Майстар – так называюць чалавека, які ў сваім жыцці дасягнуў пэўных поспехаў у працы, асвоіў складаную прафесію ці выконвае тонкую і патрэбную людзям работу. Званне гэта ганаровае, і яго абавязкова трэба заслужыць. Перш за ўсё сваёй працай і трывалымі прафесійнымі навыкамі. У нашай свядомасці майстар – чалавек не ніжэй сярэдняга ўзросту, салідны, вядомы, магчыма, з сівізной на скронях. Але з любога правіла, зразумела, заўсёды бываюць выключэнні. Менавіта такім і з’яўляецца наш сённяшні суразмоўца Іван Анатольевіч Марчук.
“Малады яшчэ для Анатольевіча”, – скажаце вы. Але я настойваю на сваім – Анатольевіч і не інакш, бо за свае непоўныя восем гадоў працы ў Драгічынскім лясгасе ён паспеў многае – высадзіў вялікую колькасць дрэў, стварыў маладую трывалую сям’ю, выхоўвае сына, якога разам з жонкай назвалі Маркам. Засталося адно – пабудаваць дом. Што гэта абавязкова будзе не варта сумнявацца, бо малады работнік лясгаса дакладна акрэслівае свае мэты і ўпэўнена крочыць да іх вырашэння.
Пры сустрэчы, папярэдзіўшы маё першае пытанне, Іван распачаў размову з таго, што пасля заканчэння школы ён ні на хвіліначку не сумняваўся ў выбары будучай прафесіі, бо нарадзіўся і жыў у вёсцы Радастава, з маленства прывык да лесу – з матуляй збіраў ягады, а з бацькам – грыбы. Таму і вучоба ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы давалася вельмі лёгка і праляцела нібы адно імгненне. Па размеркаванню трапіў на работу ў Антопальскае лясніцтва, адпрацаваў, як і належыць, два абавязковыя гады, ды так і застаўся тут. Хто ведае, магчыма, і назаўсёды.

З першага рабочага дня яго прызначылі майстрам лесу. Вось і нясе ён па жыцці сваё ганаровае і адначасова прафесійнае званне, да якога многія ідуць не адзін год.
Участак лесу, які замацавалі за маладым мужчынай, не малы – больш за 3580 гектараў, з якіх 83 % пакрыты лесам. За ім патрэбны догляд, ды яшчэ які! Толькі ў мінулым годзе лесаўзнаўленне і лесаразвядзенне праведзена амаль на трох гектарах. Аб якасці работ красамоўна сведчаць лічбы – прыжывальнасць лясных культур трэцяга года перавышае 80 працэнтаў, у катэгорыю каштоўных лясных насаджэнняў уведзена 25,6 гектара лесу, рубкі догляду за маладнякамі праведзены на 28 з паловай гектарах, нарыхтавана 600 кілаграмаў насення лясных раслін, 570 з якіх – хвойных парод, рубкі прамежкавага карыстання праведзены амаль на 55 гектарах.
Выконваліся на ўчастку і супрацьпажарныя мерапрыемствы – на 62 кіламетрах праведзены догляд за супрацьпажарнымі разрывамі і мінералізаванымі поласамі.
Усё гэта дало падставы для ўдзелу Івана Марчука ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Лепшы майстар лесу”, дзе яму не было роўных. Пазней і на рэспубліканскім этапе конкурсу наш майстар стаў лепшым.
– Перамога ў конкурсе – не толькі мая заслуга, – сціпла гаворыць малады чалавек. – Гэта вынік працы ўсяго нашага невялікага, але дружнага і зладжанага калектыва.
І тут да размовы далучаецца ляснічы Антопальскага лясніцтва Дзмітрый Міхайлавіч Касынюк. .
— Сапраўды так, — гаворыць ён, — побач з Іванам працуюць таксама старанныя спецыялісты: лесаводы Руслан Віктаравіч Рыбін і Леанід Сцяпанавіч Вялесік, вальшчыкі лесу Андрэй Мікалаевіч Краўчук і Рыгор Леанідавіч Церашчук, трактарыст Уладзімір Аляксандравіч Максімчук, майстар лесу Сяргей Фёдаравіч Брашавец. Пашанцавала нам і з бухгалтарам: Ірына Вітальеўна Байдук на сваім месцы – строгі ўлік і кантроль вельмі патрэбны ўсюды, асабліва ў лясной гаспадарцы.
Што датычыцца Івана Анатольевіча Марчука, то ён вылучаецца асаблівай стараннасцю, адказна ставіцца да даручанай справы, усе даведзеныя заданні імкнецца своечасова выконваць, калі нешта не разумее – заўсёды ўдакладніць. Не без перабольшвання можна сказаць, што ён сапраўдны майстар сваёй справы. Малады і даволі рухавы.
Развітаўшыся, Дзмітрый Міхайлавіч і Іван Анатольевіч паехалі па сваіх справах – іх чакала неадкладная работа па адводу лесасек пад рубкі прамежкавага карыстання, а нам на зваротным шляху ў Драгічын засталося толькі любавацца акуратным, дагледжаным ускрайкам лесу, аздобленым мудрагелістым зімовым покрывам, у якім гаспадараць такія дбайныя працаўнікі.
18 лютага стала вядома, што Іван Марчук па выніках 2025 года стаў пераможцам у рэспубліканскім конкурсе «Лепшы майстар лесу» ў катэгорыіі да 31 года. У г. Брэсце, падчас калегіі Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік павіншаваў маладога майстра лесу і ўручыў Дыплом пераможца.
.

Аляксандр РЭПІХА.