spot_img

КРЫВАВАЯ РАСПРАВА

Дата:

У 40-ыя гады мінулага стагоддзя тры родныя браты Раман, Ілья і Фадзей Скрыпялі жылі на хутарах непадалёку ад вёскі Сіманавічы. Кожны з іх гадаваў і выхоўваў дзяцей, вёў сваю гаспадарку. Паблізу іх размяшчалася і сядзіба Міхаіла Сцяпанавіча Рэпіхі. З ім браты заўсёды падтрымлівалі добрыя суседскія адносіны.У даваенныя гады Ілья Скрыпель быў вясковым актывістам, выбіраўся дэпутатам сельскага Савета, прымаў непасрэдны ўдзел у наладжванні новага жыцця пасля прыгнёту буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Ён вучыў азам актыўнай жыццёвай пазіцыі і свайго пляменніка Міколу – сына брата Рамана. У выніку хлопец набыў спецыяльнасць абутніка, якая ў той час лічылася прэстыжнай. Праўда, у цяжкія дні акупацыі гітлераўцы прымусілі яго шыць і рамантаваць боты для нямецкіх салдат і афіцэраў. У Драгічыне якраз тады карнікі адкрылі майстэрню. А калі ў фашыстаў стала не хапаць паліцэйскіх (адны загінулі ад партызанскіх куль, другія самі ўцяклі), Мікалая сілаю мабілізавалі ў паліцыю.Неяк нядзельнай раніцай Ілья Скрыпель прыехаў на рынак у Драгічын, каб тое-сёе купіць для сям’і. Заадно вырашыў адведаць і пляменніка, да якога, дарэчы, меў прапанову ад партызан.Мікола сустрэў дзядзьку вельмі добразычліва, абрадаваўся, запрасіў за стол. Калі выпілі па чарцы, госць спытаў:— Ці доўга, Мікола, яшчэ будзеш служыць фрыцам? Ужо і партызаны за цябе непакояцца. Па іх меркаванню, табе нельга доўга заставацца ў Драгічыне. Немцы могуць дазнацца пра твае сувязі з ляснымі салдатамі.— Я і сам, дзядзька, аб гэтым ужо не раз думаў. Здаецца, за мной сачыць пачалі. Цяпер трэба толькі зручны момант выбраць…І ў чэрвені 1943 года Мікалай Скрыпель стаў байцом партызанскага атрада імя Макарэвіча брыгады імя Свярдлова. У сямейны лагер забраў і жонку з дзецьмі.Бясспрэчна, “сябры” па службе ў паліцыі не маглі дараваць Мікалаю здраду. Вырашылі адпомсціць. І ў хуткасці ім прадставіўся такі выпадак.У вёсках Суткі і Салава размяшчаліся гітлераўцы – прыкладна ў двух кіламетрах ад сядзіб Скрыпялёў. Неяк да немцаў прыехалі паліцэйскія са старастам з Сіманавіч. Неўзабаве ўсё гэтае “воінства” ўзяло накірунак на сіманавіцкія хутары. Адначасова другая група карнікаў ехала ў Сіманавічы з Драгічына праз Вульку. У апошняй вёсцы былі схоплены сельскія актывісты Аляксей Якаўлевіч Крук і Аляксей Аляксеевіч Крук.Ворагі пачалі ўсё знішчаць на сваім шляху. Вось што ў свой час расказваў сведка тых далёкіх дзён М.С.Аляксейчык  (царства яму нябеснае), былы галоўны аграном калгаса імя Суворава:— У 1943 годзе фашысты падпалілі Сіманавічы. Спалілі яны і наш хутар, забралі жывёлу. Але, як кажуць, свет не без добрых людзей. Сусед і далёкі наш сваяк Іван Іосіфавіч Лоска даў нам карову, дакладней, падарыў. За шчодрасць і дабрату бацька паслаў мяне да яго пастушком. У Лоскі была яшчэ карова і цялушка, якіх я і пасвіў. І на гэты раз я начаваў у сваяка. А сям’я наша (8 чалавек) хавалася ў лесе. І вось бацькі вырашылі прыехаць на хутар да Скрыпялёў, каб спячы хлеб. На світанку гаспадар разбудзіў мяне: “Хутчэй уцякай, немцы з Вулькі ідуць!”Сапраўды, я ўбачыў ланцуг гітлераўцаў і, што ёсць сілы, пабег па-за кустамі, каб мяне не заўважылі. На шляху сустрэў фурманку. На ёй сядзелі суседзі Скрыпялёў Міхаіл Рэпіха, яго сын Іван і дачка Надзя. Хтосьці з іх крыкнуў: “Давай, скачы да нас!”. Але я бег у ранейшым накірунку – туды, дзе павінны быць мае бацькі. Параўняўшыся з капою сена, спыніўся – прама на мяне ляцелі трое верхавых паліцэйскіх. Праўда, мяне яны не кранулі, а паімчаліся на перахват падводы Рэпіхі. Я вельмі спалохаўся, а крыху прыйшоўшы ў сябе, зноў падаўся наперад. Азірнуўся і ўбачыў, як верхавыя схапілі сям’ю Рэпіхі. Неўзабаве дабег да дома Фадзея Скрыпеля. Тут былі мае бацькі і іншыя людзі.Праз некалькі хвілін да дома Ільі Скрыпеля немцы падагналі сям’ю Рэпіхі, паставілі ля сцяны і прашылі аўтаматнай чаргой. Самога Скрыпеля расстралялі ля хлява, дзе ён займаўся гаспадарскімі справамі. Яго 8-гадовага сына Паўліка выцягнулі з саломы, дзе ён схаваўся, і таксама застрэлілі.Рамана Скрыпеля карнікі забілі ва ўласным доме. Мусіць, здзекваліся над ім, бо падлога і сцены былі заліты крывёю. Відаць, хацелі вынудзіць весткі пра сына-партызана.А вось што пра гэтую крывавую трагедыю расказваў яшчэ адзін сведка, сын Ільі – Іван: “Калі стала вядома, што нашы хутары акружаюць немцы і паліцэйскія, мая маці схапіла груднога браціка і пабегла з дому. Сам я ўцячы не паспеў, пайшоў да дзядзькі Фадзея. Там было многа людзей. Я ў доме схаваўся за печкай. А ў гэты момант карнікі чынілі расправу на двары, над сям’ёй Рэпіхі, маім бацькам, братам Паўлам”.У той час Сцяпан Антонавіч Ігнатчык, зяць М.С.Рэпіхі, з жонкай, маленькай дачкой і цешчай знаходзіўся ў лесе. Даведаўшыся аб трагедыі, ён напрыканцы дня, калі карнікі з’ехалі, прыйшоў да загінуўшых. З дапамогай людзей за ноч збілі тры труны. А на другі дзень адбылося пахаванне. Адначасова хавалі і Скрыпялёў. Тут жа былі і партызаны. Прагучаў развітальны салют. Дарэчы, сям’ю М.С.Рэпіхі фашысцкія вылюдкі расстралялі за тое, што яго сын з’яўляўся партызанскім сувязным.А вось Мікалай Скрыпель пра смерць бацькі, дзядзькоў, пляменніка і суседзяў даведаўся не адразу. Да гэтай страшнай весткі сябры па зброі яго рыхтавалі паступова. Даведаўшыся, яшчэ з большай нянавісцю пачаў граміць гітлераўцаў і іх прыхвасняў. Граміў у адкрытых баях і засадах, у час “рэйкавай” вайны – да вызвалення Драгічыншчыны ад фашызму.

Аляксей СЯРГЕЙ.

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

С 16 декабря стартует республиканская акция «Безопасный Новый год!»

Согласно оперативным данным, за 11 месяцев текущего года в...

В Дрогичине отметили 85-летие Брестской области

В Дрогичинском Доме культуры прошел праздничный концерт, посвященный 85-летию...

В Дрогичине прошел районный фестиваль творчества инвалидов «Дорогою добра»

В городском Доме культуры сегодня 6 декабря, прошел районный...

Книга “Выборы в Беларуси. Коротко о главном” поступила в продажу

Книга "Выборы в Беларуси. Коротко о главном" поступила в...