Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі, адбылося ў Драгічыне 15 сакавіка. Даніну павагі Асноўнаму Закону краіны ваказалі прадстаўнікі органаў кіравання, працоўных калектываў, грамадскасці, моладзь.
Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Карповіч.
“Наш гістарычны выбар – незалежная і квітнеючая Беларусь. Наш абавязак – шанаваць і захоўваць закладзеныя ў Канстытуцыі агульнанацыянальныя каштоўнасці, будаваць на іх аснове стабільную, прававую, дэмакратычную дзяржаву. Паслядоўнае ажыццяўленне канстытуцыйных палажэнняў забяспечыць адзінства беларускага народа.
Для нас, беларусаў, галоўнай каштоўнасцю заўсёды выступаў і выступае мір. У той час як многія краіны блізкага і далёкага замежжа ўцягваюцца ў ваенны канфлікт, мы прыкладаем усе магчымыя намаганні для захавання спакою і гарантавання нацыянальнай бяспекі.
Усе мы хочам бачыць сваю краіну моцнай і незалежнай. Дасягненне гэтай мэты залежыць ад кожнага з нас, ад нашага шчырага імкнення прымяніць свае веды, сілы і магчымасці для рэалізацыі норм і прынцыпаў Канстытуцыі.
Жыхары нашага раёна сваёй крапатлівай працай умацоўваюць суверэнітэт і цэласнасць дзяржавы, сваімі дасягненнямі і перамогамі ва ўсіх сферах уносяць вялікі ўклад у развіццё Драгічынскага краю. Са словамі падзякі я звяртаюся да кіраўніцтва і працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў, рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў, нашых ветэранаў і, вядома ж, моладзі”, – адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпусу.
Прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і лістамі падзякі.
Менавіта маладому пакаленню была прысвечана вялікая частка мерапрыемства. На святочнай сцэне прайшла традыцыйная цырымонія ўручэння пашпартоў. Свой першы і галоўны дакумент юнакі і дзяўчаты атрымалі з рук ветэрана працы, ганаровага грамадзяніна раёна Мікалая Васільевіча Ігнатчыка.
Не менш хвалюючым быў гэты дзень і для тых, хто папоўніў рады маладзёжнай арганізацыі. Білеты членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўручыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Зіновіч.
Маладыя грамадзяне падзяліліся ўражаннямі ад свята.
Ілля Кучынскі, вучань 8 класа гімназіі:
– Дзень Канстытуцыі – адно з галоўных дзяржаўных свят, а сёння гэтае свята для мяне стала яшчэ і асабістым, важным днём у маім жыцці, бо я атрымаў пашпарт. Для мяне гэта вялікі гонар, бо я стаў паўнапраўным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. У мяне з’явіліся не толькі правы, але і абавязкі, за якія я буду несці адказнасць перад сваёй
Радзімай, бацькамі, самім сабой.
Аляксандра Бандарук, васьмікласніца СШ № 2:
– Дзень Канстытуцыі – адно з важных святаў Беларусі, бо Канстытуцыя – гэта збор законаў, па якім жыве наша грамадства і рэалізоўвае свае правы і абавязкі. З уручэннем пашпарта ўсведамляю сябе дарослым, паўнапраўным чалавекам, на якога ўскладаецца ў першую чаргу адказнасць у захаванні законаў і Канстытуцыі нашай краіны.
Генадзь Дзеюн.
Фота Максіма Родзька.