Дата 17 верасня 1939 года назаўжды змяніла ход беларускай гісторыі і выратавала наш народ ад нацыянальнай катастрофы. На працягу доўгіх васямнаццаці гадоў штучная мяжа, усталяваная Рыжскай мірнай дамовай, рэзала Беларусь па жывым. Драгічынскі павет у складзе Заходняй Беларусі апынуўся на доўгія гады адрэзаным ад братоў з усходу, ператварыўшыся ў бяспраўную акраіну міжваеннай Польшчы, так званыя «крэсы ўсходнія». Вызваленчы паход Чырвонай арміі паклаў канец гадам прыгнёту, вярнуўшы нашаму народу права на зямлю, роднае слова і будучыню.
Жыццё без права на будучыню
Каб зразумець, якую бязмерную радасць прынесла Драгічыншчыне 17 верасня, неабходна згадаць, у якіх цяжкіх, часам нечалавечых умовах жылі нашы продкі пры польскай ўладзе. Другая Рэч Паспалітая бачыла ў заходнебеларускіх землях выключна аграрна-сыравінны прыдатак, крыніцу таннай драўніны і бясплатнай працоўнай сілы. Прамысловасці на Драгічыншчыне практычна не існавала. Дзейнічалі толькі дробныя паўкустарныя майстэрні, лесапільні ды млыны. Катаржная праца на зямлі не прыносіла сялянам збаўлення ад голаду і вечнай галечы. Амаль дзве трэці найлепшых, самых урадлівых земляў Драгічынскага павета належалі буйным польскім памешчыкам, панам і асаднікам (былым польскім вайскоўцам). Землі паноў раскінуліся на тысячы гектараў, у той час як мясцовае сялянства пакутавала ад жорсткага малазямелля. Трэць беларускіх сем’яў у павеце наогул не мела ўласнай зямлі. З-за непамерных падаткаў, пошлін і дарожных збораў звычайная соль, мыла і запалкі лічыліся недазваляльнай раскошай. Асаблівай формай рабавання Палесся было так званае прапнацыйнае права і манаполіі. Польскі ўрад увёў жорсткія манаполіі на соль, тытунь, цукар і алкаголь, штучна завышаючы цэны на гэтыя тавары ў некалькі разоў. На Драгічыншчыне даходзіла да таго, што сяляне не маглі дазволіць сабе купіць соль.
Сапраўдны сацыяльна-эканамічны прыгнёт на Драгічыншчыне выяўляўся ў канкрэтных і вельмі жорсткіх падатковых і зямельных законах, якія ператваралі беларусаў у бяспраўных батракоў. Акрамя асноўнага пазямельнага падатку, існаваў так званы “шарварак” – прымусовая бясплатая праца на будаўніцтве і рамонце дарог. Кожны працаздольны мужчына Драгічынскага павета быў абавязаны адпрацаваць на карысць польскай дзяржавы да некалькіх тыдняў у год са сваім канём і інвентаром, цалкам кідаючы ўласную гаспадарку. Калі буйныя маёнткі польскіх памешчыкаў квітнелі за кошт таннай працы мясцовых жыхароў, то звычайны сялянскі надзел у выніку пастаянных падзелаў паміж сынамі ператвараўся ў вузкую палоску зямлі, якая не магла пракарміць сям’ю. Каб заплаціць падаткі, сяляне былі вымушаны ісці ў кабалу да паноў на ўмовах “адработкі”. Зямельны голад душыў палескую вёску. За карыстанне панскай пашай для каровы або за магчымасць сабраць галлё ў панскім лесе селянін павінен быў адпрацаваць на памешчыка ад трох да пяці дзён у час жніва. Любое парушэнне межаў панскіх уладанняў каралася канфіскацыяй жывёлы і велізарнымі штрафамі, якія часта прыводзілі да таго, што судовыя выканаўцы забіралі з сялянскага двара апошнюю маёмасць. Мала клапаціўся польскі ўрад і аб здароўі насельніцтва павета. Медыцынская дапамога была амаль недаступна для простага чалавека. Людзі хварэлі і выміралі. Не хапала людзям і абутку. Зімой дзеці сядзелі па хатах на печах, бо не было ў чым выйсці на вуліцу.
Пад прэсам паланізацыі і за калючым дротам
Асабліва жорстка польскі рэжым распраўляўся з беларускай ідэнтычнасцю, нацыянальнай культурай і праваслаўнай верай. Праводзілася татальная, гвалтоўная паланізацыя. Калі на пачатку 1920-х гадоў на нашых землях яшчэ цепліліся нацыянальныя школы, то да 1938 года рэжым Пілсудскага ліквідаваў абсалютна ўсе беларускія навучальныя ўстановы. Навучанне вялося выключна на польскай мове, а за ўжыванне роднага “мужыцкага” слова чалавека маглі арыштаваць або публічна зняважыць. Праваслаўныя цэрквы зачыняліся, разбураліся або гвалтоўна пераасвячаліся ў касцёлы. Беларусаў успрымалі як людзей ніжэйшай расы, закліканых толькі гнуць спіну на панскіх палетках.
Для самых непакорлівых, тых, хто адважваўся пратэставаць або патрабаваць элементарных чалавечых правоў, дзейнічаў сумна вядомы канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Гэта быў сапраўдны канвеер знішчэння чалавечай годнасці. Туды адпраўлялі беларускіх актывістаў, ўдзельнікаў падпольнага руху і сялян, якія адмовіліся плаціць кабальныя падаткі. Прайшло праз лагер і шмат жыхароў Драгічынскага раёна, пераносячы знясільваючую працу, карцары, збіццё гумовымі дубінкамі і іншыя катаванні.
На Драгічыншчыне ў вёсцы Скрыпялі пры Польшчы таксама размяшчаўся лагер для зняволеных. Перыметр яго быў абнесены калючым дротам, а некаторыя асуджаныя хадзілі закаванымі ў ланцугі. Сярод іх былі таксама палітвязні этапаваныя з Бярозы-Картузскай. Жылі зняволеныя ў намётах. З раніцы да позняга вечара яны працавалі на рэканструкцыі канала каля вёскі Леснікі.
На пярэднім краі барацьбы
Цэнтрам супраціву антынароднаму польскаму рэжыму на Драгічыншчыне стала магутнае камуністычнае падполле. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) карысталася сярод мясцовых сялян непахісным аўтарытэтам, таму што менавіта яна адкрыта заклікала да звяржэння панскага прыгнёту і ўз’яднання з БССР. У Драгічынскім павеце ўжо ў 1924 годзе былі створаны два раённыя камітэты КПЗБ: “Лясны”, які размяшчаўся ў вёсцы Крывіца Янаўскай гміны, а другі – “Імя Красіна”, быў у Драгічыне. Таксама на тэрыторыі нашага края дзейнічаў падпольны Антопальскі райкам. Раённыя камітэты “Лясны” і “Імя Красіна” падпарадкоўваліся Пінскаму акруговаму камітэту КПЗБ. У вёсках ствараліся партячэйкі, якія ўваходзілі ў састаў райкамаў. Асаблівай сілай і згуртаванасцю вылучаліся ячэйкі ў Хомску, Бездзежы, Брашэвічах, Імяніне, Гошаве, Равінах, Сёманаўшчыне, Ліпніках, Застаўе, Вавулічах, Мікіцке, Крэсцінава і інш. Падпольшчыкі вялі вялікую агітацыйную працу. Напярэдадні Першамая чырвоныя сцягі рэгулярна луналі над вёскамі, а аднойчы смельчакі вывесілі забароненае палатно прама на семафоры каля чыгуначнай станцыі Драгічын. Асаблівай старонкай ў гісторыі гэтага часу на Драгічыншчыны сталі сялянскія выступы і забастоўкі. Падпольшчыкі КПЗБ арганізоўвалі масавыя выступы лесарубаў і фурманоў, якія адмаўляліся працаваць на панскіх лесанарытоўках за мізэрную плату. Адным з яскравых прыкладаў мужнасці сталі падзеі ў Хомску і Бездзежы, дзе пад уплывам камуністаў сяляне адкрыта сабатавалі распараджэнні польскіх уладаў, адмаўляліся выплачваць недаімкі і праганялі судовых выканаўцаў, якія спрабавалі забраць за даўгі апошнюю карову. Польская дэфензіва (тайная паліцыя) і жандармерыя лютавалі. У Гошаве адбыўся гучны судовы працэс, дзе на лаве падсудных апынуліся адразу дваццаць чатыры члены Драгічынскага райкама КПЗБ. Але суровыя прысуды не спынілі барацьбу. Канспірацыя была жалезнай: падпольшчыкі хавалі забароненую літаратуру, газеты, сцягі і транспаранты у падвойных сценах вулляў, у саламяных стрэхах хат і нават вясковых могілках.
Вераснёўскае сонца свабоды
Калі 1 верасня 1939 года фашысцкая Германія напала на Польшчу, па Заходне-Беларускаму Палессі пракацілася хваля трывогі. Польскія войскі спрабавалі стварыць абарону: так, чатыры дні ішлі баі за суседні Кобрын, пасля чаго польская дывізія “Кобрын” адступіла на поўдзень. Спаліўшы і ўзарваўшы за сабой мост праз Мухавец, польскія жалнеры пакінулі Кобрын, і туды раніцай 19 верасня ўвайшлі перадавыя часткі другой нямецкай матарызаванай дывізіі. Над Драгічынскім краем навісла смяротная пагроза нацысцкай акупацыі. Менавіта таму вестка пра тое, што 17 верасня Чырвоная Армія перайшла мяжу, была сустрэта мясцовымі жыхарамі як выратаванне. Праз Антопаль, Пярковічы і Драгічын па шашы на Агдэмер і далей на Пінск рухаліся бясконцыя патокі бежанцаў з-пад Брэста, якія ратаваліся ад вайны.У гэтыя ж дні ў Драгічыне адбылася знакавая падзея, там што былі адчынены дзверы мясцовай турмы, і на волю выйшлі палітычныя зняволеныя, арыштаваныя польскімі ўладамі. Але станаўленне новай улады на Драгічыншчыне патрабавала ахвяр і мужнасці. Польская адміністрацыя, паліцыя і асаднікі аказвалі жорсткі супраціў. Трагічнай і адначасова гераічнай старонкай нашай гісторыі стала 23 верасня 1939 года. У гэты дзень ў цэнтры Драгічына завязаўся жорсткі бой з узброенымі польскімі фарміраваннямі. У сутычцы, абараняючы горад, гераічна загінулі кіраўнікі Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ Іван Тарасюк і Уладзімір Давідовіч, а таксама яшчэ пяць іх таварышаў па партыі. Родныя забралі целы Тарасюка і Давідовіча ў вёску Імянін і пахавалі іх на мясцовых могілках. Тэрыторыя сучаснага Драгічынскага раёна ў гэты перыяд цалкам перайшла пад кантроль савецкіх сіл. Сёння, нагадваючы пра цану нашага адзінства, адна з вуліц Драгічына носіць імя Івана Тарасюка.
Спадчына адзінства
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР ў верасні 1939 года імкліва перавярнула жыццё на Дрогічыншчыне. Былыя парабкі і беззямельныя сяляне атрымалі ў карыстанне памешчыцкія і асадніцкія землі. На тэрыторыі раёна хуткімі тэмпамі пачалі адкрывацца першыя бясплатныя дзяржаўныя бальніцы і амбулаторыі, зарабілі школы, дзе навучанне вялося на роднай беларускай мове, адкрыліся ізбы-чытальні і клубы. Гістарычная справядлівасць перамагла. Штучна падзелены беларускі народ нарэшце ўз’яднаўся ў межах адзінай рэспублікі.
Сімвалічна, што сёння памяць аб гэтай знакавай даце ўпісана і ў саму карту нашага горада. Менавіта на вуліцы 17 Верасня размешчаны будынак, дзе штодня б’ецца інфармацыйны пульс раёна – рэдакцыя газеты “Драгічынскі веснік”. Гэта супадзенне мае глыбокі сэнс, бо і гісторыя самога выдання пачалася менавіта тады, у пераломную восень. Першы нумар “раёнкі”, якая тады называлася “Чырвоная зара” пабачыў свет у канцы кастрычніка 1939 года. Праходзячы па гэтай вуліцы кожны дзень, мы разам дакранаемся да вялікай гісторыі, якая зрабіла нас адзіным і непадзельным народам.
Падрыхтаваў Максім РОДЗЬКА.
ЛІЧБЫ І ФАКТЫ
Да верасня 1939 года на тэрыторыі Драгічынскага павета не было ніводнай афіцыйнай беларускай школы. Навучанне ішло выключна на польскай мове. За выкарыстанне роднай гаворкі ў дзяржаўных установах прадугледжваўся штраф.
Ужо да канца кастрычніка 1939 года ў раёне пачалася маштабная ліквідацыя непісьменнасці, а ў школы масава паступілі першыя падручнікі на беларускай мове.
У ходзе зямельнай рэформы восені 1939 года тысячы гектараў былых памешчыцкіх і асадніцкіх зямель Драгічыншчыны былі бясплатна перададзены сялянам.