Калядная зорка, пірагі і песні пад гармонь. Як святкавалі Каляды нашы продкі

Дата:

Зусім не так, як мы сёння, нашы продкі сустракалі зімовыя святы. Па келіхах не разлівалася шампанскае, не было на стале салата “аліўе”, экзатычных фруктаў, з экрана тэлевізара не выступалі эстрадныя артысты. Але ж няпраўда, што Новы год і Каляды раней праходзілі на Палессі сумна, бязрадасна. Нашы дзяды ўмелі весела правесці свой вольны час, атрымаць яркія ўражанні. А для добрага настрою хапала багатага стала, спеваў, танцаў і цікавых гульняў. Раней галоўным зімовым святам былі Каляды, а Новы год святкавалі нашы дзядулі і бабулі па старому стылю, у ноч з 13 на 14 студзеня, у так званы “шчодры вечар”.

Жыхарка вёскі Сорацні Ніна Аляксандраўна Максімовіч узгадвае, што ў кожнай сям’і заўсёды рыхтаваліся да Каляд, прыбіралі ў хаце, гаспадыня пякла пірагі, гатавала розныя мясныя стравы. Сапраўдным дэлікатэсам лічыліся запечанае з грэчкай парася, катлеты. Але ж да самага Хрыстова Нараджэння працягваўся зімовы пост, і таму ўвечары перад Калядамі частаваліся толькі поснымі стравамі. Стол звычайна засцілалі сенам, якое накрывалі абрусам, так званым “насцільнікам”, і ўжо на яго ставілі ежу. Там можна было сустрэць куццю з макам, посны пірог і іншыя стравы. Усяго на стале іх павінна было быць дванаццаць, па ліку апосталаў. Па іншаму меркаванню, таму што Хрыстос нарадзіўся менавіта ў гэтую гадзіну. Калі казаць пра напоі, то вельмі падабаўся нашым продкам квас, зроблены з сока квашанай капусты, з грыбамі. Рабілі і кампот з сушоных яблык, груш, ягад. Усю гэтую ежу так і астаўлялі на ўсю ноч, а самі гаспадары ішлі ў царкву. Уранку гаспадыня выцягвала саломінку са стала, і калі яна была доўгай, то лічылася, што ўлетку ўродзіць лён, будзе ён вялікі і моцны, ці наадварот, калі кароткая – то малы і слабы. Гэта сена потым аддавалі на корм жывёлам.

Чытачы могуць спытаць, ці ставілі нашы продкі ў хаце святочную елку? Так, было такое, узгадвае Марыя Мікалаеўна Рубец з вёскі Вавулічы. Звычайна перад Калядамі гаспадар хадзіў за елкаю ў лес. У дарэвалюцыйны час было забаронена рубіць дрэвы без панскага дазволу , трэба было плаціць за гэта немалыя грошы. Таму толькі нямногія з сялян маглі прынесці ў хату лясную прыгажуню. Прыбіралі яе чым маглі: часцей рабілі розныя цацкі з паперы, тканіны ў выглядзе анёлаў, звяроў, казачных персанажаў. Як і зараз, стаяла яна да сярэдзіны студзеня, у некаторых сем’ях да Вадохрышча.

Калядным вечарам можна было сустрэць моладзь, што хадзіла з хаты ў хату, віншавала ўсіх са святам, пела песні. Раней гэта рабілі дарослыя мужчыны, юнакі. Каляднікі насілі з сабою вярцеп, які ўяўляў сабою шэст з надзетымі на яго зробленымі з паперы коламі. На кожным з іх былі цацкі: у выглядзе звяроў, людзей. Гэтыя колы госці круцілі перад вачыма гаспадароў, і ўсе фігуры, цацкі дзіўна бегалі, скакалі. Уверсе вярцепа была запаленая свечка. Было і так, што хлопцы хадзілі з каляднай зоркай. Зразумела, неслі яшчэ і мяшок для гасцінцаў. Ва ўзнагароду каляднікам давалі хлеб, булкі, сала. Грошы – рэдка, а цукерак тады зусім не было ў хаце селяніна.

На наступны дзень каляднікі прадавалі ўвесь той хлеб, і на атрыманыя грошы наймалі гарманіста. Так з музыкай, спевамі і танцамі праводзіла моладзь кожны вечар ад Каляд да Новага года. У час такіх вечарын маладыя хлопцы прыглядаліся да дзяўчат, думалі, да якой лепш адправіць сватоў, таксама і дзяўчаты марылі пра хлопцаў, спадзяваліся, што хутка абяруць сабе мужа.

На Шчодрыкі хадзілі віншаваць толькі дзяўчаты. Былі яны ўжо без зоркі, без вярцепа. Частавалі дзяўчат не хлебам, чымсьці больш смачным – булкай альбо кавалкам салодкага пірага.

У Шчодры вечар маладзіцы збіраліся разам, гадалі. Вось некалькі найбольш распаўсюджаных спосабаў, як дзяўчына магла даведацца пра сваю будучыню і калі яна знойдзе сабе мужа. На “шчодрыкі” гаспадыня звычайна пякла картапляныя бліны. Першы з іх хапала дачка і бегла з ім на вуліцу. Гэтым бліном частавала першага з мужчын, хто сустрэнецца на дарозе, спытаўшы яго імя. Лічылася, што так і будуць зваць яе будучага мужа. Альбо рабілі так. Дзяўчаты сыпалі на падлогу зерне, па жменьцы кожная, і пускалі ў хату курыцу. Чыё збожжа тая клюне першым, той і раней за другіх сустракаць сватоў. Было і такое, што маладзіцы бралі на падворку бярэмя дроў і прыносілі ў хату. Потым кожная раскладвала іх пачаргова, дзелячы на “пару”, “лішку”. Калі напрыканцы заставалася “пара”, то дзяўчына будзе мець сваю сям’ю, а калі выпадала “лішка”– застанецца навек адна. І гэта не апошняя з дзявочых забаў у шчодры вечар. Лічылася, што ў ноч з 13 на 14 студзеня можна ўбачыць дзіўныя, прарочыя сны. Таму дзяўчына хавала пад падушку грабеньчык і гаварыла: “Кладуся спаць на новым месцы, прысніся сон нявесце, з кім я буду ноч начаваць, з кім буду век векаваць”. Раніцай пераказвала ўсё, што сніла ўначы, сяброўкам. Разам яны гэта абмяркоўвалі, жартавалі, смяяліся. Шчодрым вечарам жанчыны традыцыйна збіраліся ў адной хаце і разам ткалі, пралі. Да гэтага ад Каляд нельга было займацца якім-небудзь рамяством.

Такім чынам, нашы продкі ўмелі не толькі працаваць, але і адпачываць, весела праводзіць свой вольны час. Гэтыя традыцыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне і жылі на Палессі на працягу стагоддзяў.

Андрэй РАСАФОНАЎ

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

ГАИ уделит особое внимание соблюдению ПДД мотоциклистами, велосипедистами и пешеходами на СПМ

В Беларуси 29 марта проходит единый день безопасности дорожного...

Сегодня в районе продолжаются комплексные учения

Будут отработаны вопросы организации оповещения населения с запуском электросирен. Обращаем...

Как защитить интересы молодого специалиста, улучшить коллективный договор, получить социальный отпуск…

Разноплановые темы и вопросы, связанные с защитой трудовых, социально-экономических...

Жители города поднимают проблему, связанную с парковкой автомобилей во дворах и на тротуарах

В некоторых микрорайонах районах города есть жилые застройки, в...