ВАНЬКА-ЎСТАНЬКА

Гэты цікавы хлопчык жыве ў адным доме са мной, толькі ў другім пад’ездзе, — з мамай, малодшым братам і айчымам. Ён вельмі адрозніваецца ад сваіх сяброў, якія любяць пасядзець на лаўцы ў двары, пазабаўляцца з сотавымі тэлефонамі і пагуляць у карты. У той самы час Ванька каля хлява штосьці пілуе, збівае, рамантуе веласіпед альбо выбівае дыван. Адным словам, дапамагае маці.
Мы з ім адразу пасябравалі. Уладкаваўшыся на працу ў школу мастацтваў, а яна знаходзіцца побач з нашым домам, я за-пісаў хлопчыка да сябе ў групу па класу трубы. Ваня Паўлаў быў маім лепшым вучнем. Мы ўсё часцей і часцей схіляліся да думкі, што яму трэба паступаць вучыцца ў музычны каледж. Але прайшло два гады, і Ванькіна матуля вырашыла, што хлопчыку трэба паступаць у Мінскае сувораўскае вучылішча. Так ён стаў сувораўцам.
Толькі прыехаў з Мінска на канікулы, а ўжо тэлефануе: “Дзядзька Коля! Калі на паляванне?”. Нават падчас вучобы ў музычнай школе Ваня мяне, свайго настаўніка, інакш як “дзядзька Коля” не называў. Напэўна, таму, што прывык з маленства так звяртацца ў двары.
У пяць гадзін раніцы, калі яго равеснікі яшчэ салодка спяць, Ванька ўжо ў двары з вудамі, гатовы ісці на рыбалку. Улетку ў яго на балконе заўсёды сушацца карасі.
…Заўтра адкрыццё палявання на качку. У нас з Ванькам усё падрыхтавана: сабраны рукзакі, паляўнічае адзенне, ежа, патроны, пачышчана і змазана стрэльба. Пасля абеду на аўтамабілі едзем на Ясельду. І вось мы ўжо ў паляўнічай хатцы. Раскладваем рэчы. Адкуль іх столькі набралася?!.
Імкліва бяжыць час. Гатуем вячэру, і, седзячы за застаўленым рознымі хатнімі яствамі сталом, успамінаем леташняе адкрыццё палявання. Слухаем паляўнічыя байкі, кормім камароў, я іграю на паляўнічым горне. Усё, як звычайна. Так было і тры, і пяць гадоў таму. Настрой, вядома ж, прыўзняты. Спаць кладземся апоўначы. Я не хвалююся, што можам праспаць: у мяне ж ёсць Ванька-ўстанька. Ён праспаць не дасць ніколі.
Так і на гэты раз. Будзіць мяне мой юны сябра. Граю на горне сігнал “Пад’ём”. Праз паўгадзіны мы плывем на лодцы па картах побач з Ясельдай. Ваня грабе спераду, я – ззаду. Выбіраем месца ў чароце, маскіруемся. Набліжаецца золак, але яшчэ цёмна. Чуем, як хлопаюць па вадзе і пакракваюць качкі. На душы ў мяне неспакойна. Сёння з Італіі вяртаецца мая дзевяцігадовая ўнучка. Самалёт павінен прызямліцца ў Мінскім аэрапорце ў першай палове дня. І я думкамі разам са сваёй крывінушкай Янкай там, у самалёце. Малю Бога, каб усё было добра.
І вось адна з качак сядае на ваду. “Завісла”, быццам у ціры. Тут ужо аніяк нельга прамахнуцца. Падплываем да нашага першага трафея. Узрушаны Ванька, дастаўшы качку з вады, выгукае: “Дзядзька Коля! Жалеза нейкае на лапе!” Уважліва разглядваем кальцо, і вось сюрпрыз – качка акальцавана ў Італіі.
А праз некалькі гадзін з Італіі прыляцела і мая ўнучка. Так у адзін дзень я атрымаў з гэтай далёкай краіны два падарункі. На душы стала так лёгка! Удалым атрымалася ад-крыццё паляўнічага сезона. Штосьці каля дзесяці качак упалявалі мы тады з Ванем, так што на абед была духмяная шурпа з качыным мясам. Астатнюю здабычу абскублі, абсмалілі і паклалі ў халадзільнік.
Так, за жнівень мы з Ванем не прапусцілі ніводнага палявання, аж пакуль не паехаў мой сябра і памочнік у сталіцу вучыцца. Але ж праз два месяцы ў тэлефоннай трубцы зноў загучала знаёмае: “Дзядзька Коля! Калі на паляванне?”
Світанак. Неба нетаропка вызваляецца ад начной цемры. Выглядваю ў акно: каля машыны бачу постаць сувораўца. Ну, сапраўдны Ванька-ўстанька. Былі выпадкі, калі я, дарослы чалавек, прасыпаў. Прачынаўся ад таго, што нехта скробся ў дзверы маёй кватэры. Гэта Ванька мяне так будзіў…
За час нашага сяброўства Ванька навучыўся арыентавацца на мясцовасці, пазнаёміўся з біялогіяй звяроў і птушак, добра вывучыў іх павадкі. І вось што дзіўна: ён ніколі не страляў. Катэгарычна адмаўляўся, калі я прапаноўваў яму стрэліць.
Перад ад’ездам Ванькі ў Сувораўскае вучылішча, мы разам з ім склалі своеасаблівую праграму дзенняў. Па-першае, хлопчык павінен быў строга прытрымлівацца дысцыпліны, па-другое, добра вучыцца, па-трэцяе – абавязкова займацца стральбой і барацьбой, чацвёртае – іграць у духавым аркестры, каб потым стаць добрым паляўнічым-сігналістам.
Але ж як ні дзіўна, духавога аркестра ў вучылішчы не аказалася, страляць і бароцца выхаванцаў таксама не вучылі. Фізічная падрыхтоўка абмяжоўвалася бегам і гімнастыкай.
На гэтае лета ў нас з Ванем дамова: трэба навучыцца граць на паляўнічым ражку. У свой час хлопчык добра ўпраўляўся з трубой. Спадзяюся, мы здзейснім нашу мару.
Я вельмі хачу, каб Ванька стаў сапраўдным паляўнічым. Трымаўся этыкі і традыцый палявання, абараняў прыроду ад браканьераў, быў яе верным сябрам і памочнікам.
Мікалай ШАЎЧУК
(Дзед Бекас),
г.Драгічын.