“Что-то необыкновенное происходит на выборах единого кандидата от оппозиции – в различных городах на встречи с оппозиционерами приходят журналисты государственных СМИ, чиновники, и даже голосуют!” – не то з захапленнем, не то са здзіўленнем паведамлялася на адным з сайтаў.
З удакладненнем, што і ў Драгічыне на сустрэчы прысутнічалі журналісты нашай і суседняй “раёнкі”, а паіменнага пераліку была ўдастоена і аўтар гэтах радкоў.

Да гэтага выпадку ніяк не думала і не меркавала, што мае паўсядзённыя журналісцкія абавязкі – знаходзіцца на месцы бягучых падзей і сустрэч з мэтай данесці да чытача правераную інфармацыю аб іх сутнасці, – дазволяць мне і самой стварыць навіну, якая будзе пададзена амаль як сенсацыя. Магчыма, наша прысутнасць сапраўды была самым адметным момантам – з-за адсутнасці больш важных і змястоўных інфармацыйных нагод на тым мерапрыемстве, якое ў сацыяльных сетках было анансіравана як выбары адзінага кандыдата ад апазіцыі для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі бягучага года. І, калі ўжо казаць аб’ектыўна, як было на самой справе, то насамрэч – менавіта некалькі журналістаў дзяржаўных СМІ ды яшчэ прафсаюзны актывіст Мікалай Фёдаравіч Данілюк аказаліся самымі зацікаўленымі ўдзельнікамі той сустрэчы. Бо калі б не яны, то гутаркі з народам, верагодней усяго, і не адбылося б: акрамя журналісцкіх пытанняў, іншых зваротаў і прапаноў да прадстаўнікоў апазіцыі з залы так і не паступіла. Такая ёсць праўда.

А цяпер – аб сутнасці і змесце сустрэчы, якая прайшла ў невялікім утульным кафэ “Sladikov”, і аб маіх асабістых уражаннях, якія нікому не навязваю, бо кожны мае свой розум і перакананні.

Уласна кажучы, у гэтым месцы адпачынку я была ўпершыню, і мяне прыемна ўразіла паліца з разнастайным і даволі багатым выбарам кніг, якія можна было пагартаць і пачытаць за столікам. І пакуль я разглядала тутэйшую бібліятэчку, у залу пачалі заходзіць арганізатары “народных выбараў”, абмяркоўваючы, дзе зручней абуладкаваць імправізаваную сцэну для выступленняў. Лепшага месца, чым на фоне кніжнай паліцы, не знаходзілася. Адзін з прадстаўнікоў апазіцыйных кандыдатаў, кінуўшы позірк на стосы кніг, нечакана прамовіў: “А што Леў Талстой тут робіць?..”.

Але мяняць дэкарацыі, пэўна, не было часу, і кліч “Жыве Беларусь” перыядычна гучаў на фоне кніг гэтага і іншых прызнаных геніяў пераважна рускай і замежнай літаратуры…

Як было патлумачана прысутным, існуе пагадненне, пад якім падпісалася пяць палітычных згуртаванняў: Беларускі народны фронт (партыя БНФ), Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларускія хрысціянскія дэмакраты, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, рух “За свабоду”. На сустрэчы ў Драгічыне прысутнічалі іх прадстаўнікі, вылучаныя гэтымі структурамі для таго, каб людзі выбралі найлепшага, які надалей і будзе прадстаўляць апазіцыю і “змагацца за будучае Беларусі”. Такім чынам, на народны сход у Драгічын прыехалі: Мікалай Казлоў (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Павел Севярынец (Беларускія хрысціянскія дэмакраты), Аляксей Янукевіч (партыя БНФ) і кіраўнік руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч. У гэтым спісе знаходзілася яшчэ самавылучэнка Вольга Кавалькова, якая, па словах арганізатараў, павінна была тэрмінова адлучыцца ад кампаніі па нейкіх неадкладных справах. Паводле зместу таго пагаднення, калі нехта з іх перамагае ў народным галасаванні, то пазней, у час выбараў, астатнія не вылучаюць свае кандыдатуры насуперак аднаму, а працуюць разам, адной дружнай камандай.

А далей мелася быць самае цікавае – выступленні прадстаўнікоў апазіцыйных структур: за пяць хвілін яны павінны былі данесці прысутным сутнасць сваіх праграм і намераў і заваяваць іх галасы. Як чалавек, далёкі ад палітыкі, але нераўнадушны да будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў, пэўны аптымізм ускладвала на выступленне прадстаўніка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца. Мне падавалася, што структура, якая атаясамляе сябе з хрысціянствам, найпершым пунктам сваёй праграмы будзе заклікаць да захавання і памнажэння стваральных духоўных скарбаў – міру ва ўсім свеце, згоды і паразумення між людзьмі і народамі, – і ніяк не іначай. Але ж кандыдат ад гэтай партыі быў настроены куды больш ваяўніча, канстатуючы той факт, што ён шмат часу правёў у турмах за пратэсты супраць рэжыму і абвінавачваючы яго ў развале эканомікі, распадзе сем’яў, у нізкай нараджальнасці і ў тым, што нас, беларусаў, за апошні час стала на 850 тысяч меней.

Калі ж пазней мой калега звярнуўся да выступоўцаў з простым пытаннем: колькі дзяцей гадуецца ў сем’ях кандыдатаў ад апазіцыі – то аказалася, што толькі ў Юрыя Губарэвіча – двое, у кагосьці – адзін, а ў некага “усё яшчэ наперадзе”. Выходзіць, што нават у гэтым выпадку крытыкаваць і абвінавачваць некага іншага значна прасцей, чым пастарацца самім!

Пры гэтым Павел Севярынец, як аб нечым заканамерным, гаварыў аб неабходнасці масавых акцый пратэсту і, магчыма, нацыянальнай забастоўкі, супярэчачы такімі сваімі памкненнямі хрысціянскаму перакананню, што «Несть бо власть, аще не от Бога» – няма ўлады не ад Бога. “І граху не баяцца”, – сказалі б у такім выпадку перакананыя вернікі. Ці, можа, у палітыкаў нейкія іншыя стандарты хрысціянства, калі гаварыць можна адно, думаць – другое, а рабіць – трэцяе? Калі ж чалавек сапраўды ад душы служыць добраму, а не злому, то ён не стане заклікаць да пратэстаў, мітынгаў, забастовак і сеяць разлад між людзьмі розных перакананняў, бо да чаго гэта можа прывесці – паказвае прыклад суседняй Украіны, дзе “майданы” абярнуліся самай страшнай бядою – вайной, якая так лёгка і бязглузда пачыналася, і якую так цяжка закончыць. І гэта сапраўды насцярожвае…

Наступны кандыдат, прадстаўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гаварыў, што трэба адстойваць нашы духоўныя каштоўнасці і нацыянальную ідэнтычнасць, якім пагражае ўплыў Расіі; выкарыстоўваць на сваю карысць прыхільнасць інфармацыйнай супольнасці, у прыватнасці, блогераў, якія могуць уплываць на людзей больш, чым партыі і дзяржструктуры, і памкнуцца здабыць падтрымку беларускага бізнесу…

Пры гэтым ён адкрыта прызнаваў, што пакуль людзі не бачаць у апазіцыі той сілы, якая зможа ўзяць уладу, але верыў, што “мы пераможам”.

Затым да мікрафона выйшаў падпалкоўнік у запасе Мікалай Казлоў. Ён па-вайсковаму канкрэтна выказаў свае нараканні і крыўды, з-за якіх у свой час пакінуў пасаду старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах, адзначыў, што ў яго добрая праграма “Мільён новых рабочых месцаў”, за якой стаяць прафесіяналы, і заклікаў выбіраць не сэрцам, а галавой. Хаця мой любімы герой з мудрай кнігі “Маленькі прынц” Антуана дэ Сент-Экзюперы быў упэўнены, што самага галоўнага вачыма не ўбачыш – зоркім з’яўляецца толькі сэрца. І я яму давяраю.

А на завяршэнні дайшла чарга да выступлення Юрыя Губарэвіча, які, па яго ўласнаму прызнанню, мае карані ў Вульцы Сіманавіцкай, жыў у Белаазёрску, дзе ў свой час выбіраўся дэпутатам гарадскога Савета, намеснікам старшыні гарсавета, і, пэўна, набыў нейкі вопыт адміністратыўнай работы. Гэты кандыдат распрацаваў і прэзентаваў буклеты з падрабязнай і, па крайняй меры, зразумелай і канкрэтнай праграмай, дзе ў прыярытэтах – інтэграцыя з Еўрасаюзам, але застаюцца і бязвізавыя зносіны з Расіяй, і дзе некаторыя пункты пераклікаюцца з прапановамі дзеючых грамадскіх арганізацый. У прыватнасці, у адным з іх значыцца, што тыя, хто страціць працу ў сувязі з рэфармаваннем прамысловасці, будуць атрымліваць значную частку свайго ранейшага заробку пры ўмове навучання новай прафесіі.

Зрэшты, аналагічная прапанова даўно была агучана Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, і, у адрозненне ад кандыдатаў ад апазіцыі, прафсаюзныя лідары ўжо распрацавалі і канкрэтны механізм, як можна рэалізаваць такі пачын на справе.

Пазней прысутныя мелі магчымасць задаць прадстаўнікам апазіцыі пытанні, і самымі зацікаўленымі ў дыскусіі сапраўды аказаліся журналісты дзяржаўных СМІ. Набалелую праблему агучыў і Мікалай Данілюк, які шмат гадоў працуе ў сферы аграрнай вытворчасці. Ён хацеў ведаць, як кандыдаты ад апазіцыі ў выпадку іх выбрання мяркуюць палепшыць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы і ў такіх малых гарадках, як Драгічын.

І тут пачаліся традыцыйныя разважанні кандыдатаў аб тым, што трэба вярнуць прыватную ўласнасць на зямлю і аддаць яе гаспадару-селяніну, падтрымаўшы яго даступнымі крэдытамі і г.д. Было відавочна, што ў гэтым накірунку выступоўцы значна адсталі ад рэальнасці і не ведаюць, што тыя, хто хацеў мець зямлю, – даўно вырашылі гэта пытанне і больш ці менш паспяхова вырошчваюць свае клубніцы, маліну, іншую садавіну ці гародніну. Шмат людзей выкупілі і аформілі ва ўласнасць пустуючыя вясковыя сядзібы, якія падтрымліваюць у належным парадку, хаця многа “нічыйных” сельскіх падвор’яў яшчэ чакаюць гаспадароў. Але людзей, якія ад душы хацелі б і маглі працаваць на ўласнай зямлі, застаецца ўсё меней. Не толькі ў нас – паўсюдна. Бо ёсць мноства лягчэйшых прафесій, якія не патрабуюць такіх фізічных высілкаў. І ніякай зменай улады, ніякімі дэкрэтамі і законамі чалавеку не забароніш імкнуцца туды, дзе лягчэй. А на словах да многага заклікаць можна, у тым ліку – і аддаць зямлю ўласніку. Але адна справа – сказаць, а другая – зрабіць. Так што шаноўны Мікалай Фёдаравіч застаўся з тым, з чым і прыйшоў.

А затым нешматлікай аўдыторыі прапанавалі прыняць удзел у галасаванні за ўпадабанага кандыдата, і мы таксама вырашылі паўдзельнічаць у гэтай справе, зыходзячы з дэмакратычнага пераканання, агучанага адным з замежных класікаў: “Мне не падабаецца, што вы кажаце, але я жыццё аддам за тое, каб вы мелі такую магчымасць”.

У выніку “народныя выбары” ў Драгічыне, у якіх (з улікам журналістаў) прынялі ўдзел ажно… 38 чалавек, выйграў наш зямляк Юрый Губарэвіч, які набраў 24 галасы.

Хаця галоўныя выбары ў кожнага з нас – наперадзе! І хочацца, каб прайшлі яны без заклікаў да пратэстаў і забастовак, і каб тыя, хто сёлета іх прайграе, знайшлі ў сабе добрую волю на супрацоўніцтва з пераможцам. Вось гэта і стане па-людску, па-хрысціянску добрым і прыстойным крокам у агульную будучыню.

P.S.: Як стала вядома, Павел Севярынец адмовіўся ад дальнейшага ўдзелу ў праймерыз.

Галіна ШАФРАН