іх. Словам, нельга пералічыць усіх зверстваў над вязнямі Калдычэўскага лагера – радыус метадаў і формаў здзекаў садыстаў быў неабмежаваны.
Акрамя таго, людзі павінны былі працаваць па 14-16 гадзін у суткі. У турэмных камерах зняволеныя задыхаліся ад недахопу кіслароду. Холад, смурод, вошы, блохі і пацукі былі прычынай хвароб многіх. Для тых, хто знаходзіўся за калючым дротам, варылі баланду з гнілой бручкі, рэдка дабаўлялі мяса ад здохлых коней. Тры шклянкі смярдзючай вадкасці і каля 200 грамаў так званага хлеба, які не еў бы і сабака, — такі сутачны паёк быў для кожнага асуджанага на смерць.
Розныя заразныя хваробы касілі зняволеных сотнямі. У лагеры смерці фашысцкія вылюдкі на чале з Калько не толькі не аказвалі ніякай меддапамогі хворым, а, наадварот, спаборнічалі, хто больш заб’е людзей. Амаль штодзённа карнікі расстрэльвалі па 25-30 чалавек. Без ніякай прычыны, без абвінавачвання.
Усіх вязняў прымушалі на верхнюю вопратку нашываць з белага матэрыялу палоску, а ўпоперак яе – адну, дзве або тры сінія нашыўкі. Па колькасці іх гітлераўцы вызначалі ступень “вінаватасці” зняволенага. А каб запалохаць людзей, душагубы вышуквалі самыя розныя і тонкія здзекі.

ПА ЗВЯРЫНЫХ ЗАКОНАХ

Злачынствы, якія праяўлялі карнікі ў лагеры, не з’яўляліся мяжой іх дзейнасці. Узброеныя да зубоў, яны ўзводамі выязджалі на масавыя расстрэлы ў іншыя месцы. І кожны дзень яны дастаўлялі за калючы дрот усё новых і новых ахвяр. Ім месца вызвалялася за кошт забітых. Для барацьбы супраць партызан немцы стварылі з ліку здраднікаў-ахоўнікаў ілжэпартызанскую групу. Такім чынам выяўляліся людзі, пры-хільна настроеныя да народных мсціўцаў. Такіх людзей адразу ж арыштоўвалі і садзілі за краты. Плошча кожнай турэмнай камеры была ад 2 да 5 квадратных метраў. У гэтыя цямніцы каты заганялі так многа вязняў, што не было дзе сесці. Часта камеры па грудзі напаўнялі брудной вадой. Праз некалькі сутак адтуль ужо выцягвалі трупы загінуўшых. Часта карнікі ездзілі па вёсках і хапалі кожнага, хто трапляў ім на вочы.
Кожны ахоўнік лагера ніколі не разлучаўся з дубінкай, зробленай ім самім, бо дубінкі заводскай вытворчасці не задавальнялі іх звярыных запатрабаванняў.
Выводзячы зняволеных на масавыя расстрэлы, фашысцкія вылюдкі загадвалі здымаць абутак і адзенне. Звязаўшы рукі вяроўкай або дротам, ахоўнікі хапалі людзей за ногі і плечы і кідалі ў кузавы грузавікоў. Жывыя целы ўкладваліся штабелямі, як дровы, паверх бартоў. Галаварэзы ўсаджваліся на іх і везлі да месца расстрэлу. Многія вязні не выжывалі. А тых, хто спрабаваў уцячы ці прасіў літасці, садысты забівалі.
На судовым працэсе карнікаў Калдычэўскага лагера смерці ажывалі і дакладна вырысоўваліся ўсё новыя карціны страшэнных злачынстваў, учыненых на нашай зямлі гітлераўцамі і іх прыхваснямі.
Калі пад моцнымі ўдарамі Чырвонай Арміі фашысцкія войскі пакаціліся на захад, злыдні- здраднікі рашылі завяршыць свае крывавыя злачынствы масавым расстрэлам. Таму ў ноч з 29 на 30 чэрвеня 1944 года пачаўся заключны акт трагедыі Калдычэўскага лагера. Асноўныя памяшканні тут былі ўзарваны і спалены, а людзі вывезены ў беразняк і расстраляны. Жыхары навакольных вёсак чулі, як усю ноч у раёне Калдычэва грымелі выстралы.


ХТО ЯНЫ, ЗАБОЙЦЫ?

Першы з іх – былы камендант аховы Калдычэўскага лагера Калько Мікалай. Гэта ён у першыя дні вайны здрадзіў Радзіме і свайму народу, перайшоў на бок акупантаў. Праслужыўшы некаторы час у Клецкай гарадской управе, ён паступіў у Мінскую афіцэрскую школу так званай “самааховы”, адкуль выйшаў лейтэнантам. Улічваючы яго схільнасці да садызму і забойстваў, гітлераўцы даверылі яму камандаваць узводам, а потым і ротай 13-га карнага батальёна пры службе бяспекі СД. Зарэкамендаваўшы сябе крыважэрным зверам у адносінах да беларускіх патрыётаў, хутка Калько дабіўся, што яго вылучылі камендантам Калдычэўскага лагера смерці.
Іменна ў лагеры свой звярыны твар гэты фашысцкі халуй паказаў у поўнай меры. Бязлітаснае збіванне людзей, масавыя расстрэлы і здзекі, надзвычай жорсткія расправы над вязнямі – цяжка пералічыць усе правіннасці гэтага вылюдка роду чалавечага. Увесь час ён імкнуўся выслужыцца перад гітлераўцамі за кошт усё новых і новых ахвяр.
Вось ён, злачынца, стаіць, апусціўшы галаву. Ён не глядзіць у поўную абурэння залу. Прыпёрты неабвержнымі фактамі, Калько расказвае суду аб варварскіх метадах знішчэння людзей, расстрэлах, збіваннях, катаваннях, душагубках, голадзе, самавольстве і насіллі.
— Нашай дзейнасцю, — сказаў падсудны, — непасрэдна кіравалі беларускія нацыяналісты Астроўскі, Кушаль, Рагуля, Ясюк. Мы выконвалі іх волю, а яны накіроўвалі нашу карную дзейнасць на расстрэлы і жывое пахаванне жанчын, дзяцей і старых.
Так, гэта яны, Астроўскі, Кушаль і ім падобныя, пакрывалі зямлю шыбеніцамі, майданэкамі, асвенцімамі і многімі іншымі лагерамі смерці, запусцілі ў дзеянне газавыя камеры для спальвання сваіх ахвяр. Яны таксама стварылі ваенныя фарміраванні для барацьбы з партызанамі, з праціўнікамі “новага парадку”.
Другім даваў паказанні Кухта Міхаіл. У пачатку вайны ён здрадзіў сваім аднапалчанам, здаўся ў палон і паступіў на службу да фашыстаў. Асабліва стараўся Кухта ў марадзёрстве і грабяжах. Верай і праўдай служачы гітлераўцам, нягоднік неўзабаве стаў намеснікам камандзіра ўзвода. Яму прысвоілі званне обер-яфрэйтара. На рахунку Кухты вельмі многа забітых і параненых. Настолькі вялікая прагнасць у яго была да чужых рэчаў, што аж да арышту ён захоўваў іх.
З лета 1942 года Кухта служыў у СД па ахове Калдычэўскага канцэнтрацыйнага лагера. У 1944 годзе ён разам з акупантамі ўцёк на Захад і там працягваў змагацца супраць савецкіх воінаў. Вярнуўшыся дадому, здраднік 10 гадоў хаваўся, аднак быў выяўлены і арыштаваны.
Трэці карнік – ураджэнец вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Сянкевіч Леанід. У Калдычэўскі лагер смерці, здрадзіўшы Радзіме, ён быў пераведзены з 13-га батальёна. Звер у чалавечым абліччы спачатку быў унтэр-афіцэрам, затым фельдфебелем, і нарэшце яму даручылі ўзначальваць аддзяленне. Праз некаторы час Сянкевіч стаў намеснікам камандзіра ўзвода. За “добрасумленную” службу яго назначылі намеснікам каменданта лагера смерці.
Падсудны прызнаўся, што ён жорстка паводзіў сябе, канваіраваў арыштаваных да месца смерці, сам расстрэльваў іх.
Пасля таго, як пад ударамі савецкіх войск фашысты пачалі адступаць, іх прыхвасцень быў разам з імі. Яго накіравалі ў Дальвіцкую разведвальна-дыверсійную школу ў Германіі. Сянкевіч удзельнічаў у падаўленні паўстання ў Варшаве. Як не хаваўся злачынца, яго ўсё ж арыштавалі ў 1951 годзе.
Чацвёрты карнік – Каралевіч Андрэй, ураджэнец Івацэвіцкага раёна. Здраднікам ён стаў вясною 1942 года, калі пайшоў служыць у нямецкую па-ліцыю. Зімою паступіў у контрразведвальны орган СД у Баранавічах. Удзельнічаў у масавым знішчэнні яўрэйскага насельніцтва ў Косаве, у барацьбе супраць партызан, у расстрэлах вязняў Калдычэўскага лагера, дзе служыў ахоўнікам з 1943 года.

ПАКАЗАННІ СВЕДКАЎ

Паказанні даў былы вязень лагера смерці ў Калдычэве Уладзімір Есіс:
— У час аднаго з допытаў Калько выпхнуў мяне за дзверы, моцна прышчаміўшы руку. Затым ён натравіў на мяне раз’юшаных сабак. У выніку я стаў калекам.
— Я таксама перанёс жахі Калдычэўскага лагера, — сказаў сведка Яфім Касцюк. – Калі мяне з жонкай і іншымі людзьмі прывезлі ў лагер, да машыны падышоў Калько. Нічога не гаворачы, ён так ударыў жонку па галаве, што праламаў чэрап. Без усякай прычыны збіў з ног і мяне. Калі я прыйшоў у прытомнасць, катаванні паўтарыліся.
— Мяне саджалі на электрычны стул, збівалі да страты прытомнасці, — гаварыў Барыс Ярошка. – Такім жа катаванням падвяргалі і маіх таварышаў.
Цудам уцалеўшая ад смерці, Вольга Маруцік расказала:
— На маіх вачах адпраўлялі на расстрэл чарговую партыю зняволеных. Людзям скручвалі рукі і грузілі на аўтамашыны. Хто крычаў – білі. Адзін з ахоўнікаў прыкладам аўтамата забіў маленькае дзіця, якое плакала пасля разлукі з маці. Аднойчы каты прымусілі групу мужчын і жанчын распрануцца, пасля чаго іх расстралялі, а нам загадалі бегаць вакол трупаў…
Праз слёзы дала паказанні Валянціна Ізвекава:
— Разам са мною ў адной камеры знаходзілася 17 жанчын. Пасля выклікаў на допыт многія з іх назад не вярталіся. А хто і вяртаўся – не выжываў. Так здарылася і з маладой Міляй. Галаварэзы так збілі дзяўчыну, што яе нельга было пазнаць. Цела стала чорным ад пабояў, на спіне забойцы выразалі паласу скуры, вырвалі на галаве валасы, зламалі пальцы рук. Праз дзень яна памерла. У катаваннях удзельнічалі Калько, Сянкевіч, Кухта і Каралевіч.
У адной жанчыны вырвалі з рук грудное дзіця, — працягвала сведка, — схапілі за ножкі і з размаху ўдарылі галоўкай аб старую бярозу. На маіх вачах карнікі павесілі хлопчыка толькі за тое, што ён падняў з зямлі некалькі бульбін. А калі вялі людзей на расстрэл, адной цяжарнай жанчыне штыком распаролі жывот і спіхнулі яе ў яму.
— Я памятаю, — сказала Юлія Ярмалінская, — як у лагер прывезлі інструктара Гарадзішчанскага раённага камітэта камсамола Мікалая Вераса. Яго прывязалі вяроўкамі да дрэва, доўга білі. Затым мужнага патрыёта пакаралі смерцю. Бачыла, як ахоўнікі цягалі за косы маці на вачах траіх дзяцей, як Калько, Сянкевіч, Кухта і Каралевіч расстрэльвалі зняволеных.
Што ні сведка – то новыя факты зверскіх злачынстваў шайкі калдычэўскіх катаў. Яны спасылаюцца на сваю дрэнную памяць, адмоўчваюцца, нізка апусціўшы галовы. Але ў зале так многа пацярпелых, што нічога нельга скрыць ад правасуддзя. Стаў вядомы і той факт, што падсудны Кухта задушыў зняволеную Грэцкую.

ПРЫГАВОР СУДА

На лаве падсудных толькі чатыры бандыты, якія ўдзельнічалі ў масавым знішчэнні мірных людзей. Апісанне ўсіх іх злачынстваў заняло 8 тамоў следства. У Калдычэўскім лагеры фашысты са сваімі прыхваснямі расстралялі, павесілі, замарылі голадам і пакутамі амаль 20 тысяч грамадзян. У цэлым па Брэсцкай вобласці яны знішчылі каля 270 тысяч мужчын, жанчын, дзяцей і старых, з іх 88 тысяч ваеннапалонных Чырвонай Арміі.
Грамадскі абвінаваўца Л.З.Лобач і дзяржаўны абвінаваўца памочнік ваеннага пракурора Беларускай ваеннай акругі палкоўнік юстыцыі Н.І.Шынкароў запатрабавалі прымяніць да падсудных вышэйшую меру пакарання.
Пасля выступлення абаронцаў апошняе слова далі падсудным. Якімі нявіннымі авечкамі выглядалі ў гэты час былыя забойцы і марадзёры! Яны лілі кракадзілавыя слёзы і прасілі аб памілаванні.
Пасля перапынку старшыня суда падпалкоўнік юстыцыі Ф.Ф.Іваненка зачытаў прыгавор.
Выязная сесія ваеннага трыбунала БВА прызнала падсудных вінаватымі ў цяжкіх злачынствах перад Радзімай і народам. Бурнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя паведамленне, што імем Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік былы камендант аховы Калдычэўскага канцлагера Калько, яго намеснік Сянкевіч, обер-яфрэйтар войск СД Кухта і ахоўнік лагера Каралевіч прыгавораны да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу.

Аляксей СЯРГЕЙ.

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Массаж как путь к здоровью: советы специалиста о пользе и противопоказаниях

Наверное, не найдется человека, который никогда не слышал о...

В военном комиссариате Дрогичинского района прошел День призывника

В военном комиссариате Дрогичинского района 11 октября прошел День...

В Дрогичине прошел праздничный концерт, посвященный Дню работников культуры

В Дрогичинском Доме культуры прошел праздничный концерт, посвященный Дню...

Лукашенко дал старт республиканской акции по восстановлению леса, пострадавшего после стихии

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время рабочей поездки в Шкловский...