Свята на вуліцы Культуры

Дата:

Сваё прафесійнае свята работнікі культуры адзначылі загадзя: у мінулы чацвер у гарадскім Доме культуры ў Драгічыне сабраліся прадстаўнікі гэтай сферы дзейнасці з усёй Брэстчыны, каб паглядзець адноўленыя залы гэтай установы, ацаніць творчыя магчымасці тутэйшых калектываў мастацкай самадзейнасці і прыняць заслужаныя ўшанаванні. Па календары іх агульнае свята выпадае на нядзелю, але ў выхадныя дні работнікі культуры звычайна працуюць, удзельнічаючы ў розных мерапрыемствах. Такое ў іх прызванне і прызначэнне – дарыць людзям радасць і добры настрой.

“Але ж адзін раз у год, пасля штодзённага кругавароту свят для іншых, наступае дзень, калі работнікі гэтай сферы дзейнасці дазваляюць уладкаваць урачыстасць для сябе”, – зазначылі вядучыя абласнога мерапрыемства ў Драгічыне Лейла Гарадзэ і Алег Свечнікаў. Гэты дзень выпаў на 6 кастрычніка.

Гасцей вітаў духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў, і пад яго чароўныя гукі некаторыя не ўтрымаліся і з натхненнем пачалі вальсіраваць прама ў фае ГДК. Такога не ўбачыш на іншых мерапрыемствах, бо падобная няўрымслівасць і заўзятасць да песень і танцаў вылучае менавіта работнікаў культуры.

Першапачаткова слова для віншавання і ўзнагароджання было дадзена старшыні райвыканкама Юрыю Васільевічу Дзядзюку. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў, што недарэмна 2016-ы год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры, і таму ўдвая прыемна, што сваё прафесійнае абласное свята работнікі гэтай сферы сустракаюць на Драгічыншчыне – у гэтым самабытным і гасцінным куточку Палесся.

Менавіта культура надае кожнаму народу ўнікальнасць і непаўторнасць, вырашае задачы захавання духоўных і маральных каштоўнасцей. І цяпер яна актыўна развіваецца, атрымліваючы самае шырокае прызнанне… Вось і ў нашым раёне многія аб’екты гэтай сферы дзейнасці сталі цэнтрамі духоўнага і эстэтычнага выхавання. Работнікаў сферы культуры вылучае тое, што яны працуюць не толькі ў будні, але і ў святы, і ў многім дзякуючы іх энтузіязму і намаганням у раёне надзейна прапісаліся такія значныя мерапрыемствы, як міжнародны конкурс юных піяністаў і баяністаў “Палескі агеньчык”, рэгіянальны фестываль праваслаўных песнапенняў “ Спявайце Богу нашаму!…”, абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”. Заслужанае прызнанне і шчырую ўдзячнасць гледачоў знаходзяць такія калектывы, як “Зараначка” і “Прыгажосць” з Драгічына, “Сваякі”з Бездзежа, “Вясёлыя суседзі” з Антопаля і Галоўчыц, “Ліпачка” з Ліпнік, “Папінскія музыкі” і іншыя.

“Сфера не можа дынамічна развівацца без сапраўдных энтузіястаў сваёй справы”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама, і ў ліку лепшых устаноў культуры Ю.В.Дзядзюк назваў Драгічынскі, Антопальскі, Папінскі, Закозельскі, Вулька-Радавецкі Дамы культуры, якія адпаведна ўзначальваюць Таццяна Іванаўна Ільютка, Ірына Уладзіміраўна Гупалік, Ірына Паўлаўна Багдановіч, Іна Мікалаеўна Маркоўская, Іна Іосіфаўна Сліўко. У гэтай сферы дзейнасці працуюць многія таленавітыя людзі, чые жыццёвыя перакананні знайшлі адлюстраванне ў творчасці. У ліку такіх – Валерый Барысавіч Чарнышоў, Аляксандр Аляксандравіч Вакула, Аляксандр Іванавіч Каташук, Алена Мікалаеўна Стэльмашук і іншыя майстры мастацтваў.

У сваім віншавальным звароце Юрый Васільевіч адзначыў неацэнную інфармацыйную, духоўна-асветніцкую, выхаваўчую ролю бібліятэк, музеяў, дзіцячых школ мастацтваў, іншых устаноў культуры і ўручыў лепшым прадстаўнікам гэтай сферы дзейнасці Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама.

Жаданым госцем мерапрыемства ў Драгічыне стаў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Мечыслававіч Чэрнік. Ён перадаў прысутным віншаванне ад міністра культуры Барыса Уладзіміравіча Святлова, падзякаваў прадстаўнікоў гэтай прафесіі за адданасць сваёй справе, якую за невялікія грошы ім прыходзіцца выконваць і ў будні, і ў святы. Далей Васіль Мечыслававіч адзначыў узнагародамі лепшых работнікаў культуры Брэстчыны. Але з асаблівай радасцю зала ўспрыняла паведамленне аб тым, што нагрудны знак “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” ўручаецца начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Леаніду Сцяпанавічу Куроўскаму. Шчырымі апладысментамі зала аддзячыла і Леаніду Міхайлавічу Несцерчуку з Брэста, які, прымаючы ўзнагароду за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, прачытаў верш аднаго са сваіх сучаснікаў:

“Як мову матчыну трывала,

Як беларускую зямлю,

Якая б доля не спаткала

Шануйма спадчыну сваю!..”

Прыемную місію ўшанавання прадоўжылі намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Сяргей Барысавіч Панасюк і старшыня абласнога прафсаюза работнікаў культуры Галіна Уладзіміраўна Крынец. У шэрагу іншых прызнаных майстроў сцэны была названа і кіраўнік аркестра народных інструментаў Драгічынскай дзіцячай школы мастацтваў Іна Канстанцінаўна Падлужная.

“Факт застаецца фактам: наша культура – ці не самы канкурэнтаздольны тавар на міжнародным рынку. Куды б ні паехалі з канцэртамі лепшыя самадзейныя калектывы Брэстчыны – яны ўсюды знаходзяць прызнанне і вяртаюцца з узнагародамі”, – зазначыла ў сваім звароце да калег Галіна Уладзіміраўна Крынец.

Віншаванні і ўзнагароджанні чаргаваліся з канцэртнымі нумарамі. У праграме абласнога святкавання Дня работнікаў культуры ў Драгічыне выступілі Ала Каленік, Аляксандр Карыціч, Таццяна Субоцька, Мікалай Ільютка, Самвэл Асеян, Ніна Пацеюк, народны аркестр народных інструментаў “Роднасць” пад кіраўніцтвам Іны Канстанцінаўны Падлужнай, творчыя калектывы “Вясёлыя суседзі”,“Сваякі”, “Зараначка”, “Прыгажосць”, вакальны ансамбль Закозельскага СДК, мужчынскі ансамбль Хомскага сельскага Дома культуры і іншыя самадзейныя артысты. А завяршыла святочную канцэртную праграму гумарыстычная пастаноўка творчай групы “Драгічынскае смехаўё”, якая стала пераможцай на абласным фестывалі “Спораўскія жарты” і прывезла значную колькасць узнагарод з аналагічнага рэспубліканскага “Аўцюкі-2016”.

Адметна і тое, як шчыра і заўзята падтрымлівалі ўдзячныя гледачы сваіх калег: пасля кожнага канцэртнага нумара ў зале гучалі не проста апладысменты, а авацыі і дружныя крыкі “брава!”

Так што сваё прафесійнае свята работнікі культуры адзначылі загадзя і на славу, бо заўтра, у нядзелю, калі на календары выпадае іх дзень, яны будуць заняты работай. Прынамсі, мясцовыя самадзейныя артысты зноў выйдуць у народ, каб павесяліць і парадаваць наведвальнікаў восеньскага кірмашу.

Намеснік міністра культуры Васіль Мечыслававіч Чэрнік узнагароджвае начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Леаніда Сцяпанавіча Куроўскага
Намеснік міністра культуры Васіль Мечыслававіч Чэрнік узнагароджвае начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Леаніда Сцяпанавіча Куроўскага
Старшыня райвыканкама Юрый Васільевіч Дзядзюк уручае Ганаровую грамату мастаку-афарміцелю Вользе Іванаўне Краўчук
Старшыня райвыканкама Юрый Васільевіч Дзядзюк уручае Ганаровую грамату мастаку-афарміцелю Вользе Іванаўне Краўчук
Фальклорны калектыў “Вясёлыя суседзі”
Фальклорны калектыў “Вясёлыя суседзі”
Юныя нашчадкі фальклорнай спадчыны Драгічыншчыны
Юныя нашчадкі фальклорнай спадчыны Драгічыншчыны
Майстар-клас па ткацтву паясоў дае Галіна Міхайлаўна Сцепанюк
Майстар-клас па ткацтву паясоў дае Галіна Міхайлаўна Сцепанюк

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Отбор кандидатов на службу

Дрогичинский районный отдел Следственного комитета Республики Беларусь осуществляет отбор...

ГАИ уделит особое внимание соблюдению ПДД мотоциклистами, велосипедистами и пешеходами на СПМ

В Беларуси 29 марта проходит единый день безопасности дорожного...

Сегодня в районе продолжаются комплексные учения

Будут отработаны вопросы организации оповещения населения с запуском электросирен. Обращаем...

Как защитить интересы молодого специалиста, улучшить коллективный договор, получить социальный отпуск…

Разноплановые темы и вопросы, связанные с защитой трудовых, социально-экономических...