spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Выгадавалі і вывелі ў людзі 13 дзяцей…

Дата:

У цяперашні час увекавечаны многія асобы, падзеі і з’явы, што былі прызнаны нацыянальным гонарам і дасягненнем. Аднак нідзе і нікім на сур’ёзным узроўні пакуль не абмяркоўвалася пытанне аб тым, каб паставіць помнік простай шматдзетнай сям’і, якая сваёй самаахвярнасцю, сваім паўсядзённым і непрыкметным гераізмам забяспечвае дэмаграфічную бяспеку народа, яго будучыню. І дастойным правобразам такой скульптурнай кампазіцыі маглі б стаць 84-гадовы Васіль Іванавіч Церашчук і яго 80-гадовая “палавінка” Анастасія Мікалаеўна з вёскі Залессе Радастаўскага сельсавета, якія ўжо больш за 65 гадоў пражылі разам і выгадавалі, вывелі ў людзі 13 дзяцей…

Мінуўшы Зубраўскі канал, у Сварыні мы паварочваем направа і, кіруючыся міма балотнай пусткі з чэзлай расліннасцю, выязджаем да лесу. За ім прытаілася ціхая ўтульная вёсачка, якая паўтарае лёс многіх аддаленых населеных пунктаў, дзе пачаргова былі закрыты школка, магазін, іншыя сацыяльныя аб’екты і дзе пастаянныя зносіны з тутэйшымі насельнікамі цяпер падтрымлівае хіба што аўталаўка ды мотадастаўка пошты. Старшыня Радастаўскага сельсавета Алёна Сцяпанаўна Сухарэвіч вядзе нас у невялікую хатку, двор якой запоўнены яркімі, ружова-аранжавымі гарбузамі.

– Нашто столькі садзім? – перапытвае нас пажылы вясковец. І тут жа паясняе: – Жыўнасць яшчэ трымаем: каня, падсвінка, птушку. Бо калі б не трэба было паднімацца, каб дагледзець гаспадарку, калі б не рухаліся штодня і не працавалі, то, можа, і не затрымаліся б на гэтым свеце. А так – яшчэ варушымся, – аптымістычна дабаўляе В.І.Церашчук.

Гэтак жа весела і з гумарам ён прыгадвае і тыя далёкія гады, калі пачыналіся і разгараліся іх з Анастасіяй Мікалаеўнай юначыя пачуцці і ўзаемаадносіны. Сам па сабе час быў вельмі нялёгкі, бо ў перыяд вайны акупанты выгналі жыхароў Залесся са сваіх хат, і людзі жылі, дзе каму выпадала: у родзічаў у бліжэйшых населеных пунктах, у лясных зямлянках. Пасля вызвалення вярнуліся ў разбураную вёску: сям’я Васіля Іванавіча – у свой уцалелы дом, а іх суседзі вымушаны былі ладкаваць зямлянку з адным-адзіным акенцам, праз якое паступала святло. Тады Васіль і пачаў заглядацца на юную прыгажуню Насцечку. Так і наравіў у тое падслепаватае акенца зазірнуць ды дзяўчыну аклікнуць…

А бацька хлопца паглядзеў на тыя юначыя заляцанні дый кажа: “Годзе ўжо бегаць па чужым двары. Калі падабаецца дзяўчына – бяры ды жаніся”.

Запыталіся ў Насці, ці пойдзе яна за Васіля замуж. Дзяўчына адказала згодай.

– А ці ж кахалі вы хлопца? – пытаем у Анастасіі Мікалаеўны.

– А што я разумела пра тое каханне, калі мне ўсяго 14 гадоў было? – расказвае жанчына, якая цярпліва і дастойна пранесла свой лёс праз усё жыццё…

У 1950-м годзе маладыя абвянчаліся. Каб уступіць у шлюб, нявесце “дакуплялі” гады, афармляючы неабходныя дакументы, што ў той пасляваенны час было вырашальнай праблемай.

Але некаторы час, як прызнаюцца мае суразмоўнікі,  яны жылі як брат з сястрою. Васіль ведаў, што неўзабаве яго прызавуць на службу ў армію, і спяшаўся зладкаваць хоць невялічкую, але сваю хацінку. “Думалася, што калі я раптам загіну, то ў яе хаця б свой вугал застанецца”, – прыгадвае тыя даўнішнія клопаты і перажыванні В.І.Церашчук.

На той час юнаку ўсяго 18 гадоў споўнілася, але менавіта ў такіх учынках праявіўся сапраўдны клопат і сталая адказнасць чалавека за сям’ю. Не на словах – на справе.

А вярнуўся вясковец са службы – і жыццё закруцілася. Адзін за адным у сям’і Церашчукоў пайшлі дзеці: у 1955-м нарадзіўся Коля, у 57-м – Вася, у 59-м – Міша, у 61-м – Вера, у 64-м – Саша, у 66-м – Слава, у 67-м – Іван, у 69-м – Марыя, у 71-м – Павел, у 73-м – Ліда, у 76-м – Ала, у 79-м – Толя, а ў 83-м знайшлася яшчэ і Наташа. І гэты выпадак унікальны нават для тутэйшых мясцін, якія спрадвеку славіліся вялікімі шматдзетнымі сем’ямі.

Як гадаваліся і выхоўваліся сыны і дочкі Церашчукоў? Як зарабляліся сродкі на іх утрыманне?

Трынаццаць дзяцей выгадавалі і вывелі ў людзі Васіль Іванавіч і Анастасія Мікалаеўна Церашчукі з Залесся
Трынаццаць дзяцей выгадавалі і вывелі ў людзі Васіль Іванавіч і Анастасія Мікалаеўна Церашчукі з Залесся

– Вядома ж, нялёгка прыходзілася: па 3 каровы з цялятамі трымалі, па 2 кабаны ў сезон свежавалі. Бычкоў гадавалі і здавалі, каб апрануць дзяцей. Раскошы, вядома ж, не было, але і галоднымі нашы дзеці не хадзілі: адзін чыгунок з гарачай ежай на стол выстаўляўся, а другі гэтым часам у печы даварваўся, – расказвае Анастасія Мікалаеўна. А любімым ласункам у шматдзетнай вясковай сям’і былі “коржыкі” – так гаспадыня называе бульбяныя дранікі.

Матуля часцей шкадавала і песціла дзяцей, а вось гаспадар ужо больш іх у строгасці і дысцыпліне трымаў, змалку да работы прывучаючы. Летам Васіль Іванавіч з сынамі адпраўляўся на касавіцу. Іншым разам і заначаваць на сенажаці прыходзілася, бо трэба было не толькі на свой хатні статак корму нарыхтаваць, але яшчэ і ў калгас сваю норму выканаць. За сезон больш за 10 тон сена ўручную касілі і стагавалі. “А цяпер калгас з усім гэтым дапамагае,  а кароў маладыя ніяк трымаць не хочуць”, – заўважае пажылы вясковец, які да гэтай пары, наколькі дазваляюць сілы, удзельнічае ў грамадскім жыцці, выконваючы абавязкі старасты вёскі Залессе.

З лёгкім сумам прыгадваюць шматдзетныя бацькі і той час, калі іх пасталелыя сынкі і дочкі пакідалі родны дом. Расказваюць, як перажывала Анастасія Мікалаеўна, калі даведалася, што іх першынец, Мікалай, пасля тэрміновай службы ў пагранічных войсках КДБ СССР дадому не вернецца: вытрымаўшы велізарны конкурсны адбор, хлопец з Залесся паступіў на факультэт ваеннай журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, а пазней закончыў яшчэ і рэдактарскае аддзяленне Ваенна-палітычнай акадэміі. Служыў ваенным карэспандэнтам, начальнікам аддзела ў газетах Ваенна-марскога флоту Расійскай Федэрацыі, у іншых выданнях, працаваў у цэнтральным апараце Міністэрства абароны, Савеце Бяспекі РФ, напісаў і выдаў шэраг кніг, адзначаных шматлікімі літаратурнымі прэміямі.

У 2010 годзе ён быў уключаны ў энцыклапедыю “Людзі нашага тысячагоддзя”, узнагароджаны медалём “Чалавек тысячагоддзя”. І ў сталіцы суседняй дзяржавы, на тэрыторыі парка імя 850-годдзя Масквы,  устаноўлена імянная пліта з надпісам: “У гонар грамадзяніна Расіі, патрыёта, міратворца Церашчука Мікалая Васільевіча”.

Яшчэ сямёра дзяцей Васіля Іванавіча і Анастасіі Мікалаеўны абуладкаваліся ў Брэсце, астатнія жывуць у Драгічыне, Пінску, Івацэвічах, Брашэвічах і Радаставе.

Па разуменню шматдзетнай маці, “Бог дапамог падняць на ногі” і самую малодшую дачушку Наталлю, якую жанчына нарадзіла, калі ёй было ўжо 47 гадоў. “Неяк прыехала Наташа з дачкою-падлеткам, якая да гэтай пары лічыцца ў сям’і маленькім дзіцём, а я і расказваю ёй пра колішняе цяжкае жыццё, пра сваё ранняе сталенне і замужства, – прыгадвае  Анастасія Мікалаеўна. – А ўнучка, нядоўга думаючы,  і гаворыць: “Калі б мне такі хлопец сустрэўся, як наш дзед, то, можа, і я падумала б пра тое, каб выйсці за яго”…

Жыццё, як пагаджаюцца нашы пажылыя суразмоўнікі, было ўсялякім: горкім і радасным, скрушным і вясёлым. Дапамагала тое, што яны заўжды ўмелі пажартаваць і да гэтай пары не страцілі пачуцця гумару. Згадваючы  раннюю жаніцьбу і весела паглядаючы на сваю “палавінку”, на Анастасію Мікалаеўну, Васіль Іванавіч з непрыхаваным смехам заўважае:“Калі б на сённяшні розум, то я б яшчэ маладзейшую жонку шукаў: каб цяпер яна мяне на печ пагрэцца падсаджвала, а не я – яе”…

Але ж у галоўным, як пагаджаюцца Церашчукі, усё ў іх зладзілася: сыны і дочкі  выраслі, пайшлі ў людзі, і цяпер на кожнай сцяне вясковай хаты вісяць партрэты дзяцей і ўнукаў і іх шматлікія граматы з вайсковых часцей, дзе яны калісьці служылі, з навучальных устаноў, дзе яны набывалі прафесіі… Адны прыязджаюць у Залессе часцей, другія – час ад часу, але ўсім ім хапае месца не толькі ў доме свайго дзяцінства, але і ў шчодрых на любоў і самаахвярнасць бацькоўскіх сэрцах.

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Активисты и общественники Дрогичинщины в рамках республиканского субботника приняли участие в акции «Время помнить»

В данной акции участие приняли Дрогичинская районная организация БРСМ,...

Магазины, рынки, такси, услуги на дому: когда покупателям должны выдавать чек

В соответствии с Налоговым кодексом Республики Беларусь, при реализации...

Вспашка и культивация. Как оказывать услуги, не нарушая законодательство

С наступлением весны растет популярность таких видов деятельности, как...

Дроботы и Сороцни: ищем решение проблем

Середина апреля – на календаре 15‑е число, понедельник. Весна...