spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Бохан хлеба – сонца на руках!

Дата:

Дзіўныя гісторыі з жыцця тутэйшых жыхароў захоўваюцца ў музеі “Бездзежскі фартушок”, які ў свой час быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, а яго дырэктар Марыя Міхайлаўна Астаповіч сёлета стала пераможцай штогадовага конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры”. У музейных пакоях сабрана багацейшая калекцыя саматканых льняных вышываных фартушкоў, якія лічыліся важным элементам убрання бездзежскіх жанчын і дзяўчат, тут можна пазнаёміцца з побытам колішніх сялян і павучыцца народным рамёствам у прызнаных мясцовых умельцаў. А яшчэ на музейнай этнасядзібе “Каля Плэса” можна прадэгуставаць даўнішнія вясковыя стравы: вараную бульбачку з салам, паранай капустай, салёным агурком, льняной макухай… Адметна і тое, што на этнасядзібе аднавілі яшчэ адну добрую традыцыю і пачалі выпякаць свой хлеб. Цяпер гэтай справай займаецца Вольга Сцяпанаўна Макарэвіч. Яна – не толькі загадчыца гаспадаркі музея, але і карэнная жыхарка Бездзежа, што надае жанчыне асаблівы статус гаспадыні. Бо лічылася, што менавіта ў гэтых мясцінах захоўваюцца і падтрымліваюцца самыя што ні ёсць аўтэнтычныя традыцыі ткацтва і хлебапячэння…

Праўда, мае суразмоўніцы, дырэктар музея М.М. Астаповіч і тутэйшы пекар В.С. Макарэвіч,  удакладняюць, што ў цяперашнім вясковым побыце многія даўнішнія звычаі ўдасканальваюцца сучаснымі тэхналогіямі, якія істотна аблягчаюць некалі працаёмкія справы. Прынамсі, у свой час Марыя Міхайлаўна задалася пытаннем, як выпякалі хлеб у тыя часы, калі не было дражджэй. І ёй расказалі, што на першапачатковай стадыі сяляне збіралі і сушылі шышкі хмелю, а перад тым, як пячы хлеб, замочвалі іх у вадзе. У атрыманы настой дабаўлялі муку, і недзе праз тры дні з гэтага выходзіла закваска, на якой замешвалі хлеб. А ў галодныя ваенныя і пасляваенныя гады ў цеста нярэдка дабаўлялася кашыца з таўчоных жалудоў, каб хлеба больш выйшла.

Дом і падвор’е хутка напаўняюцца духмяным водарам свежага хлеба, які спякла на музейнай этнасядзібе Вольга Сцяпанаўна Макарэвіч
Дом і падвор’е хутка напаўняюцца духмяным водарам свежага хлеба,
які спякла на музейнай этнасядзібе Вольга Сцяпанаўна Макарэвіч

Цяпер жа працэс хлебапячэння, па словах Вольгі Сцяпанаўны Макарэвіч, займае прыкладна 8 гадзін. З самай раніцы, прыйшоўшы на работу, яна расчыніла і замясіла цеста. Да абеду яно павінна два разы падняцца і гэтулькі ж яго трэба проста прымяць. Затым пекар распальвае печ, якая зладкавана на кухні этнасялянскага дома, дзе звычайна праводзіцца дэгустацыя колішніх страў, а цеста, якое ў чарговы раз паднялося, жанчына пачынае старанна вымешваць. Лічыцца, што рабіць гэта трэба да тае пары, пакуль яно перастане ліпнуць да рук, і гэта патрабуе нямала сіл і старання.

Майстэрства хлебапячэння В.С.Макарэвіч пераняла ад сваёй бабулі Маланні Фадзееўны. “Мама ўвесь час была на працы, а мы з бабуляй, якая жыла разам з намі, займаліся хатнімі справамі: гатавалі ежу на ўсю сям’ю, пяклі хлеб… Памятаю, што першапачаткова ў яго саставе былі толькі вада, мука, соль і дрожджы. Потым, калі жыццё стала больш заможным, у замесу сталі дабаўляць алей: ад гэтага хлеб даўжэй заставаўся свежым. Але як тады, так і цяпер наш бездзежскі хлеб выпякаецца толькі з натуральных прадуктаў…

– Ці ёсць нейкія павер’і, звязаныя з выпечкай хлеба? – пытаюся ў сваёй суразмоўніцы.

– Бабуля ўвесь час папярэджвала, што калі хлеб у печы, то ў доме нельга адчыняць вокны і дзверы, каб ён не збег. У сваім дзяцінстве мы верылі ў гэта, і пакуль боханы выпякаліся, захоўвалі ўрачыстую цішыню. Тут жа, у нашай музейнай сялянскай хаце, дзверы часта адчыняюцца і зачыняюцца, але хлеб з печы пакуль не збег ні разу, – весела адказвае жанчына. І дадае:

– Хаця ёсць мноства неістотных, на першы погляд, дробязяў, якія вельмі ўплываюць на якасць свежаспечанага хлеба. Здаецца, што кожны раз яго замешваеш і ўсё робіш аднолькава, а ён паводзіць сябе па-рознаму: то падымаецца марудна, то так падыйдзе, што аж выпырхвае з посуду. А яшчэ вельмі важна ўлавіць той момант, калі хлеб можна ставіць у печ. Іншы раз мы проста кідаем на чэрань горстку мукі, і калі яна гарыць, значыць, трэба пачакаць, іначай і хлеб можа падгарэць. Я столькі гадоў, лічы, з самага маленства, спасцігаю сакрэты яго выпечкі. І ніяк не магу сказаць, што зведала ўсе таямніцы гэтай справы…

Печ гарыць і награваецца да належнай тэмпературы каля паўтары гадзіны, і яшчэ прыкладна столькі ж у ёй знаходзіцца і выпякаецца хлеб. Затым Вольга Сцяпанаўна няспешна дастае свежыя і румяныя, як сонейка на ўзыходзе, боханы, і непаўторны водар, у якім адчуваюцца самыя яркія і прыемныя ноткі роднай зямлі, напаўняе хату.

 Справа, распачатая жанчынай з самай раніцы, к вечару завершана. Яна задаволена сваёй работай: хлеб атрымаўся ўдалым і пульхным. Такім, якім і павінен быць. Можа, гэтаму ў пэўнай меры паспрыяла і тое, што напярэдадні В.С.Макарэвіч атрымала вестку, што ў яе нарадзілася ўнучка і яна ў трэці раз стала бабуляй? І таму расчыняла і замешвала цеста, раскладвала ў формы і ставіла яго ў печ Вольга Сцяпанаўна з асаблівай любоўю і натхненнем!

Яна накрывае боханы льняной сурвэткай і дае ім астудзіцца. Вось і ўсё: хлеб гатовы. Можна сустракаць гасцей, якія едуць у музей палюбавацца майстэрствам рук бездзежскіх умельцаў, іх самабытнымі фартушкамі і ручнікамі, пасля чаго заходзяць на этнасядзібу прадэгуставаць тутэйшыя смакоцці!

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Активисты и общественники Дрогичинщины в рамках республиканского субботника приняли участие в акции «Время помнить»

В данной акции участие приняли Дрогичинская районная организация БРСМ,...

Магазины, рынки, такси, услуги на дому: когда покупателям должны выдавать чек

В соответствии с Налоговым кодексом Республики Беларусь, при реализации...

Вспашка и культивация. Как оказывать услуги, не нарушая законодательство

С наступлением весны растет популярность таких видов деятельности, как...

Дроботы и Сороцни: ищем решение проблем

Середина апреля – на календаре 15‑е число, понедельник. Весна...