spot_img

ВОГНЕННЫМІ ДАРОГАМІ ВАЙНЫ

Дата:

Сёння нам хочацца расказаць пра Ю.М.Самаркіна, былога партызанскага камандзіра атрада імя Калініна, першага пасляваеннага старшыню Драгічынскага райвыканкама. За ратныя подзвігі Юрый Мікалаевіч быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны 1-й ступені, некаторымі медалямі.

У час вайны, як сцвярджалі сведкі, гэта быў невысокага росту, з адкрытым тварам малады мужчына. Яго русыя валасы надзвычай дзіўна гарманіравалі з блакітнымі вачамі, у якіх вельмі часта ўспыхвала ўсмешка з хітрынкай. Вясёлы, амаль заўсёды безжурботны, ён звычайна гаварыў скорагаворкай, умела выкарыстоўваючы прымаўкі і прыказкі, шмат чаго бачыў і многае перажыў, спазнаў гора, як кажуць, прайшоў агонь, ваду і медныя трубы.

У першыя дні вайны ў цяжкім баі з ворагам Ю.М.Самаркін быў цяжка паранены. У непрытомнасці яго падабралі гітлераўцы і адправілі ў лагер для ваеннапалонных. Аднак у ім ён знаходзіўся толькі 5 дзён, пасля чаго ўдала ўцёк. Дарэчы, гэта было на тэрыторыі Польшчы. Там, у верасні 1941 года, Юрый Мікалаевіч і арганізаваў партызанскі атрад, які ў хуткім часе налічваў у сваіх радах 70 чалавек. Прайшоў з імі вялікі і складаны шлях. Ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пад Львовам, у Карпатах, Чэхаславакіі. Аднак у цяжкіх, няроўных баях атрад быў разбіты. Партызаны, якія ўцалелі, паасобку прабіраліся на Радзіму.
— 1 жніўня 1942 года Юрый Самаркін упершыню трапіў у наш атрад, — у свой час расказваў былы камандзір партызанскага атрада імя Шыша М.М.Папоў. – У той час мы знаходзіліся на тэрыторыі Лунінецкага раёна. Вось тады і адбылося наша першае знаёмства, завязалася дружба, якой было наканавана працягвацца многія гады.
Адлік баявых дзеянняў у атрадзе імя Шыша Самаркін пачаў, як кажуць, з нуля. Яго прызначылі радавым ва  ўзвод разведкі на выпрабаванне і “абкатку”. Прабыў тут усяго тры месяцы. Аднак і за гэты нядоўгі час паказаў камандаванню, радавым байцам глыбокія веды ваеннай справы, тактыку і стратэгію вядзення партызанскай барацьбы з ворагам.
Галоўнае ж, што сябры па зброі ў ім бачылі, гэта глыбіню мыслення, хуткасць арыентавання і правільнасць прымаемых рашэнняў у самых складаных сітуацыях, кемлівасць, бязмежную смеласць і адвагу, мужнасць і стойкасць. Усё гэта дапамагала яму хутка расці па службе.
З 1 лістапада 1942 года Самаркін – камандзір узвода разведкі, з 15 лістапада – камандзір роты, а яшчэ праз паўгода – намеснік камандзіра атрада. А 31 ліпеня 1943 года пры раздзяленні атрада імя Шыша ён становіцца камандзірам новага партызанскага атрада імя Калініна.
…Шумяць векавыя сосны. Сонца хіліцца да захаду, яго промні прабіваюцца праз рэдкія вершаліны дрэў і асвятляюць невялікую паляну. На ёй – строй партызан. Перад імі прыземісты, шыракаплечы, з абветраным тварам камандзір гаворыць гучна і зразумела – паўтарэння не трэба. Кожнае слова Юрыя Самаркіна, рашучы ўзмах правай рукі, на якой не хапала двух пальцаў, — гэта рашучасць і ўпэўненасць у намечанай аперацыі.
На досвітку партызаны зрабілі засаду па дарозе Леніна-Цімашэвічы. Неўзабаве вецер данёс гул матораў. “Падпусцім як можна бліжэй, а біць будзем толькі па цэлях”, — гаворыць Ю.Самаркін і бачыць, як моцна сціскаюць у руках зброю партызаны, пільна ўглядаючыся ў дарогу.
Скарацечны раптоўны бой. Гарыць аўтамашына, другая… 16 салдат і 2 нямецкія афіцэры былі знішчаны ў час гэтай аперацыі. Атрад значна папоўніў свае запасы зброяй і боепрыпасамі, а галоўнае – не страціў ніводнага чалавека.
Самаркін вельмі добра ведаў людзей. Аднолькава ўважліва адносіўся да камандзіраў усіх рангаў і радавых партызан. Ён умеў строга індывідуальна падысці да чалавека, дарэчы, неяк па-асабліваму цёпла, проста і шчыра пагутарыць, выслухаць кожнага, даць патрэбную і своечасовую параду, тактоўна ўказаць на памылкі ці ўпушчэнні, а таксама няправільныя дзеянні начальніка ці падначаленага.
А яшчэ Юрый Мікалаевіч любіў жарты. Яго бадзёрасць, няўрымслівасць, перадаваліся і лясным байцам. Аднак у любой складанай абстаноўцы ён заставаўся надзвычай спакойным  ураўнаважаным, хутка прымаў неабходныя рашэнні.
Добра і ўмела Ю.М.Самаркін ваяваў. У атрадзе яго паважалі за адкрыты вясёлы характар, за здольнасць хутка выконваць адказныя і небяспечныя загады вышэйшага начальства. Ён пастаянна знаходзіўся ў самай гушчыні бою, самае цяжкае браў на сябе. Ён не выдаваў загадаў падначаленым з каманднага ўмацаванага пункта.  Яго “стаўка” знаходзілася там, дзе быў ён сам: у акопе, у наступальным ланцугу партызан, у засадзе, калі тэрмінова патрэбен быў “язык”.
Можна шмат прыкладаў прывесці аб мужнасці і смеласці Самаркіна. Так, на станцыі Люшча ён агнём аўтамата знішчыў сем патрулёў, забраў кулямёт і шэсць вінтовак. У баі пад пасёлкам Леніна ва ўпор застрэліў трох фашыстаў, але быў паранены і сам. Удзельнічаў у разгроме васемнаццаці гарнізонаў праціўніка і звыш двух дзесяткаў паліцэйскіх участкаў. Пры яго непасрэдным удзеле народныя мсціўцы пусцілі пад адхон 14 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага.
У 40-дзённай абароне Дняпроўска-Бугскага канала Ю.М.Самаркін умела кіраваў боем, у якім яго атрад знішчыў 270 гітлераўцаў. Тут ён быў зноў паранены, але поле бою не пакінуў.
Любоў яго да свайго народа, Радзімы, як кажуць, была бязмежнай. З нянавісцю ён адносіўся да захопнікаў, якія сеялі смерць і разбурэнне на нашай зямлі. Фашысты пра такіх, як Самаркін, гаварылі: “Гэтыя дзікуны фактычна выкінулі за борт усе правілы вядзення вайны. Яны ваююць удзень і ўначы, у дождж і ў снег, паяўляюцца там, дзе іх ніхто не чакае. Страляюць да апошняга патрона не толькі здаровыя, але і параненыя. Са звязкамі гранат з крыкамі “Ура!” кідаюцца пад танкі. Перавагу аддаюць смерці перад палонам”.
Пасля вайны Ю.М. Самаркін некаторы час працаваў старшынёй Драгічынскага райвыканкама, пазней – на ніве народнай асветы ў Столінскім раёне. Аднак ён часта прыязджаў на Драгічыншчыну, дзе сустракаўся з баявымі сябрамі. Разам яны ўспаміналі былыя рэйды і паходы, агні партызанскіх кастроў.
На жаль, у жніўні 1961 года Юрыя Мікалаевіча Самаркіна не стала. Цяжкія раны, кантузіі ваеннага ліхалецца зрабілі сваю чорную справу.
Заўчасна, усяго толькі на 47-м годзе адышоў ён з жыцця. Родныя і баявыя сябры пахавалі яго на гарадскіх могілках у Баранавічах.
Аляксей ФЁДАРАЎ.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Соцопрос: абсолютное большинство белорусов доверяют Президенту Республики Беларусь

Абсолютное большинство белорусов доверяют Президенту Республики Беларусь. Такие данные...

Беларусь официально стала партнером БРИКС

Президент Беларуси Александр Лукашенко 5 ноября подписал письмо в...

“Приятно видеть на сцене и земляков, и звезд эстрады”. Чем запомнился концерт “Время выбрало нас” в Пинске

Масштабный концерт "Время выбрало нас" стал ярким и запоминающимся...

Пархомчик на Марафоне единства”: перед Брестской областью стоят задачи хорошо сработать в 2025 году

Перед Брестской областью стоят задачи хорошо сработать в 2025...