…НЕ ПОЛЕ ПЕРАЙСЦІ

У народзе кажуць: жыццё пражыць – не поле перайсці. І гэта сапраўды так. У гэтым я яшчэ раз добра пераканаўся, калі азнаёміўся з біяграфіяй жыхара вёскі Ліпнікі Рыгора  Васільевіча Салошыка.

Нарадзіўся мой герой у далёкім 1921 годзе ў горадзе Саратаве. Туды яго сям’я выехала ў гады Першай сусветнай вайны, ратуючыся ад ваяк кайзераўскай Германіі. Калі ж вярнуліся назад у родныя мясціны, тут ужо гаспадарылі польскія памешчыкі і асаднікі. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці і нягоды, былыя бежанцы пачалі пакрыху абжывацца.

З цягам часу жыццё больш-менш  наладзілася. Бальшавікі, якія прыйшлі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года, надзялялі беднякоў зямлёй, адкрывалі школы на роднай мове… Але нядоўга давялося быць гаспадарамі свайго лёсу – зноў пачалася вайна, на гэты раз Вялікая Айчынная з фашысцкай Германіяй.

Рыгор Салошык быў мабілізаваны на фронт пасля вызвалення родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ваяваў з ворагам мужна і смела, за што быў прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга. Але гэтая высокая баявая ўзнагарода знайшла героя толькі пасля вайны, дзесьці ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

Вярнуўшыся з вайны, на якой быў паранены і кантужаны, Р.В.Салошык працаваў у сельскай гаспадарцы. З жонкай Вольгай Трафімаўнай яны нарадзілі і выхавалі двух сыноў і дзве дачкі. Цяпер старых радуюць 6 унукаў і 5 праўнукаў.

Нядаўна ветэрану вайны і працы Рыгору Васільевічу Салошыку споўнілася 90 гадоў. Павіншаваць юбіляра прыехалі і прыйшлі старшыня раённай ветэран-скай арганізацыі С.Я.Лапа, кіраўнік раённага таварыства Чырвонага Крыжа А.І.Плешка, старшыня СВК “Ліпніцкі” Т.У.Чапко, юныя піянеры мясцовай школы і іншыя прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ўстаноў. Усе яны ўручалі юбіляру падарункі і памятныя прызы, жадалі яму моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.