Двума дыпломамі I ступені – у намінацыі “Лепшая гумарыстычная праграма” і “Глядацкія сімпатыі” – узнагароджана творчая дэлегацыя Драгічынскага раёна за ўдзел у абласным свяце народнага гумару “Спораўскія жарты”. Гэта азначае, што шчырыя жарты, весялосць, высокі мастацкі ўзровень рэпертуару і выканальніцкага майстэрства нашых землякоў прыйшліся да густу як прафесійнаму журы, так і звычайнаму люду.
–Тое, што ацэнка журы, узначальваў якое дырэктар Палескага драматычнага тэатра г. Пінска Аляксандр Мікалаевіч Лукашэнка і ў склад якога ўваходзіў намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Яўген Якаўлевіч Тарасюк, супала з меркаваннем гледачоў, асабліва для нас важна і прыемна, – адзначае рэжысёр гарадскога Дома культуры и выканаўца адной з галоўных роляў Лэйла Гарадзэ. – Публіка прымала нас надзвычай горача. І хаця ў нядзелю панавала невыносная спякота, людзі цярпліва чакалі нашага выступлення напрыканцы гала-канцэрта. Яны ад душы насмяяліся, а значыць, – хоць крышачку прадоўжылі сабе жыццё!..
Абласное свята народнага гумару “Спораўскія жарты” праводзіцца адзін раз у тры гады. У мінулую суботу на конкурснай сцэне “сышліся” 18 творчых дэлегацый з 17 раёнаў Брэстчыны, каб не на жарт пасапернічаць за прызавыя месцы. Драгічыншчына ўжо даўно атрымала пастаянную “прапіску” на ўяўным п’едэстале пашаны “Спораўскіх жартаў”: нашы артысты традыцыйна калі не пераможцы на гэтым свяце народнага гумару, дык “сярэбраныя” прызёры.
Даведаўшыся, што гумарыстычная конкурсная праграмма павінна адлюстроўваць узаемаадносіны суседзяў, драгічынскія культработнікі вырашылі паставіць вяселле ў вясковым стылі. З нагоды ўступлення маладых у шлюб збіраюцца разам не толькі суседзі, але, лічы, уся вёска. Тут табе і песні, і танцы, і анекдоты, і плёткі, і бойка.
– Вельмі каларытнымі атрымаліся вобразы маладых у выкананні Алены Стэльмашук і Аляксандра Мельянца, – распавядае рэжысёр Лэйла Гарадзэ. Хаця, вядома ж, немагчыма перадаць словамі тое, што трэба бачыць вачамі і ўспрымаць душой. – Усяго ж у нашым вяселлі было задзей нічана больш за дзесяць чалавек: Аляксандр Грэчка, Алег Свечнікаў, Кацярына Зіновіч, Аляксандр Цунік, Алег Чурыла, Цімафей Клімчук, Валянціна Біч, Сяргей Біч, Аляксандр Логаш, Галіна Квачук. Цудоўныя касцюмы нам падрыхтавала касцюмер Валянціна Маладая, добра папрацаваў і гукарэжысёр Раман Савіцкі. Адметна, што ў нашу “творчую дэлегацыю” ўваходзілі не толькі работнікі культуры, але і педагогі. У такой справе галоўнае не прафесійная прыналежнасць, а талент, настрой, шчырасць, адкрытасць. Атрымалася каманда, у якой адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Праграму рыхтавалі дружна, весела. Напэўна, таму і перамаглі!..
Два дні наваколле Спорава сатрасаў дружны рогат гледачоў. Два дні на святочнай сцэне панавалі дасціпны народны гумар, непаўторныя народныя жарты. На сцэне правялі драгічынскія артысты і суботні вечар. Але ж не ў Спорава, а ў вёсцы Міжлессе Бярозаўскага раёна, куды яны былі запрошаны з канцэртам.
– Нас папрасілі паспяваць, пачытаць гумарыстычныя мініяцюры. Чаму б і не? Нам заўсёды ў радасць стварыць людзям добры настрой, – прызнаецца Лэйла Гарадзэ.
Да дыпломаў дэлегацыя-пераможца абласнога свята гумару атрымала падарункі на доўгую памяць: прас і насценны гадзіннік з лагатыпам “Спораўскіх жартаў”.
Ніна ТКАЧУК