Да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Дата:

Уладзімір Караткевіч з’яўляецца адным з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. На думку літаратуразнаўца Адама Мальдзіса, ён узвысіўся, стаў эпахальнай з’явай не толькі ў гісторыі беларускай літаратуры, але і ў фарміраванні нацыянальна-гістарычнай свядомасці беларусаў. Ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, сцэнарыст.
Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч у Оршы ў сям’і рускамоўнага чыноўніка. Духоўная атмасфера спрыяла развіццю будучага пісьменніка. Як і сотням тысяч аднагодкаў, Уладзіміру Караткевічу давялося спазнаць жах. Пасля яе вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым працаваў настаўнікам у сельскай школе непадалёку ад Кіева. Затым настаўнічаў у Оршы. У 1958-1960-х гадах вучыўся на вышэйшых літаратурных, а ў 1960-1962-х гадах – сцэнарных курсах у Маскве.
Жыццёвае і творчае сталенне Уладзіміра Караткевіча адбывалася пераважна ў Расіі і ва Украіне. Ён арганічна засвойваў там здабыткі блізкіх культур, авалодваў украінскай, рускай, польскай і французскай мовамі. На Беларусь Уладзімір Сямёнавіч вярнуўся ўжо вялікім інтэлектуалам. У ім ўжо жыла арганічная цікавасць да ўсяго, што адбывалася і адбываецца ў свеце.
У 1954 годзе ён упершыню стаў                удзельнікам рэспубліканскай нарады маладых літаратараў. У 1955 годзе ў 7-м нумары часопіса “Полымя” з’явіўся верш “Машэка”, пасля чаго ў беларускіх перыядычных выданнях пачалі друкавацца яго вершы, якія заўважыла і высока ацаніла крытыка.
У красавіку 1957 года яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР, што значна актывізавала творчую дзейнасць. Паэтычныя зборнікі “Матчына душа” і “Вячэрнія ветразі” – першыя кнігі Караткевіча.
У асобе маладога аўтара беларуская паэзія набыла яркае самабытнае дараванне, поўнае паэтычнай узнёсласці і глыбіні. Багатая разнастайная паэзія прасякнута любоўю да роднай зямлі і народа.
У 1969 годзе выйшаў арыгінальны зборнік лірычнага паэта “Мая іліяда”. Паэзія ўвесь час суправаджала талент Уладзіміра Сямёнавіча, жыла ў ім нават тады, калі ён пісаў далёкія ад яе празаічныя творы. Сабраныя разам неапублікаваныя вершы паэта склалі яго пасмяротны зборнік “Быў. Ёсць. Буду” (1986 г.) – паэтычны запавет наступным пакаленням, створаны трапяткой рукой майстра.
Шырокае прызнанне як на Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла Ула-дзіміру Караткевічу яго проза. У Маскве быў задуманы першы раман “Леаніды не вернуцца на Зямлю” (“Нельга забыць”), які атрымаў літаратурную прэмію імя Івана Мележа. Раман мае выразныя прыкметы сацыяльна-філасофскай, інтэлектуальнай і сацыяльна-псіхалагічнай прозы. Менавіта ў ім вуснамі галоўнага героя пісьменнік выказаў сваю творчую праграму: “…Мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб’ездзіць разам усю Беларусь, адшукаць тое, што забыта, біць у набат, калі штосьці занядбалі, або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя, яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага”.
Выкананню гэтай праграмы ён і прысвяціў усё сваё жыццё. У першы празаічны зборнік У.Караткевіча ўвайшлі гістарычныя аповесці “Сівая легенда” і “Цыганскі кароль”, якія засведчылі, што пісьменнік не проста выдатна ведае мінулае свайго народа, але  ўмее яго “рэстаўрыраваць” у яркіх мастацкіх вобразах. Праграмным творам, пабудаваным на матэрыяле паўстання 1863 года, стаў раман “Каласы пад сярпом тваім”, са старонак якога паўстае Беларусь 60-х гадоў ХІХ стагоддзя. Аповесць “Зброя” сам аўтар лічыў не працягам рамана, а яго адгалінаваннем. Задачы, пастаўленыя мастаком у рамане, часткова знайшлі вырашэнне ў драме “Кастусь Каліноўскі”, дзе паказана само паўстанне.
Сярод твораў гістарычнага плана вылучаецца раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Да рамана тыпалагічна блізкая легенда “Ладдзя Роспачы” – твор своеасаблівы і арыгінальны, у якім услаўляецца асоба, вызваленая ад пут сярэдневякоўя.
Уладзімір Караткевіч крапатліва вывучаў гісторыю беларускага народа, знаёміўся з яго сучасным жыццём, імкнуўся пабачыць усё новыя і новыя мясціны. Амаль кожнае падарожжа (Далёкі Усход, Сярэдняя Азія, Урал, Грузія, Прыбалтыка, Польшча, Чэхаславакія і іншыя краіны) было пакладзена ў аснову літаратурнага твора. Пасля паездкі на Далёкі Усход з’явілася аповесць “Чадзенія”; палескія ўражанні сталі асновай для шэрагу апавяданняў; жыццё ў Кіеве – для аўтабіяграфічнай аповесці “Лісце каштана”. Але часцей за ўсё шляхі вандраванняў вялі пісьменніка па беларускіх гарадах і вёсках, туды, дзе можна пачуць трапнае слова, яшчэ нячутую шырокім колам     людзей песню…
З пастаяннай і асаблівай прыхільнасцю Уладзімір Караткевіч адносіўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Сведчаннем творчых пошукаў пісьменніка з’яўляюцца такія гістарычна-прыгодніцкія творы, як аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” і раман “Чорны замак Альшанскі”.
У 70-я гады да Уладзіміра Караткевіча прыйшла слава драматурга. У 1974 годзе на сцэне беларускага тэатра імя Я.Коласа з поспехам была пастаўлена п’еса “Званы Віцебска”. У ёй аўтар звярнуўся да падзей Віцебскага паўстання 1623 года. Неўзабаве адбылася прэм’ера п’есы “Кастусь Каліноўскі”. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы была прымеркавана п’еса “Калыска чатырох чараўніц”.
Прыкметны след пакінуў Уладзімір Караткевіч у публіцыстыцы, літаратурнай крытыцы. Ён аўтар шматлікіх нарысаў і эсе. На працягу ўсяго творчага шляху звяртаўся ён і да мастацкага перакладу, ён – аўтар сцэнарыяў, дакументальных і мастацкіх фільмаў. Творы пісьменніка перакладзены на шматлікія мовы народаў свету. Сведчаннем грамадскага прызнання Уладзіміра Караткевіча стала ўзнагароджанне яго ў 1980 годзе ордэнам Дружбы народаў. Яго імем  названы Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У Оршы і Віцебску Уладзіміру Караткевічу пастаўлены помнікі.
Паважаныя чытачы! Калі вас зацікавіў лёс гэтага неардынарнага пісьменніка, то чакаем вас у бібліятэках нашага раёна. Тут вы знойдзеце не толькі творы, але і шмат цікавых матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці У.Караткевіча. У чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі падрыхтавана выстава-прагляд “Жывое дыханне гісторыі”.
Ніна КОБАК,
галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Республиканский субботник проходит в Дрогичинском районе (ФОТОРЕПОРТАЖ)

Руководство района во главе с председателем райисполкома Сергее Пачко,...

Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на площадке Национального исторического музея

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на...

Какие цифровые специальности востребованы на рынке

О наиболее востребованных на рынке цифровых специальностях рассказала консультант...

Первый в Беларуси робот-продавец появился на заправке под Гомелем

Первый в стране роботизированный торговый павильон "Белоруснефть-Гомельоблнефтепродукт" открылся на...