Амаль 70 гадоў ззяе мірнае неба над нашай роднай Беларуссю. За гэты час ужо вырасла не адно новае пакаленне людзей, якія не бачылі і не зведалі жахаў вайны. А тады, 22 чэрвеня 1941 года, фашысцкая авіяцыя інтэнсіўна бамбіла Брэстчыну.
— Была нядзеля, вельмі не хацелася рана ўставаць. Мама ласкава шаптала на вуха: “Паднімайся, сынок, трэба кароўку гнаць на пашу”, — пачаў свой аповед перад дзецьмі жыхар вёскі Субаты В.С.Яхімовіч.
Напрыканцы навучальнага года ў нашай школе праводзілася мерапрыемства на ваенна-патрыятычную тэму “Дзеці вайны пра вайну”, прысвечанае 67 гадавіне з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На яго мы запрасілі Васіля Сямёнавіча Яхімовіча і Івана Іосіфавіча Казака, якім у пачатку вайны было па 7 гадоў.
— І пагнаў я сваю кароўку за вёску, — працягвае расказ В.С.Яхімовіч. – Але што гэта? Бачу, у небе самалётаў шмат. Пачаў іх лічыць. А хутка да мяне прыбегла мама і загаласіла: “Вайна, сынок, пачалася!..”
Ужо значна пазней, мусіць, на другі год вайны, у Пацах прыпынілася аддзяленне партызан. Яны хадзілі на чыгунку ўчыняць дыверсію. Мы, хлапчукі, бегалі на іх пагля-дзець, а потым збіралі і перадавалі ім у лес зброю.
Памятаю, як ішоў страшны бой на тэрыторыі паміж Гумнішчамі і Пігановічамі, дзе прызямліліся рускія дэсантнікі. Яны адбіліся ад немцаў, але сярод воінаў былі параненыя. Двум з іх аказала першую дапамогу сям’я Барысюк з Цыбак. Праўда, адзін дэсантнік памёр, бо цяжкая рана аказалася ў жываце, а другі пазней стаў камандзірам партызанскага атрада.
З пачаткам вайны закончылася і наша дзяцінства. Кожны дзень жылі ў страху. Як кажуць, аднойчы і я быў на валаску ад смерці. З боку Цыбак ехалі немцы, а партызаны зрабілі засаду на могілках. Паміж імі завязаўся бой. Гітлераўцы пачалі страляць з мінамёта, а наша хата стаяла непадалёку. Я схаваўся за капцом бульбы. Побач свісталі асколкі і кулі.
А неяк летам мы, вясковыя хлапчукі, былі на выгане. Бачым, едуць на дзвюх падводах партызаны – чалавек 11. Але што гэта? Зброя ў іх нямецкая. Мы падбеглі да іх. У гэты час з боку Сычоў прыскакалі тры верхавыя. Яны спыталі пароль. На падводах яго не ведалі, бо гэта былі пераапранутыя фашысты. Пачалася стральба… Мы, дзеці, — хутчэй у канаву. Тады 3 гітлераўцы загінулі, а адзін партызан быў паранены ў жывот і падарваў сябе гранатай…”
Пасля вайны Васіль Сямёнавіч Яхімовіч узнаўляў народную гаспадарку. Спачатку працаваў паляводам у калгасе, а потым – будаўніком. Узводзіў жывёлагадоўчыя фермы і жылыя дамы. А вайну ён ненавідзіць, бо лічыць яе самым страшным злом на зямлі.
Цікавым было і выступленне другога госця школьнікаў – Івана Іосіфавіча Казака, вельмі паважанага чалавека ў сельгаскааператыве “Брашэ-вічы”. Звыш 45 гадоў ён адпрацаваў ветурачом. Калісьці я пісала пра яго нарыс “Па закону чалавечнасці”. Увесь час ён жыве па гэтаму закону.
Вось што пра І.І.Казака сказала жыхарка Цыбак Вольга Якаўлеўна Казак:
— Дык гэта такі чалавек, што вам і не расказаць. І як у яго на ўсіх цярпення хапае? Да яго і днём, і ноччу прыходзяць, ён нікому не адмаўляе, дапамагае лячыць жывёлу. Такіх людзей цяпер мала.
Нарадзіўся Іван Казак у вялікай і дружнай сялянскай сям’і ў 1933 го-дзе. З шасці гадоў пасвіў авечак, марыў пайсці ў школу. Але ў 1940 годзе яго не прынялі ў першы клас, бо ён паявіўся на свет 23 верасня. Доўга плакаў хлопчык. Каб супакоіць, яму ў падарунак далі галошыкі і сказалі прыйсці на вучобу праз год. Але ж не прайшоў год, як пачалася вайна.
Для Івана Іосіфавіча вайна – гэта слёзы, кроў і плач. “Вёску Цыбкі гітлераўцы лічылі партызанскай, — расказвае ён. – Ніколі не забуду 4 сакавіка 1943 года. Быў прыгожы сонечны дзень. Мы ўсе былі дома, калі заўважылі, што людзі ўцякаюць у лес. Бацька выглянуў ў акно і ўскрыкнуў: “Вёска гарыць!”. Ён выбег на двор і пачаў выганяць з хлява жывёлу. А я чую, як сцены патрэскваюць – немцы стралялі запальнымі кулямі. Маці закрычала: “Уцякайце, дзеткі!” – і выкінула з хаты калаўрот.
Дом наш поўнасцю згарэў, а калаўрот так і застаўся стаяць на агаро-дзе. Мы ўсе схаваліся ў яме, што была на прыся-дзібным участку сусе-дзяў Самасюкоў. З-за дыму нічога навокал не было відаць. І на мяне напаў такі страх, што я пачаў увесь дрыжаць і сказаў маці: “Трэба хутчэй у лес уцякаць…”. Мяне ўсе паслухаліся, нават бацька.
Калі мы пабеглі, немцы заўважылі і пачалі па нам страляць, але мы былі ўжо далёка”.
Іван Іосіфавіч выцірае з твару скупыя мужчынскія слёзы. Калі іх сям’я тады вярнулася дамоў, то ад іх сядзібы засталіся адны галавешкі. А на месцы той ямы, дзе яны хаваліся, убачылі глыбокую варонку ад вялікага снарада. Так з дапамогай Бога, сам таго не ведаючы, Іван выратаваў сваіх родных і сябе ад смерці.
“Вёска наша, — працягвае расказваць І.І.Казак, — амаль уся была спалена, уцалела толькі дзесяць дамоў. Затое колькі было радасці, калі Чырвоная Армія выгнала з родных мясцін нямецка-фашысцкіх захопнікаў!”
Вучні з цікавасцю слухалі гасцей, задавалі ім розныя пытанні, потым выступілі з канцэртам мастацкай самадзейнасці.
У заключэнні мера-прыемства мы падарылі дзецям вайны кнігі. Загучала песня, якую падхапіла ўся зала:
Пусть всегда будет
солнце!
Пусть всегда будет небо!
Пусть всегда будет
мама!
Пусть всегда буду я!
Ніна ГРЫЦУК,
настаўніца Брашэвіцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы.