Каб урадзіла пышнае калоссе

Дата:

Дзе б ты ні жыў, у горадзе ці ў вёсцы – ніколі не адмахвайся ад сваіх каранёў. Мы павінны ведаць быт сваіх продкаў: што яны елі, у чым хадзілі, як лячыліся ад хвароб. Важнае месца ў жыцці нашых дзядоў і прадзедаў мелі народныя прыкметы, звычаі, традыцыі, якія існуюць і па сённяшні дзень. Адным з самых значных абрадавых свят былі дажынкі, якімі завяршалася шматдзённая і цяжкая праца, і селянін мог з радасным тварам разламаць за сталом акрайчык мягкага, пахкага хлеба і пачаставаць ім сваю сям’ю і гасцей.

Нашы дзядулі і бабулі ведалі, калі якія работы выконваць, калі адпачываць. Акрамя таго, на кожны з народных свят і прысвяткаў у іх была свая прыказка ці прымаўка. Аб гэтым больш падрабязна нам паведаміў жыхар Брашэвіч Аляксей Сцяпанавіч Сакалоўскі.

– Існуе прыказка “да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі”. Вядома, што дзень святога Мікалая прыходзіцца на 22 мая. А тлумачыцца гэты выраз тым, што пэўную працу рабіць яшчэ рана – час сеяць грэчку альбо стрыгчы авечак яшчэ не надышоў. Вось так, калі ведаць народныя прыказкі, і гаспадарка пойдзе на лад, – кажа Аляксей Сцяпанавіч.

– Вось яшчэ прыклад прымаўкі, – узгадвае наш суразмоўнік. – “Ілля наробіць гнілля”. Звычайна на свята Іллі, другога жніўня, ідуць моцныя дажджы, а гэта ўжо гарачая пара жніва. Таму сабранае ў снапы жыта, якое не паспелі схаваць, мокне і гніе. Гаспадыні часта ўзгадваюць і такую прымаўку: “На Пятра наварыла, напякла”. А тлумачэнне да яе наступнае: на дзень святых апосталаў Пятра і Паўла,  12  ліпеня, селянін мог ужо сабраць першы ўраджай і прыгатаванымі з яго стравамі ўзбагаціць святочны стол. На Пятра гаспадыня звычайна пякла першы хлеб з мукі маладога паспеўшага жыта.

Больш падрабязна пра абрады Драгічыншчыны, звязаныя са жнівом, нам паведаміла жыхарка вёскі Гошава Ніна Якаўлеўна Клімчук. Ішоў “на засейкі” звычайна сам гаспадар, – кажа жанчына. – Гэты дзень у кожнай сям’і лічыўся святочным, людзі прыбіралі ў хаце, апраналіся ва ўсё чыстае. Чаму так? Таму што ад гэтага  залежыў будучы ўраджай хлеба, без якога вельмі цяжка было селяніну. Прыйшоўшы на палетак, гаспадар перад працай абавязкова чытаў “Ойча наш”, прасіў Бога, каб той узнагародзіў шчодрым ураджаем. Зерне насыпалася ў торбу, сплеценую з лазы і саломы, якую вешалі на шыю – так зручней было раскідаць насенне па раллі. Гэтая рэч у розных мясцовасцях называлася па-рознаму, – узгадвае Ніна Якаўлеўна, – часцей звалася “сявенькай”, а ў нас яна была “чашкай”.

І вось перанясемся на некалькі месяцаў наперад, на канец ліпеня-пачатак жніўня, калі нашы продкі рабілі зажынкі. Тут ужо асноўную працу выконвалі жанчыны. Таксама абавязкова перад гэтым яны маліліся. Першыя жменькі спелых калоссяў зразала гаспадыня або старэйшая з жанчын у сям’і, клала іх крыж-накрыж і сплятала ў так званае перавясло. Ім церлі спіну ўсе родзічы, каб не балела пасля цяжкай працы ў полі. Працавалі ўсе дружна з усходу сонца да позняга вечара, таму жанчыны бралі з сабой і дзяцей. Самых маленькіх, немаўлят, клалі ў люльку спаць у цяньку, больш старэйшыя наглядалі за малодшымі альбо дапамагалі складваць снапы. Праца ў полі заўсёды суправаджалася гучнымі спевамі, звонкімі галасамі жанчын.

Пачатак і канец жніва – сімвалічныя моманты, таму першы і апошні снапы клалі асобна ад іншых, з іх у першую чаргу пяклі хлеб. Астатнія складалі ў ляскі – дзесяць снапоў ставілі кругам сохнуць, а адзінаццаты рассцілалі паверх шапкаю, каб жыта не намокла і не пагніло.

 Дажынкі заўсёды былі вялікім святам у кожнай сям’і. У дзень завяршэння працы накрывалі багаты стол, звалі сваякоў і суседзяў. На святочным стале галоўнай стравай, канешне, быў хлеб з маладога жыта.

Андрэй РАСАФОНАЎ

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Беларуси скорректирован порядок предоставления и использования спонсорской помощи

Президент Беларуси Александр Лукашенко 27 марта подписал указ №112,...

В Дрогичинском районе проходят комплексные учения

Учения в районе будут проходить в течение двух дней...

В Дрогичинском районе введено ограничение на посещение лесов

Такое решение принято в связи с установившимся 3 классом...

В Дрогичине прошло первенство по многоборью «Защитник Отечества»

Сегодня, 27 марта, на городском стадионе было многолюдно. Старшеклассники...